Выбрать главу

Ён пачынаў блытацца. Ён быў агентам ED. І калі б нехта сказаў яму тыдзень таму, што ён...

Пакой у “Розэнгартэне”. Кніга. Пяро. Гарады. Га­тэлі. Людзі. Куды ўсё гэта цягне цябе, нібы ветрам, Тэрэзіюс?

Ідучы пад віленскімі ліхтарамі, ён замерзлымі пальцамі паваражыў на сваім тэлефоне. І зь Вільні ў Бэрлін паляцела кароткае паведамленьне з трох словаў, падобнае да зашыфраванага пасланьня:

Пакармі маіх катоў.

Да цягніка заставалася яшчэ дзьве гадзіны.

16.

Сымбаль Эўропы — памежны сабака. Рудая ў чорных плямінах цяглістая сучачка, якая бяжыць па вагоне, схаваўшы бледны доўгі язык — і пасажыры міжволі прыслухоўваюцца да яе подыху: частага, памяркоўнага, працоўнага подыху натрэніраванага зьвера. Сон струменіць з усіх шчылін, лунае ў сьвятле бляклых лямпаў, і сьпіна правадніцы вырастае перад самым тварам. Ня хочацца ні чытаць, ні есьці, ні курыць, ня хочацца нават разьлеплі­ваць вусны, і руцэ лянотна цягнуцца да століка, дзе мутнее вада ў недапітай бутэльцы.

“Маці Марцінэн, — сказаў невысокі памежнік з тварам такім панылым, быццам яго нарадзіў гэты калючы дрот за акном. — Мар-ці-нэн”.

“Так, гэта я”, — сказаў Тэрэзіюс Скіма, адклаўшы ў бок кнігу, падручнік мовы бальбута для ангельскамоўных, са слоўнікам і граматычным дадаткам. Кнігу, якую ён даўно ўжо перастаў чытаць — проста трымаў у руках.

На бэджы памежніка было абсалютна немагчымае прозьвішча. Shchaurizhevitch — стаяла там, і калі б нехта сказаў, што гэта можна прачытаць, Скіма засьмяяўся б яму ў твар.

Але было не да сьмеху. Дзяржаўная мяжа — самае нясьмешнае месца ў сьвеце. Гэта ведалі ўсе. І ўсе думалі пра сваё.

“Мэта вашага візыту ў Райх?”

“Турыстычная”, — сказаў Скіма.

Памежнік строга зірнуў на яго і пасьвяціў ліхтарыкам у вочы: нібы містэр Марцінэн мог хаваць там нейкія нетурыстычныя прадметы. Там, пад доўгімі вейкамі, за зялёнымі зрэнкамі вузкіх вачэй, у чыстай сьлязе, якую выгнала зь яе сховішча бяссоньне і ягоны сымбаль — казённы ліхтарык.

“Вы гаворыце па-расейску?”

“Я училь, но очэнь плёхо, — сказаў Скіма падрыхтаваную фразу. — Нет способност”.

“Научитесь, — перайшоў памежнік на расейскую і шырока ўсьміхнуўся. І ад гэтай памежнай усьмешкі стала яшчэ больш паныла. — Главное — больше слушать. Слушать. Понимаете? И слушаться”.

Скімаву картку пацалавала чорная прылада. Сабачая пыса, такая прыязная, тыцнулася яму ў калені. Злавесна ляснуў штамп у чырвонай кніжачцы містэра Марцінэна, за страту якой ён мусіў заплаціць імпэрыі салідны штраф. Так было напісана на першай жа старонцы.

“Счастливого пути и приятного пребывания в империи”, — сказаў памежнік і прыгнуўшыся, не разгінаючы сьпіну і расставіўшы ногі, быццам жаба пераскочыў да наступнага пасажыра.

Людзей у вагоне было няшмат. За памежнікам прайшоў мытнік, які доўга круціў у руках Скімавы рэчы, кожную ён абмацаў сваімі вялікімі сялянскімі рукамі, пакінуў на іх тысячы адбіткаў. Ён задаваў мноства пытаньняў, недаверліва аглядаў лязо і пяро, нататнік і майткі, і пакет, у сярэдзіне якога, схаваныя пад рэчамі Марцінэна, ляжалі калготкі і завязаная ў вузел сукенка, унутры якой была спадніца; ён рассыпаў на вольным сядзеньні побач са Скімам ягоныя лекі і панюхаў кожны тубік, усё было выцягнута на сьвятло і адчынена, а потым кінута зноў на сінюю скуру сядзеньня — аднак Скіма ўжо ведаў, што яго прапусьцяць. Ён ухвалены і прызнаны бясьпечным.

Яны проста карысталіся сваім правам першай ночы, гэтыя працаўнікі вартавой службы.

Правам ягонай першай ночы ў Райху.

Сабака зноў прайшоў па вагоне, ужо ў адваротным напрамку. Яму хацелася адказаць гучным брэхам на гукі, што даносіліся аднекуль з-за лясочку, каля якога стаяў цягнік. Там, далёка, на невялікім узгорку, сьвяціліся агні нейкіх дамоў, і ў ім заліваліся, быццам адпужваючы гэтыя чужыя вагоны, іншыя псы. Але памежная сучка трымалася, як магла. Яна апошні раз зірнула на Скіму сваімі маркотнымі сінімі вачыма і пабегла за гаспа­даром.

Цягнік крануўся. Выключылі сьвятло. Скіма прагна ўзіраўся ў акно, за якім плыў усё той самы калючы дрот і плятформа, на якой не было нікога, толькі сьветлыя колы ад ліхтароў.

Тэрэзіюс Скіма вырашыў выйсьці ў тамбур — але на яго шляху вырасла правадніца. Прыгожая высокая бляндынка, якая скрыжавала рукі і сказала, напружана, празь сьціснутыя вусны:

“Ноў! Фэрботэн! Sun zone!”.

Тэрэзіюс Скіма ўздыхнуў і пакорліва пацягнуў на сябе ручку прыбіральні. Стоячы там і ўдыхаючы халоднае начное паветра ўперамешку са смуродам, ён глядзеў на сябе ў люстэрка: на свой чэлес, зь якога ліўся гарачы струмень, на свой цьвёрды, зусім яшчэ малады ніз жывата. Прыбіральня нагадала яму гатэльны пакой. Вузкі і цесны пакойчык, зь якога няма паратунку. Ён уявіў сабе пастаяльца з “Розэнгартэну” — як той, стоячы пад ужо выдыхлым душам, мачыўся ў адтуліну пад нагамі. Апошні раз у жыцьці. Яшчэ ня ведаючы, што раніцай ён дасьць штуршок чужой гісторыі.