“Было б добра”, — сказаў Скіма, стукаючы зубамі ад холаду.
“Ах так, — сказаў ягоны гід. — Гэта ў нейкім сэнсе вашая праца. Даваць імёны”.
Скіма спыніўся і, нягледзячы на холад, працягнуў руку і скінуў капюшон з галавы гіда. Той зноў усьміхнуўся.
“Вы ведаеце, хто я?”
“Давайце пойдзем у гатэль, засталося зусім няшмат, — гід махнуў рукой у бясформенным рукаве. — Калі вам гэта трэба — добра, завіце мяне Ён. Гэта кароткае імя, якое цяжка забыць”.
І Скіма зноў пакорліва рушыў туды, куды паказаў ягоны праважаты.
“Што да кавы, дык вы можаце выпіць яе ў гатэлі, — сказаў Ён, рухаючыся між глыбаў узарванага сьнегу. — Там у нумары электрычны чайнік. А вось на таксі вам ня хопіць. У вас на рахунку зусім сьмешная сума. Паберажыце грошы, Тэрэзіюс. Вам патрэбная гэтая ілюзія”.
“Якая ілюзія?”
Але яны ўжо дайшлі да будынку, які хаваўся за высокімі чорнымі ялінамі. У гэтым горадзе не зьбіралася віднець. Унізе на рэцэпцыі сядзела маладая дзяўчына і чысьціла пазногці. Скіма пайшоў да яе, але ягоны гід прытрымаў яго за плечы.
“Ня трэба яе турбаваць, усё ў парадку”, — сказаў ён ціха і паказаў Скіму, каб ён ішоў да ліфта.
У поўным маўчаньні, пад пагрозьлівы скрыгат тросаў, яны падняліся на трэці паверх. Ён штурхнуў дзьверы нумару і запрасіў Скіму ўвайсьці.
“Вось чайнік, — сказаў ён. — Вось кава. Распушчальная кава, якую вы так ня любіце, але паверце, гэта ня так ужо й важна. Вы можаце паспаць, а я пасяджу тут”.
“Вы не пакінеце мяне ні на сэкунду, наколькі я разумею?” — спытаў Скіма, азяблымі рукамі ставячы ваду.
“Як і вы мяне, — хітнуў галавой Ён. — Піце і сьпіце. У нас яшчэ шмат справаў”.
“А ў прыбіральню? Я магу схадзіць у прыбіральню? Сам?”
“Вядома”, — ціха сказаў Ён.
Скіма зачыніўся ў прыбіральні, але там не было ні акенца, ні іншых дзьвярэй. Вядома.
“Гэта, вядома, ня “Розэнгартэн”, — прамовіў Ён, калі Скіма выйшаў, выціраючы рукі шорсткім ручніком.
Скіма сеў на ложак, аблізнуўся і важка і сур’ёзна сказаў усё тое, што мусіў.
“Вы шмат пра мяне ведаеце. Магчыма, усё. Я ня веру ў цуды. Але ў дадзены момант, дарагі Ёне, мне напляваць на тое, адкуль у вас такая абазнанасьць. Я мушу раскрыць таямніцу. Мушу завяршыць справу. Таму, хочаце вы гэтага або не, я выпраўляюся на вуліцу... Сіадыч. Магчыма, вы ведаеце і пра гэта. У такім разе або дапамажыце мне, або мы разьвітаемся, як толькі я дап’ю гэты дзіўны напой”.
Ён маўчаў, гледзячы некуды скрозь Скіму.
“Дык як вам мая прапанова?” — Скіма нарэшце дачакаўся кіпню і з асалодай схапіў гарачы кубак з выявай нейкіх салдатаў.
“Сядых, — сказаў нарэшце Ён, тужліва пахітаўшы галавой. — Вуліца называецца Ся-дых”.
“А вось гэта і праўда няважна, — злосна сказаў Скіма. — Я дабяруся туды і бяз вашай дапамогі. Я ня ведаю, хто вы, падпольшчык, агент расейскай бясьпекі ці проста вар’ят. Але выбірайце: або так — або так”.
“Не сьпяшайцеся, Скіма, — прамовіў гэты невыносны Ён, разглядваючы твар Тэрэзіюса зь цяжкаўлоўнай маркотай. — Вы ўжо нічога не паправіце. Тут, у гэтым сьвеце, ад вас нічога не залежыць”.
“Я чуў, што такое Райх”, — высакамерна сказаў Скіма.
“Райх... — задуменна сказаў Ён. — Дас Райх... Так, вядома, расейская імпэрыя. Якое глупства. Азірніцеся вакол, Скіма. Хіба вы нічога не заўважаеце?”
Скіма міжволі азірнуўся. Пакой як пакой. Убогая сьціпласьць, эканомная і д’ябальская ў сваім імкненьні падацца ўтульнасьцю.
Ён прылёг на падушку, спадзеючыся, што ягоны гід — ці кім там быў насамрэч гэты загадкавы і злавесны мужык — зьнікне. Калі ён і праўда ведае пра Скіму так шмат — мусіць ведаць і тое, з кім мае справу.
Цудоўным чынам ён адразу ж заснуў. А калі расплюшчыў вочы, Ён усё гэтак жа сядзеў на тым самым месцы і глядзеў у адну кропку. Скіма паспадзяваўся, што ягоны навязьлівы гід заснуў — але той бяззуба ўсьміхнуўся і падняўся зь месца.
“Ідзіце ў душ — і пойдзем глядзець горад”.
За сьцяной завыў сабака. Скіма пачуў — і сам зьдзівіўся шалёнай радасьці, якая яго раптам апанавала.
“Сядых, — сказаў ён весела. — Горад цікавіць мяне пераважна гэтай часткай. Спадзяюся, яна не занадта інтымная?”
Цікава, ці ёсьць тут кнігарні? І як яны выглядаюць? Як “Апошняя кнігарня” ў Бэрліне, або як Шэксьпір са сваёй жаночай кампаніяй? Тэрэзіюс Скіма падстаўляў грудзі і шыю цёплай, па-сапраўднаму цёплай вадзе і думаў пра тое, што хоча пабачыць кнігі.
Шмат старых кніг. І прадаўца, якога не адразу заўважыш між іхных мёртвых гор.
Удыхнуць іх пах — і адчуць сьлед.
Ён скінуў апранахі Марцінэна, але падумаў і вырашыў, што тут лепш усё ж будзе надзець штаны. А пад штаны, канечне, калготкі. Быць мужчынам. У Менску гэта важней — але халера яго бяры, Скіма ўсё роўна не зусім уяўляў сабе, што яны тут разумеюць пад гэтым словам. Насамрэч самым правільным відам вопраткі тут была такая куртка, як у чортава Ёна: насунуць на сябе гэты сшыты ворах шчыльнай тканіны і быць абароненым ад ледзянога ветру і менскага імпэрскага марозу.