“У Бэрліне”, — сказаў Скіма.
“Дык вы немец? — прадавец фальшыва бліснуў вачыма. — У мяне ёсьць выдатныя нямецкія выданьні...”
“Я хачу ведаць, што тут напісана, — сказаў Скіма. — Вось тут, унізе, пад ілюстрацыямі. Пад абсмактанымі сабакам пальчыкамі мадэмуазэль Дарлён. Тут літары. Шмат літар”.
“Гэтага ніхто ня ведае, — прадавец расчаравана адклаў нейкую кнігу ў скураным пераплёце. — Яна напісала яе на мове, якую прыдумала сама. Ніхто ня змог расшыфраваць гэта. Я думаю, рэч у тым, што дэшыфравальнікі проста ня могуць засяродзіцца на працы. Калі я быў малады, дык спрабаваў. Але гэтыя мокрыя валаскі... Гэты сабачы язык... Большасьць лічыць, што яна апісвае тут свае адчуваньні. Пра Франсуазу Дарлён больш нічога не вядома. Гэтая кніга — усё, што ад яе засталося. Дык бераце?”
“Вы думаеце, гэта вершы?”
“Так. Але што вам за справа? Вы што, чытаеце вершы?”
“Мая жонка паэтка, — сказаў Скіма. — Вось яна. Учора яна чытала ў “Шэксьпір і кампаніі””.
Прадавец закаціў вочы і раптам зарагатаў. Ягоны рогат прагучаў, як крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы.
“Паэтка?”
Ён паклікаў свайго суседа — і вось яны рагаталі ўжо разам.
“Навошта ты ім сказаў? — выгаворвала яму Соф’я, калі яны пасьпешліва ішлі назад. — Хто цябе цягнуў за язык, Скіма? Цяпер яны будуць сьмяяцца кожны раз, калі я буду праходзіць міма. Будуць падміргваць і прапаноўваць мне выпіць. Будуць падсоўваць мне рознае гаўно. Хіба ты не зразумеў яшчэ, што няма на сьвеце большага сораму, чым быць паэтам?”
“Але ты чытаеш у...” — прабурчэў Скіма.
“Пра гэта ніхто ня ведае, — амаль што крыкнула яна. Цяпер ужо ня сонная, ня млявая, а такая, нібы Скіма разбудзіў яе ад векавога сну. — Пра гэта ня пішуць у сеціве. Пра гэта ня ведае ніхто, апрача чытачоў. Ніхто! Запомні. Самае страшнае, што ты можаш зрабіць чалавеку — гэта назваць яго паэтам. Бо бачная прыгажосьць — гэта мёртвая прыгажосьць. Калі я яшчэ пішу, дык гэта таму, што ўсе мае знаёмыя ведаюць: я — мэнэджарка па продажах у “Каці Буе”, часам лётаю ў Парыж на сэмінары, і ў мяне няма часу і занадта шмат мазгоў і прыгажосьці, каб займацца такой хярнёй!”
Скіма маўчаў. Паціраючы нагу, ён клэпаў поруч зь ёй, а яна не супакойвалася.
“І менавіта таму, Скіма, я яшчэ не падохла ў танным гатэлі за тысячу кілямэтраў ад дому. Бо ніхто, апрача вузкага кола ўтаямнічаных, ня ведае пра маё маленькае хобі!”
На рагу яны разьвіталіся. Скіма паціснуў ёй руку — маленькую, злую, разумную. І падумаў, што яна мае рацыю.
Паэты заўжды маюць рацыю. Гэты ўрок ён ужо вывучыў.
14.
У самалёце, які то прабіваў сваім вострым носам белыя горы аблокаў, то завісаў над імі, нібы любуючыся, Скіма рабіў выгляд, што дрэмле, а сам назіраў за расейцамі.
Яны сядзелі сьпераду, па абодва бакі праходу, раз-пораз дабрадушна перамаўляючыся, і ён некалькі разоў не стрымаўся і выцягнуў шыю, каб зноў і зноў разглядзець гэтую парачку. Яны заўважылі, занэрваваліся, як і любыя чалавечыя істоты на іх месцы. Давялося прыплюшчыць вочы, адкінуцца ў крэсьле, надзьмуць вусны... Яны супакоіліся. А ён вывучаў іх, ляніва думаючы пра тое, што стэрэатыпы ўжо завалодалі ягонымі думкамі. Як скінуць іх акуляры, як не паддацца ўладзе знаёмых зь дзяцінства вобразаў? Расейцы. Мясістыя чырванаватыя твары, зручныя спартовыя курткі, дарагі абутак на мускулістых нагах. Вочы, як задаволеныя шчыліны. Буйныя шырокія насы. Рэзкія гукі фразаў кожны раз сканчаліся нейкай запытальнай інтанацыяй — быццам усё, што яны казалі, было рытарычнай прамовай. Хто яны былі? Мабыць, спартоўцы.
Так, яны былі вельмі падобныя да спартоўцаў — ці, хутчэй, да трэнэраў, бо абодвум было за сорак. Дзе тады іх апекаванцы? Хоць тут цяжка было меркаваць: трэнэры могуць паляцець у замежную камандзіроўку і без каманды. Але Расейскі Райх быў даўно выключаны зь міжнародных спаборніцтваў: зь некаторых пасьля сваёй Перамогі ён выдаліўся сам, зь іншых яго выключылі пад ціскам праваабаронцаў і Амэрыкі.
Тэрэзіюс Скіма ня надта цікавіўся такімі пытаньнямі, але ведаў, канечне, найноўшую гісторыю. Пасьля таго, як Райх з уласнай ініцыятывы выйшаў зь Лігі Нацый у 2033-м, апошнія надзеі на тое, што можна неяк улагодзіць крамлёўскіх кіраўнікоў, зьніклі. Сустрэць у вольным сьвеце расейцаў з Райху, а не эмігрантаў, рабілася ўсё цяжэй — расейскія законы абмежавалі выезд і ўезд. Хоць часам Скіма і бачыў расейцаў адтуль у цэнтры Бэрліну — на гэтых двух ён глядзеў зусім іншымі вачыма. Бо цяпер іхная агромністая імпэрыя няўхільна насоўвалася на яго з усходу — самалёт, прарэзаўшы мутны мур хмараў, набліжаўся да Вільні.