Выбрать главу

“Што гэта ў вас?”

“Кнігі”.

Мытніца падазрона пагартала кніжку пра Нільса і ўчэпістымі пальцамі вывудзіла зборнік нябожчыка з “Розэнгартэну”.

“Гэта расейская кніга. Так?”

“Не зусім, — сказаў Скіма. — Я думаю, яна беларуская”.

“Гэта расейская кніга, — цярпліва сказала мытніца. Яна размаўляла строга і павучальна, як зь дзіцём. — Мне трэба ведаць, што гэта не палітычная прапаганда. Зараз я паклічу экспэрта. Пачакайце тут”.

І яна занялася наступным пасажырам. Скіма апынуўся ў самым хвасьце чаргі — і страката апранутыя пасажыры абыякава праходзілі міма яго, трывожна паглядваючы на суворую мытніцу. Дзьверы за апошняй пасажыркай зачыніліся. Скіма застаўся стаяць каля электроннага дэтэктара. Мытніца маўчала, насуплена гледзячы прос­та ў роўную шэрую сьцяну. Нарэшце экспэрт усё ж прыйшоў, пагартаў кніжку і расчаравана сказаў нешта па-літоўску мытніцы, тая кіўнула і вярнула кнігі Скіму.

“Можаце ісьці”.

Ён выйшаў з будынку лётнішча. Таксі ўжо разьехаліся, але трэба было эканоміць грошы. У Вільні было слотна і ветрана. Скіма вярнуўся, памяняў грошы — невялікі пачак літаў лёгка зьмясь­ціўся ў кашалёк. Ён падняў каўнер і пабрыў на прыпынак аўтобуса, на якім стаяў толькі адзін чалавек — нейкі пахілы мужчына ў капелюшы.

Вогкі вецер задзімаў пад спадніцу віленскую зіму. Нарэшце пад’ехаў аўтобус — жоўты, непрыветны, адчыніў дзьверы. Скіма ссыпаў кіроўцу манэткі зь вершнікам — усеўшыся, ён пачаў успамінаць, на гербах якіх краін ёсьць пяро: му­сяць жа быць такія дзяржавы... Але так і не прыгадаў нівод­най — а аўтобус, робячы ўвесь час нейкія галавакружныя павароты, узабраўся на ўзгорак. Так яны і даехалі да гораду — адны ў пустым аўтобусе, ён і мужчына ў капелюшы. Выходзячы, мужчына крыху прыўзьняў капялюш, нібы разьвітваўся: старамодны жэст, сьмешнаваты, але Скіма быў гатовы да таго, што віленскія дзівы яшчэ толькі пачынаюцца.

Ён выйшаў каля самага вакзалу і, пазіраючы на навігатар, што прасьвечваў скрозь павуціньне экрана, рушыў уніз, па разьбітым бруку. Зьлева ў маленькіх гнёздах занядбаных кавярняў грэліся падазронага выгляду асобы ў джынсавых касьцюмах — папіваючы піва, яны сядзелі над плястыкавымі талеркамі з чабурэкамі, удыхалі пару і ўважліва сачылі за ім, і ён пачуваўся нейкім празьмерна бачным сярод гэтай шэрай, падобнай да раскіданага па вуліцы пер’я, слоты. Каля кожнай з гэтых нібы з канструктара пабудаваных кавярняў быў драўляны ганак, і там таксама стаялі людзі — шумна дыхаючы, перамаўляючыся на незразумелай, грубаватай мове, яны пускалі ў ашмоцьце ранішняга туману шызы дым, і Скіма асуджана ўбіраў у сябе ўсю гэтую зацягнутую, бясконцую чужую раніцу, і задыхаўся, і сэрца білася часьцей ад зусім незнаёмага раней адчуваньня — ці то блізкай мяжы, ці то ачунялай пасьля доўгага сну сьмерці.

Разам зь білетам да Вільні яму дастаўся нумар у маленькім гатэлі — недзе тут, каля царквы. Viešbutis — прачытаў ён: і, вядома ж, няправільна. Скіма пакружляў па пустых вуліцах, яго абганялі заклапочаныя людзі з уцягнутымі ў глыбокія, шырокія шалікі галовамі. Гатэль быў танны, вельмі падобны да “Розэнгартэну” — адзінае акно халоднага пакоя выходзіла на вуліцу, на росчырк дрэваў, быццам акно было кніжнай старонкай, на якой нехта таропка расьпісаўся. Ён прыняў душ і пераапрануўся — і потым доўга ня мог сагрэцца. Раптам яму зрабілася страшна: недзе ў пальцах ног ён адчуў трымценьне хваробы, і адразу ж яму падалося, што гэта пачатак чагосьці благога, ён выпіў некалькі моцных пігулак, ад якіх пачало тахкаць сэрца. Зь непрыемным драпаньнем у горле ён выйшаў на вуліцу, яму захацелася выпіць нечага алькагольнага, але ён прымусіў сябе забыць гэтае дурное жаданьне. Прага і Парыж былі памылкамі, якія ён мусіў зрабіць — але ў Вільні яму трэба было як мага хутчэй стаць сабой. Тут ён меўся спыніцца і скончыць справу. Бо далей была Граніца. Далей ён ня мог рухацца. Сьлед прывёў яго сюды, на гэты край Эўропы. Сьлед чалавека, які завалодаў Тэрэзіюсам Скімам, учапіўся ў яго сваімі папяровымі рукамі — і хто яго ведае, чаго патрабаваў: Скімавай душы ці ўласнай праўды?

Так ці інакш, адступацца Скіма не зьбіраўся. Роўна а другой ён падышоў да будынку на вуліцы Піліма, 51 і, закусіўшы вусны, увайшоў. Ён трапіў у вузкі калідор і адразу ж зьвярнуў увагу на бел-чырвона-белы сьцяг, які вісеў над дзьвярыма. Шыльда на трох мовах нешта казала, але што, зразумець было цяжка. Ён паторгаў ручку — было зачынена. Пусты калідор маўчаў — Скіма вырашыў зайсьці пазьней, ён выйшаў на пасьвятлелую вуліцу і пайшоў паглядзець горад. Брук, рэдкае сьвятло, бязладныя сьляды на тонкім учорашнім сьнезе перасякаліся, беглі кудысьці, як літары, рулёны белага і шэрага падмоклага рэчыва скручваліся і выпіхвалі Скіму ўсё далей і далей ад вуліцы, на якую яму трэба было вярнуцца. І вось ён ужо выйшаў на плошчу, тут было спакайней — прагульваліся пары, у белым нізкім небе, як птушкі, сядзелі кожны на сваёй галінцы вострыя блізкія целы касьцёлаў, такія знаёмыя — і ўсё ж нязвычныя. Вуліца павяла яго ўніз, ён спатыкаўся аб мокры брук, наперадзе была яшчэ адна плошча — а за ёй гара з рудаватай вежай, на якой павіс вялікі жоўта-чырвона-зялёны сьцяг. І вось ужо Скіма ішоў па нешырокім, але людным праспэкце — ён зайшоў у піцэрыю, зьеў нешта; ён ня мог пазбыцца адчуваньня, што за ім сочаць.