“Добрая забаўка, — ухваліў букініст. — Для таго, каму няма чым заняцца. Магу прапанаваць вам яшчэ некалькі такіх. У мяне ёсьць нават эротыка, 1919 год, Італія...”
“Дзякуй, наступным разам. А калі, напрыклад... я цікаўлюся кнігамі пра... пра горад Мінск, — асьцярожна спытаў Скіма.
“Мінск?” — стары чамусьці здрыгануўся і нэрвова азірнуўся па баках.
“Гэта блізка, калі паглядзець на мапу”.
“Так, — прашаптаў стары. — І калі забыць пра Граніцу. Цікава... Цікава-цікава. Вельмі цікава”.
“Што цікава?”
“Цікава, што ў мяне зусім нядаўна пыталіся тое самае. Пра Мінск...”
Недзе ў глыбіні кніжных завалаў пачулася сапеньне. І толькі тады Скіма зразумеў, што ён не адзін у гэтай кнігарні. Кнігарні пад назвай “Эўрэка”, якая ніяк не хацела паміраць — і не хацела бачыць, што яе канец блізка.
Так, ён быў тут не адзін. Скіма ўжо звыкся, што любая кнігарня роўная адзіноце — і таму паглядзеў на чалавека, які зьявіўся зь цёмнай нішы, так, нібы той наўмысна схаваўся там, каб падслухаць размову.
“Добры дзень, — сказаў чалавек па-ангельску, прыязна гледзячы Скіму проста ў вочы. У пакрытым пылам антыкварным люстры, якое вісела на сьцяне, ягоны твар падаваўся прывідным, але больш праўдзівым, чым гэтая прыязная, занадта прыязная пыса, чыста выгаленая, з правільнымі, занадта правільнымі рысамі. — Я чуў, вы шукаеце кнігі пра Мінск? Слушнае рашэньне. У сеціве інфармацыі мала. У мяне не было часу падрыхтавацца, але сёньня я цьвёрда вырашыў, што трэба знайсьці хаця б плян гораду. Хай сабе і трыццацігадовай даўніны. На лекцыях нам казалі, што расейцы шмат што там памянялі, але не маглі ж яны пабудаваць зусім новы горад?”
“На лекцыях? Вы вывучаеце...”
“О, там насамрэч больш кажуць пра душы, чым пра гарады. Пра дух новага Райху... Пра перамены, пра ідэі, пра гісторыю Расейскай дзяржавы. Але затое да нас менш пытаньняў і можна папрактыкавацца ў мове. Вы знайшлі нешта? Я — толькі вось гэта. Тут напісана: “Мінск — жыцьця майго крыніца”. Гэта фотаальбом 2000-х гадоў. І вось, схема гарадзкога транспарту. 2014-ы. Але гэта аўтэнтычнае. Я вазьму. А што ў вас?”
“Пакуль нічога. Я шукаю... паэзію, — сказаў Скіма, дарэмна спрабуючы нешта разгледзець на выцьвілым глянцы старонак, якія ягоны суразмоўца ўвесь час гартаў. — У вас цікавае захапленьне. Блукаць вуліцамі места, у якім ніколі не пабываеш”.
“Чаму не пабываеш? — чалавек захлопнуў кнігу. — Я еду туды ўначы. Я ж кажу, у расейцаў да нас менш пытаньняў. Пачакайце. Хіба вы ня з нашых? Не з таварыства “Дружбамір”?”
Ён з задавальненьнем вымавіў загадкавае расейскае слова.
“Ня бачу значка... — пахітаў ён зьдзіўлена чыста выгаленай галавой. — Хм. Ведаеце, тады мне ня варта было з вамі гаварыць. Прабачце. Такія правілы. Калі нехта даведаецца... Зусім ня лёгка здабыць дазвол...”
Ён адвярнуўся, пачаў шукаць у кішэнях грошы. Але Тэрэзіюс Скіма бачыў, што так проста ўсё ня скончыцца. А я неблагі псыхоляг, адзначыў ён, калі чалавек раптам павярнуўся. Незразумелая гордасьць перапаўняла яго — і яму, Скіма бачыў гэта, хацелася ёй падзяліцца.
“Добра, я скажу вам, — панізіў голас гэты аматар расейшчыны. — Я атрымаў візу ў Райх. Сёньня ўначы мой цягнік на Мінск. Я пабачу Райх на ўласныя вочы. Страшнавата, канечне, але я цэлы год слухаў гэтыя іхныя нудныя лекцыі, плаціў за моўныя курсы, пераводзіў грошы на іхныя цэрквы...”
“Ня можа быць, — сказаў Тэрэзіюс Скіма, удаючы зь сябе скептыка. — Так проста ў іхны Райх ня трапіць. Гэта ўсім вядома”.
“Ну, гэта вам не патрапіць, — зьедліва сказаў гэты дурань, ужо боўтаючыся на вудзе ў Скімы. — У такім адзеньні, у такім выглядзе — дакладна не. У Райху ня любяць мужчын у спадніцах. Як і ўсіх гэтых маднявых підараў, дэкадэнтаў, багему, марсіянаў, новых эўрапейцаў. Не, я супраць вас нічога ня маю. Мода ёсьць мода. Але калі вы хочаце запісацца ў таварыства — давядзецца разьвітацца зь некаторымі звычкамі. Ці, прынамсі, засунуць іх на нейкі час у тое месца, якое ў Райху не асацыюецца зь любоўю”.
Стары букініст усё намагаўся нешта сказаць, паварочваючы да Скімы свой валасаты нос, але яны забылі пра ягонае існаваньне.
“І ўсё ж гучыць неверагодна, — сказаў Скіма. — Заўтра вы будзеце па той бок Граніцы? Думаю, яны вас падманулі. Гэта так па-расейску. Узяць грошы ў нас, дурнаватых эўрапейцаў, і нічога не прапанаваць наўзамен. Я маю на ўвазе: нічога вартага. Вядома, нешта яны вам пакажуць. Памежныя вышкі і пацёмкінскія вёскі. Але каб цэлы горад...”