Выбрать главу

Увесь сьвет падзелены на пакоі танных гатэляў. Адкуль мы бяжым, бяжым, бяжым, і колы падладжваюцца пад гэты бясконцы бег.

Тэрэзіюс Скіма выйшаў у калідор, і яму раптам падалося — так выразна і так балюча — што ягонае адлюстраваньне ўсё яшчэ там, у гэтай смуроднай кабіне, што ён яшчэ стаіць там і мочыцца — а ў калідор выйшаў нехта іншы.

Да чаго даводзіць раздваеньне асобы, падумаў Скіма і вярнуўся на месца. Ён ведаў, што не засьне. І вырашыў скарыстаць гэтыя дзьве гадзіны да Мінску для стварэньня дакладнага пляну. Мозак працаваў, нібы па інэрцыі. Вуліца Сіадыч. Вада (рака?). Камень. Недзе там мусіла быць разгадка.

Празь дзьве гадзіны ён выйшаў з вагона і ступіў на пэрон менскага вакзалу. Фін Маці Марцінэн, апрануты так, каб застацца замежнікам у гэтым поўным таямніцаў горадзе — і ўсё ж не выклікаць у тутэйшых мінакоў нічога, апрача млявай цікаўнасьці. Ён быў адзін з турыстаў — і не ў ягоных інтарэсах было выдаваць сябе.

“Всегоў доброў”, — сказаў ён правадніцы, шырока разявіўшы рот, але яна чамусьці праігнаравала ягоныя словы.

Думаючы пра тое, дзе тут знайсьці каву — верагодней за ўсё, кава тут будзе жахліва, безнадзейна пазяхнуў Скіма, — ён зрабіў па пэроне некалькі нерашучых крокаў. І тут жа з натоўпу, што абступіў вагоны, да яго выйшаў чалавек у бясформеннай куртцы, што даставала яму да каленяў, і з рэдкімі, растрапанымі валасамі. Капюшон вісеў за сьпінай, як горб.

“Тэрэзіюс Скіма, — прамовіў чалавек хутчэй сьцьвяр­джальна. — Хадземце за мной”.

Страх зьявіўся адразу ж, ён кінуўся на Скіму з прагалаў між зубоў гэтага чалавека, абедзьве сківіцы ў ягоным роце выглядалі вартымі жалю, але Скіма імгненна ўзяў сябе ў рукі. Марцінэна ўжо маглі знайсьці — але ня будуць жа яны дзейні­чаць вось так. Нешта ў абліччы чалавека, за якім Скіма пакорліва ішоў праз падземныя пераходы, паказвала, што ён не зьбіраецца везьці сваю ахвяру ні ў казэматы таемнай паліцыі, ні ў каменяломні, ні ў турму. Чалавек хутка ішоў наперад і раз-пораз азіраўся, каб паглядзець, ці пасьпявае за ім гэты інтурыст. Скіма вырашыў не адставаць — і вось яны ўжо шпаркім крокам перасякалі плошчу, на якой дзьве вежы глядзелі ў далеч, прымружанымі ранішнімі тварамі бязвокіх хімэр.

Чалавеку, які вёў яго за сабой, было на выгляд гадоў сорак пяць, але зубы, зубы... Гэтыя кепскія зубы надавалі ягонаму роту злавеснасьць. Яны ішлі праз насьцярожаны зімовы горад і выдыхалі перад сабой белую пару, яны нагадвалі мэханізм, які разьяжджае па вуліцах па нейкім аднаму яму вядомым маршруце.

Гэта частка праграмы, здагадаўся Скіма. Да яго прыстаўлены гід, ён жа, верагодней за ўсё, агент бясьпекі. Такія ўмовы экскурсійнай паездкі. Гэты чалавек будзе суправаджаць яго па Менску, не адстаючы ні на крок, ягонае заданьне — каб Скіма пабачыў толькі тое, што яму прадпісана пабачыць.

Гэтая здагадка супакоіла Скіму. Вядома, такі паварот ствараў шмат праблем, але ён здолее ўсыпіць пільнасьць гіда. І наогул пастараецца ад яго пазбавіцца. Скіму не цікавілі пампэзныя імпэрскія помнікі, калгасы і парады вайсковай тэхнікі. Яму было напляваць на музэі Трох Перамог і на Бібліятэку Пушкіна. І на балет у Бальшой ён не зьбіраўся.

Скіма ішоў на вуліцу Сіадыч. Куды б яго ні вялі, ён мусіў трапіць на вуліцу Сіадыч.

І тады гэты брэх, які дакучаў яму, нарэшце змоўкне. І пастаялец з “Розэнгартэну” атрымае імя і жыцьцё, якое ён пражыў ня горш за іншых. І цудоўныя вершы, якія Скіма абавязкова прачытае, атрымаюць аўтара. І кнігарні Эўропы змогуць спачыць у сваіх папяровых магілах.

І тады ён паспрабуе вярнуцца.

Аднак адкуль ён ведае, што я — ня Маці Марцінэн?..

Адкуль, шайсэ, адкуль?

“Куды мы ідзем?” — спытаў Скіма, адчуваючы ўсё большы неспакой.

“У гатэль, вядома, — адгукнуўся ягоны гід, накідваючы капюшон. — Гэта гатэль “40 гадоў Перамогі”. Засталося недалёка”.

“Мы маглі б узяць таксі? — прапанаваў Скіма. — Праўда, у мяне няма вашых рублёў. У вас можна заплаціць карткай? А яшчэ я выпіў бы кавы...”

Чалавек хмыкнуў і, падавалася, усьміхнуўся, паказаўшы свае страшныя зубы.

“Як вас завуць?” — спытаў Скіма.

“Вам абавязкова трэба гэта ведаць?” — чалавек паглядзеў на яго з сумневам.