Выбрать главу

“Из дома вышел человек в цилиндре и очках”, — прамовіў Ён, паглядзеўшы на Скіму, які ўзьдзеў на нос цёмныя акуляры. Яны выйшлі на гэты калючы, сьляпучы мароз, які, тым ня менш, быў прыемны пасьля віленскай пранізьлівай вогкасьці. Ісьці па сьнезе было зручна — Скіма наўмысна абмінаў вычышчаныя ад наледзі асфальтавыя сьцежкі і ступаў так, каб пад нагамі хрумсьцела як мага больш музычна.

Яны ішлі па шырокім праспэкце — пакрысе, напаўголасу, Ён пачаў расказваць пра будынкі, прамовіў некалькі разоў, скрывіўшыся, пра “сталінскі ампір”, і паглядзеў на рэакцыю Скімы. Але той узіраўся ўважліва ў белы праспэкт, удалечыні якога зьбіралася чырванаватая імгла. Яны зайшлі ва ўнівэрсам (“Цэнтральны”, як патлумачыў Ён, падняўшы палец) — і выпілі там кавы, і Скіма падумаў, што дзеля гэтага смаку ён гатовы дараваць Ёну некаторыя рэчы. Напрыклад, ягонае ўпартае нежаданьне раскрываць карты.

Прамінуўшы прасторную, але абсалютна пус­тую плошчу, яны спыніліся перад танкам, і Ён расказаў, што існуе верш, які пачынаецца словамі “Дзяўчаты мыюць танк ля Дому афіцэраў...” Скіма разумеў, што танк стаіць тут ужо стагодзьдзе, і ўсё ж яму здавалася, што ўсё ў гэтым горадзе ненатуральнае, усё зробленае менавіта для яго, усё прасілася быць расказаным і апісаным — але Скіма не дазваляў сабе марнасьці, яму патрэбныя былі тры рэчы, пра якія ён не стамляўся сабе нагадваць, якія гучалі рэфрэнам на менскім сьнезе:

Сядых. Рака. Камень.

Яны спусьціліся ўніз і прайшлі праз парк, і менавіта там, сярод засьнежаных дрэваў, Скіма раптам пачаў гаварыць. Ён слухаў, не перапыняючы, ён ціхенька пасопваў носам, і Скіму падавалася, што Ён хоча сказаць яму: я ведаю, ведаю, але гавары, гавары, табе трэба гэта вымавіць. Зрэшты, часам сапеньне Ёна набывала ўхвальны тон — ці гэта толькі здавалася Скіму між бязьлюднага парку? Яны выйшлі на круглую плошчу, у цэнтры якой стаяў помнік: выцягнуты вастрыём да неба кій, у падножжы якога замерлі каменныя фігуры людзей са зброяй у руках.

Так ён і ўяўляў сабе Райх.

У імкненьні да неба — і з прыціснутымі да самай зямлі постацямі ўяўна жывога.

А Ён ужо клікаў яго схаванай у рукаве лапай у арку. Скіма, стараючыся не паддавацца занадта відавочна гэтаму ўладнаму маўкліваму жэсту, пайшоў за ім.

Не мінула і хвіліны, як яны выйшлі да нізкага белага будынку, на шчацэ якога была намаляваная дзіўная літара Ў. Ён лёгка падняўся па прыступках — Скіма паслухмяна ўвайшоў за ім...

Тут стаялі кнігі.

Скіма прыплюшчыў вочы і агледзеўся.

У невялікім пакоі, вакол століка, які займаў увесь кут, гаманілі чалавек дзесяць беларусаў. Яны выдавалі цалкам шчасьлівымі людзьмі — і Скіма, які ўвесь час шукаў вачыма ў гэтым горадзе расчараваньне і немату, зноў адчуў, што яго падманулі. Людзі пілі віно і махалі рукамі, забаўна мружачыся — ніхто не зьвярнуў увагі на іхную пару.

Ён падышоў да стала і наліў віна ў плястыкавыя кубкі. Адзін уручыў Скіму, а другі паставіў проста на кніжную паліцу.

Ніводзін з гэтых вясёлых людзей, якія напаўнялі кнігарню сваімі перабольшана жывымі галасамі, не запытаўся, хто яны. Магчыма, гэта былі знаёмыя Ёна — але Ён ні з кім не павітаўся, нікому не паціснуў рукі. Ён проста стаяў на фоне рознакаляровых кніжных паліц і глядзеў на Скіму — не адрываючыся, сур’ёзна і сумна.

“Я ня думаў, што ў Райху людзі могуць гаварыць так гучна”, — сказаў Скіма, проста каб нешта сказаць.

“Райх... — зноў адгукнуўся Ён. — Дас Райх. Скіма, адзіныя імпэрыі, якія тут ёсьць, гэта “Империя обоев” и “Империя вкуса”... Гаварыць? Так, яны могуць”.

“Што яны яшчэ могуць? — спытаў Скіма. — Я бачу, што ты ведаеш пра іх усё. Як і пра мяне. Тады пакажы мне, на што яны яшчэ здольныя. Скамандуй ім. Сваім малпам”.

Ён змрочна ўсьміхнуўся.

“Ты і праўда паверыў, недзе на сярэдзіне твайго падарожжа, што пастаялец з “Розэнгартэну” зрабіўся такі малы, што змог сесьці на гусака і ўцячы за мяжу? — спытаў Ён, і пад ягонымі ботамі ўсё цямней і цямней рабілася лужына ад набранага ў рабрыстыя падэшвы сьнегу. — Але скажы мне, Скіма, чаму ты нават не дапусьціў такой магчымасьці, што на гісторыю пастаяльца можна зірнуць зь іншага боку?”

“Зь якога?”

“Што, калі гэта не пастаялец ацалеў пасьля палёту, пакінуўшы сабе на памяць пяро? А гусак зрабіўся чалавекам — і апошняе пяро, якое нагадвала яму пра яго птушынае паходжаньне, захаваў у якасьці талісмана?”