Выбрать главу

У тым, што гэта расейцы, сумневу не было. Яшчэ ў Парыжы, на лётнішчы, стоячы ў чарзе на пасадку, ён пабачыў іхныя пашпарты: апрача ідэнтыфікацыйных картак, яны мелі пры сабе яшчэ і чырвоныя кніжачкі зь дзьвюхгаловымі арламі на вокладках. Але там, сутыкнуўшыся зь імі ў лоб, ён чамусьці апусьціў галаву. Нейкая зьвярыная сіла ішла ад гэтых мужчын. Прыцягвала Скіму — і ён ня мог зразумець, колькі ў ёй эротыкі, і колькі звычайнага страху перад чужым, экзатычным, непрадказальным...

Зрэшты, салён самалёта быў поўны займальных тыпусаў. Мужчыны ў спадніцах, дзелавых касьцюмах, нейкіх прасторных апранахах і нават у гумовых плашчах. Жанчыны ў вайсковай форме, жанчыны ў футрах, жанчыны ў празрыстых строях ад найлепшых дызайнэраў. Дзеці — крыклівыя, саплівыя, санлівыя, пужлівыя. Мешаніна гаворак, тэмпэрамэнтныя тырады лёталі з канца ў канец, як маланкавыя валькірыі. Вось што значыць Вільня, падумаў Тэрэзіюс Скіма: некалі ён глядзеў самыя розныя фільмы, спрабуючы зразумець, ці мае нейкую сувязь з прадзедавай радзімай, і даведаўся, што гэты памежны край заўжды поўніўся авантурыстамі, асобамі няпэўных заняткаў, шпіёнамі, вандроўнымі музыкамі, прадстаўнікамі самых розных нацыянальнасьцяў і рэлігій, мастакамі — і паэтамі. Але ягоны паэт, асабісты паэт Тэрэзіюса Скімы, ягоны пэрсанальны нябожчык, чамусьці не шукаў шчасьця тут, паблізу ад сваіх. Сіла ўцёкаў была такой моцнай, крыўда і страх, роспач і гнеў былі такімі пякучымі, што яго аднесла далей, на самы Захад, бліжэй да акіяну, далей ад тутэйшых лясоў.

Самалёт пачаў зьніжацца. Астраўкі травы ўнізе ператварыліся ў высокі сіняваты лес. Іх патрэсла — быццам з бразгатлівага цела машыны мусіла высыпацца ўсё непатрэбнае, і вось ужо колы дакрануліся да загадкавай зямлі, зь якой некалі прадзед Скімы пачаў сваё падарожжа.

А цяпер яго праўнука нейкім ветрам занесла назад. Самалёт бег па гладкім, ачышчаным ад лёду бэтоне самага краю Эўропы — і Скіма ніяк ня мог пазбыцца адчуваньня, што ён тут не зусім ­госьць. Ён — вяртаецца. Праз галовы некалькіх пака­леньняў.

Хоць яшчэ некалькі дзён таму ён і падумаць ня мог, што выедзе некуды за межы Бэрліну.

Няўжо ўсё ягонае папярэдняе жыцьцё было толькі падрыхтоўкай да гэтага палёту?

На віленскім лётнішчы яго чакалі першыя сюрп­рызы.

Расейцы апынуліся ў чарзе на кантроль першыя.

“Beret kak bombu, beret kak ezha, — усьміхнуўся адзін зь іх, прасунуўшы сваю картку пад шкло. — Pomnish stishok, Sanya?“

Чарга чакала некалькі хвілін — і Скіма ўжо думаў, што зараз па расейцаў прыйдзе нейкі злавесны патруль і завядзе іх у бакавы пакой, але ім вярнулі дакумэнты, і расейцы, цягнучы за сабой здаравенныя валізы, зьніклі за дзьвярыма. А вось Скіма зацікавіў памежную варту — і гэта было ня надта прыемна.

“Мэта візыту ў Літоўскую рэспубліку?” — спытаў прыгожы памежнік, заціснуўшы яго картку паміж доўгімі пальцамі.

Тэрэзіюс Скіма так зьдзівіўся пытаньню, што не знайшоўся, што яму адказаць.

Памежнік цярпліва перапытаў — на добрай нямецкай мове.

“Я цікаўлюся паэзіяй, — нахабна прамовіў Скіма. — Я чуў, тут пішуць добрыя вершы”.

Памежнік агаломшана падняў на яго вочы, і Скіма вінавата паціснуў плячыма.

“Дзе плянуеце спыніцца?”

“Піліма, 51”, — дрыготкім голасам адказаў Скіма, зазірнуўшы ў тэлефон. Памежнік падазрона вывучаў яго сваімі яснымі вачыма.

“Патлумачце больш дакладна, гер Скіма, чым вы зьбіраецеся займацца ў Літоўскай рэспуб­ліцы?”

“Я дасьледую літаратуру. Кнігарні, бібліятэкі. Жывыя і мёртвыя клясыкі...” — прамармытаў Скіма, абцягваючы спадніцу. Цікава, ягоны дзед яшчэ гаварыў па-літоўску? Бо бацька ўжо ня мог.

“Ня думаю, што ў нас вы знойдзеце нешта падобнае, — сталёвым голасам сказаў гэты ладны мужчына і бліснуў блакітнымі вачыма. — Зрэшты, дакумэнты ў парадку. Праходзьце. Вітаем у Літве”.

Крыху памарудзіўшы, яму вярнулі картку — але Скіма бачыў, што зрабіў памылку. Памежнік нешта адзначыў у сваім пляншэце і доўга глядзеў яму ўсьлед.

Які чорт пацягнуў мяне за язык, дакараў сябе Скіма — але тут яго спынілі на мытні. Робат-сабака выскачыў аднекуль з кута, ткнуўся тупой пашчай у край заплечніка і коратка і пагрозьліва гаўкнуў. Што гэта азначала, Скіма ня ведаў. Мытніца зрабіла загадкавы жэст і нешта сказала, прытрымаўшы яго багаж. Давялося расшпіліць заплечнік. Скіма адчуваў сябе так, нібы яго прымусілі распрануцца.