Выбрать главу

Ён пайшоў назад, да вежы, павярнуў — і натк­нуўся на схаваныя ў зноў павіслым тумане дзьверы. Кнігарня “Эўрэка” — так было напісана на цёмным шкле старой шыльды. Хутчэй падпарадкоўваючыся абавязку, чым з уласнай ахвоты, ён увайшоў, ведаючы ўжо, што гаспадар выскачыць аднекуль з зусім нечаканага боку. Так і адбылося: стары чалавек, з носу ў якога тырчалі два вялікія пучкі рудых валасоў, знайшоўся ў самым куце, пад выключанай лямпай. З рота ягонага пачуўся ціхі шоргат, як быццам усярэдзіне яго прагарталі кнігу — і рыпучы голас прамовіў штосьці па-ангельску. Скіма падышоў бліжэй.

“Вы ж нетутэйшы, праўда? — спытаў стары. — Вы падобны да нетутэйшага...”

Тэрэзіюс Скіма працягнуў яму руку — і стары схапіўся за яе, як за поручань у мэтро. У ягоным позірку было штосьці, ад чаго Скіма адчуў сябе неяк ніякавата. Але ён раптам зразумеў: стары быў сьляпы.

“Вы бачыце мяне?” — спытаў Скіма.

“Я сьляпы. Я бачу толькі тое, што хачу. Зусім як аўтары ўсіх гэтых кніг, якія стаяць праваруч ад вас. А леваруч — тыя, хто бачыў тое, што ім казалі. Урэшце, усе кнігі можна падзяліць вось так. Неблагая клясыфікацыя, досыць унівэрсальная...”

Скіма дапамог яму падняцца. Стары ўчапіўся аберуч за выступы паліцаў. Цень, на які можна наткнуцца, калі забыць, дзе знаходзішся.

“Як жа вы зразумелі, што я ня зь Вільні? Я ж не пасьпеў яшчэ нічога сказаць?”

“Іншыя сюды ня ходзяць... Усё проста. І ад вас пахне. Пахне танным нумарам у паршывым гатэлі. Пахне безнадзейнасьцю. Пахне страхам. Пахне кнігамі...”

Тэрэзіюс Скіма ўгледзеўся ў ягоны твар. Але стары гаварыў сур’ёзна.

“Я цікаўлюся кнігамі, — прамовіў Скіма, і ўласны голас падаўся яму непрыемным. — У вас шмат кніг... Але тое, што я шукаю, вядома, у кнігарнях ня знойдзеш...”

Стары маўчаў. Скіма ня быў пэўны, што той зразумеў. І таму загаварыў гучней:

“Магчыма, вы маеце кнігі на іншых мовах? Напрыклад, па-расейску?”

“Так, — сказаў стары. — Яны пад тваімі нагамі, на ўзроўні калена. Справа. Апусьці руку”.

“А, напрыклад, беларускія кнігі... — Скіма нахіліўся і дакрануўся ўказальным пальцам да сырой вокладкі. — Можа, вы маеце і іх таксама?”

“У мяне ёсьць кнігі на любых мовах, — сказаў стары. — У тым ліку на тых, якіх не існуе. Кнігі на мовах, якія не існуюць, для чытачоў, якіх не існуе... Цікава...”

Ён зрабіў пару крокаў у гэтым вузкім прахо­дзе, дзе Скіма ледзь зьмяшчаўся, замёр — і беспамылковым рухам выцягнуў з паліцы патрапаную кніжку.

“Але гэта не расейскія літары”, — сказаў Скіма, беручы ў далоні яе змучанае цела, адчуваючы пад падушачкамі пальцаў зморшчаную паперу, падобную да скуры на локцях.

“Гэтага ня можа быць, — цьвёрда сказаў стары. — Я ня ведаю, што там за літары, але гэта, як вы сказалі, бе-ла-рус-ка-я кніжка”.

“Можа, гэта пераклад?”

“Эўрыка! Можа, яны проста напісалі яе нерасейскімі літарамі? — у тон яму сказаў стары, нібы дражнячыся. — Каб вам насаліць? Думаю, вы самі ня надта добра ведаеце, што шукаеце. Беларусь... Цікава, у той год, калі я асьлеп, асьлепла ўся Эўропа. Вам ніколі не прыходзіла ў галаву, што ў сьляпых людзей ёсьць такая вялікая ўлада: сьвет сьлепне разам зь імі?”

“Добра, я вазьму яе, — сказаў Скіма. — Але гэта, здаецца слоўнік? Ці падручнік?”

“Гэта слоўнік мовы бальбута, — загадкава і шчась­ліва пасьміхнуўшыся сказаў букініст. — Паспрабуйце прачытаць”.

“Бальбута? А як жа беларуская? Ці гэта тая самая мова? Нешта я зусім заблытаўся...”

“Гэтую кнігу напісала адна беларуская кабета... Натальля Кашкан. Я хоць і сьляпы, але запамінаю ўсё, што казалі наведнікі маёй кнігарні. Іх было ня так шмат за апошнія трыццаць гадоў... У тых, хто страціў зрок, абвастраецца памяць. Хіба вы ня чулі? Гэта самая загадкавая кніга ў маёй кнігарні. Паспрабуйце прачытаць штосьці зь яе”.

Скіма няўпэўнена разгарнуў тоненькую кніжку і прамармытаў:

“Dzonki hutoje da tuputoje algobalbutika balbutima.

O balbuta tajnoje da ujma nevigoje. Balbu balbutima! Imatu sigrutima!“

Усе гэтыя дзіўныя uzu, oje ды utа... Ён бачыў іх... вядома, ён іх бачыў — і яны кінуліся яму ў вочы, як згубленыя дзеці яго ўспамінаў. “Гучыць, як верш. Я бяру”, — сказаў Скіма, паклаў літы ў сухую далонь старога і схаваў кніжку.