“Няўжо наш пастаялец так і не назваў табе сваё імя? Ні разу? І нічога не казаў пра тое, як уцёк з радзімы? Ну хоць нешта? Бранка?”
Але Бранка зноў ня слухала. Глядзела некуды ўбок — і вось ужо за іхны столік падсаджвалася паэтка, якая чытала сёньня ў кнігарні. Тэрэзіюс Скіма з прыкрасьцю падумаў, што так і не запомніў яе імя. Аднак Бранка ўратавала яго:
“Вы ўжо знаёмыя? Гэта Тэрэзіюс Скіма з Бэрліну. А гэта Соф’я Ранэван, ірляндзкая паэтка...”
“Прыемна пазнаёміцца”, — сказаў Тэрэзіюс Скіма, паціскаючы руку маленькай стомленай жанчыны, якая, здаецца, увесь час жыла з заплюшчанымі вачыма. Нібы хацела схавацца за апушчанымі павекамі ў свае сны. Зрэшты, павекі варухнуліся — і такім самым невыразным голасам, якім яна чытала свае тэксты, Соф’я спытала:
“Дык вы немец?”
“Я бэрлінец”, — сказаў Тэрэзіюс Скіма.
“Гэта мае значыць нешта асаблівае? Ваш адказ? — уздыхнула сонная паэтка. — Вы саромеецеся таго, што вы немец?”
“Вядома, я немец, — сказаў Скіма. — Але мой прадзед быў літовец, а прабабка — альбанка. Так бывае. А немец... Ну так, Нямеччына — краіна, дзе мне часам добра. Пэўне, гэта і ёсьць найлепшае вызначэньне для радзімы”.
Соф’я ўсьміхнулася, зь цяжкасьцю падняўшы на яго вочы:
“Пазнаю немцаў. Вы першыя, для каго нацыянальнасьць перастала мець значэньне. Нават амэрыканцам за вамі ня ўгнацца. У маладосьці мае нямецкія прыяцелі, студэнты, казалі мне: у дваццатым стагодзьдзі ніхто і падумаць ня мог, што Нямеччына зробіцца самай прытомнай і талерантнай краінай на кантынэнце. І вось гэта адбылося — а нам усё роўна прыгадваюць Гітлера. Па звычцы. Звычка — страшная хвароба... Мне віна. І чым болей”.
Яны з Бранкай чокнуліся, бо шклянка Скімы стаяла пустая.
“Тое, што вы сёньня чыталі, гэта быў ангельскі пераклад?” — спытаў Тэрэзіюс Скіма асьцярожна, бо яму прыйшла ў галаву думка. Зусім дзіўная думка, якая магла ўсё сапсаваць, а магла і дапамагчы, і таму яе трэба было вельмі асьцярожна трымаць за крылцы.
“Я пішу па-ангельску”, — насьцярожана адказала Соф’я, прыцмокнуўшы ад даўкага віна.
“Вядома, — кіўнуў Скіма. — Як жа інакш?”
“Ну не па-ірляндзку ж”, — сказала Бранка , ікнуўшы. Соф’я засьмяялася:
“Не перабяры, дарагая. Ірляндзкая даўно памерла. Але наколькі я ведаю, ніхто не пісаў на ёй і тады, калі яна яшчэ была жывая...”
“Зразумела, — сказаў Скіма. — Ніхто. Хіба што нейкі вар’ят, які... Пра якога ніхто ня ведаў. Бо ён пісаў для сябе і вельмі вузкага кола. Вельмі вузкага: пара-тройка знаёмых, коцікі, ранішні адбітак у люстэрку і кнігар, які засунуў яго вершы на ніжнюю палічку. Так, ён папісваў, меў кніжачку па-ірляндзку. Якую цягаў з сабою па сьвеце. Ніхто пра яго ня ведаў. Таму што нельга сур’ёзна гаварыць пра тое, чаго няма”.
“На што вы намякаеце?” — Соф’я зрабіла вялікі глыток і паглядзела чамусьці на Бранку. Са Скімам яна асьцерагалася сустракацца вачыма.
“Ха, — выдыхнула Бранка. — Я ведаю, на што ён намякае. Дык раскажы ёй, Скіма. Давай, Тэрэзіюс, гэтая гісторыя можа натхніць Соф’ю на новыя вершы...”
Соф’я закурыла і зноў заплюшчыла вочы. Дым поўзаў па яе твары, шукаючы шчыліны, блытаўся ў вейках, а яна нібы спала — і толькі маленькая рука неспакойна падносіла цыгарэту да амаль нябачных, праваленых вуснаў. Мёртвая паэтка, якая ня піша на мёртвай мове.
Тэрэзіюс Скіма адчуў, як у ім пачынае пульсаваць злосьць. Ну і няхай, падумаў ён, ужо не ўхіляючыся ад дыму, які пачынаў ужо абмацваць і ягоны твар. І ён напаўголасу, абыякавым тонам расказаў ім, чаго шукае і што адбылося зь ім цягам апошніх дзён. Адзінае, што ён затаіў — гісторыю зь мядзьведзіцай Пэтрай.
“Я чую сабакаў”, — сказала раптам Бранка, як толькі ён дагаварыў.
“Сабакаў?”
Яны прыслухаліся.
“Я сёньня ўвесь дзень чую сабачы брэх, — прамовіла Бранка, і ў голасе яе быў кепска схаваны жах. — З раніцы. Ён усё гучнейшы, нібы яны бліжэй і бліжэй, а цяпер я чую іх ужо зусім блізка. На суседняй вуліцы”.
“Гэтага ня можа быць, — спакойна сказала Соф’я. — Гэта забаронена. Дый хто цяпер можа дазволіць сабе мець сабакаў?”
“Менавіта, — сказаў Тэрэзіюс Скіма, патузаўшы бараду. — Гэтага ня можа быць. Але я таксама іх чую. З таго моманту, як выйшаў з аўтобуса. На суседняй вуліцы — гэта, можа, і занадта сьмела сказана. Але недзе ўдалечыні. І ўсё ж блізка. Бліжэй, чым зранку”.
Бранка з надзеяй падсунулася да яго.
“Ды вы проста напіліся! — сказала Соф’я. — Якія сабакі? Я нічога ня чую”.
Яны ўсе ўтраіх міжволі ўтаропіліся ў акно, за якім блішчэў халодны Парыж, дзе цяпер нічога не нагадвала пра цёплы люты і зялёную траву.