“Мы можам праверыць, — сказаў Скіма. — Давайце я пайду і пагляджу. Пайду на брэх, пагляджу і вярнуся”.
“Не, — Бранка ўстала, закрануўшы каленам столік, і ён бразнуў. На іх азірнуліся. — Мы пойдзем усе разам”.
Соф’я неахвотна паднялася. Скіма заплаціў — яны нават не зьвярнулі на гэта ўвагі. Відаць, гэта было само сабой зразумела — ён на працы, а яны добраахвотна яму дапамагаюць. Дзесяць марак — Парыж дарагі горад.
Сьвежае паветра адразу іх ацьверазіла. Яны пайшлі проста ў ліхтарнае сьвятло, па праезнай частцы, нырнулі ў нейкі двор і выйшлі на ярка асьветленую вуліцу.
“Што я скажу... — працяжна, пазяхнуўшы, прамовіла Соф’я. — Такі ірляндзкі паэта мог бы існаваць. Канечне, мог бы. Але гэта наўрад ці табе дапаможа знайсьці твайго кліента, Тэрэзіюс. А вось у чым можна пабачыць нейкі сэнс...”
Яна спынілася пасярод ходніку. Тры фігуры ў спадніцах адкідвалі на сьцены старых, узьведзеных дзьвесьце гадоў таму, дамоў амаль аднолькавыя цені.
“Ведаеш, быў такі паэт Цэлян. Яго цяжка чытаць — але ў таго, хто не лянуецца чуць, узьнікае амаль містычнае пачуцьцё далучанасьці да таямніцы. Дык вось. У яго ёсьць такі афарызм. Нешта кшталту: “Чакай цярпліва на беразе. Можа стацца, што патанулы выратуе цябе”. Па-мойму, у гэтым сэнс тваіх пошукаў, Скіма. Рэч ня ў тым, як і куды трапіў гэты небарака з гатэлю. І ня ў тым, як яго звалі. Рэч у тым, што ты ўжо ніколі ня будзеш іншым. Тым, ранейшым. Магчыма, у гэтым і ёсьць сэнс паэзіі. Яна зьмяняе цябе, дорыць табе неспакой, не дазваляе табе памерці. Ратуе, разумееш, Скіма?”
“Я чую іх, — перапыніла яе Бранка. — Вось там, за гэтым парканам”.
Яны прайшлі ўздоўж агароджы, знайшлі нарэшце нейкія дзьверы, Скіма пацягнуў праржавелы замок — замкнута. Яны абышлі вакол, будынак быў вялізны, а побач — ці то парк, ці то сад. Магчыма, гэта быў шпіталь. А можа, і не.
Вырашылі лезьці праз паркан: высокі Скіма падсадзіў Бранку, затым падняў на руках маленькую Соф’ю, ускараскаўся сам. Пераможна стаў на паркане — і тут жа, аступіўшыся, пад рогат рому ў жываце, паляцеў уніз. Зьбіў з ног Соф’ю, паваліўся тварам у траву.
“Здаецца, я падвярнуў нагу”, — сказаў ён, стогнучы ад сьмеху.
“Ляжы тут... — раздражнёна сказала Бранка. — Мы пойдзем праверым, знойдзем сабак і тады...”
“Што тады?” — спытаў Скіма, усё яшчэ сьмеючыся.
Але яны не адказалі — пайшлі, крадучыся, у цемру двара. Сабачага брэху ўжо не было чуваць. Скіма ляжаў, прыхіліўшыся да паркана, і абмацваў нагу — і думаў пра бессэнсоўнасьць словаў. Прамоўленых словаў. Бо існавалі іншыя — менавіта яны і вялі яго наперад.
13.
Тэрэзіюс Скіма прачнуўся сярод кніг. Ён зразумеў гэта, як толькі адсунуў фіранку — і адразу ўспомніў, з грымасай агіды на твары, як скончылася мінулая ноч. Як яму давялося заплаціць вартаўніку, аддаўшы амаль усе франкі, якія былі ў кішэні, як ён дакульгаў, карыстаючыся навігатарам на разьбітым тэлефоне, да “Шэксьпіра і кампаніі” і сядзеў на бардзюры, пакуль раніцай яму не адчыніла дзяўчына-прадавачка, якая ўспомніла яго і літасьціва дазволіла легчы на вольнае месца між стэляжоў. Нават дапамагла падняцца па сходах наверх. Ён перакуліўся на другі бок і споўз на падлогу — нібы з паліцы ўпала кніга. Кніга пад назваю “Тэрэзіюс Скіма. Ганьба агента”.
Ганьба адбылася. Але меўся адбыцца і трыюмф. Вось толькі калі?
Ён дакульгаў да сходаў — а па іх падымалася ўжо Соф’я, усё гэткая самая санлівая.
“А, Скіма, — сказала яна так, нібы ён блытаўся ў яе пад нагамі. — Ведаеш, ніякіх сабакаў мы так і не знайшлі. Затое заблукалі. Знайшлі нейкія дзьверы і... Уяўляеш, Бранка заблукала ў Парыжы. Каб неяк перажыць гэты факт, мы ўзялі яшчэ віна. А сёньня яна зноў чуе сабакаў. Здаецца, ёй трэба да доктара”.
Скіма ціха застагнаў і паглядзеўся ў люстэрка, якое вісела ў адной зь нішаў. Сьпіны кніг — і ягоны апухлы твар. І бародка вісіць крыва — быццам нехта наўмысна яе так наставіў. Ён скоса паглядзеў на Соф’ю, а яна, нібы ўспомніўшы нешта важнае, тыцнула яго маленькім кулаком у бок.
“Я хацела сказаць, Скіма... Уначы я напісала свайму знаёмаму літоўскаму паэту. Аўдрусу. Ён цяпер у ЗША, але расказаў мне, што ў Вільні жывуць гэтыя... каго ты шукаеш. Беларусы. Эмігранты. І нават выдаюць там нейкія кніжкі. Думаю, табе варта было б зь імі паразмаўляць. Праўда, яны баяцца выходзіць на кантакт. Аўдрус так сьмешна пра іх напісаў. Яны паўсюль бачаць расейскіх агентаў. Што, у прынцыпе, вытлумачальна. Жыць так блізка да Райху... Там, у Вільні, напэўна, усё кішыць шпіёнамі. Як у тваім Бэрліне сто гадоў таму. Ці ў Вене, пра якую я калісьці чытала раман... Як жа ён называўся? Забыла. Але я маю для цябе адрэсу. Вось. Вуліца Піліма, 51. Заадно пабачыш зямлю тваіх продкаў...”