Выбрать главу

“Я жыву тут недалёка, — сказаў я. — Хоць сагрэемся”.

І пацягнуў Каштанку за руку.

Вецер ганяў па вуліцы бястварых мінакоў, у сьвятле ліхтароў пагойдваліся, як разьвешаныя на нябачных вяроўках, сінія надзьмутыя плашчы, зялёныя, чырвоныя, апэльсінавыя, чорныя, белыя курткі... Па Нямізе прабіраліся машыны, асьвятляючы адна адну фарамі, спыняючыся, аб’яж­джа­ючы — быццам усе тут шукалі некага аднаго, зьбеглага страшнага злачынцу, якога небясьпечна лавіць у адзіночку. Моўчкі мы дайшлі да майго дому з мэмарыяльнай дошкай. За рогам вуліцы не было ветру, профіль савецкага дзеяча праплыў міма нас, нібы мы апынуліся ў нейкім чорна-белым фільме, фільме без дыялёгаў, кіно не для ўсіх.

Толькі ў кватэры вусьціш паціху разьвеялася.

Я зрабіў Козьліку і Каштанцы гарбаты, а сабе наліў таннага віна — поўную шклянку.

“Марозіва ў мяне няма”.

“Я праверу”, — Каштанка кінулася на кухню.

“Якая бессаромная хлусьня!” — яна зьявілася ў пакоі са скрынкай шакаляднага.

Я ня ведаў, адкуль яно тут.

“Ня сорамна так падманваць бедную школьніцу, ОО?” — Каштанка села на мой ложак побач з Козьлікам.

“Гэта жонка купіла, — сказаў я. — Напэўна”.

“У вашай жонкі добры густ, — Каштанка з інтарэсам азіралася вакол. — Ой, можа, нельга? Я пастаўлю назад”.

“Жары, — дазволіў я. — А вось гэта пакладзі назад. Маленькая яшчэ”.

Каштанка акурат пацягнулася да кнігі Франсуазы Дарлён, рука яе замерла, яна нахмурылася — але я вырваў кнігу з рук і схаваў у шуфляду. Зірнуў на Козьліка — ён запусьціў указальны палец у бараду і чухаў там, чухаў, круціў, як ненармальны.

Каштанка паціснула плячыма і ўзялася за марозіва.

“На Раство мы з бацькамі зноў едзем у Бэрлін, — сказала яна. — Прымаю замовы. Ад Козьліка. Прывязу любую кніжку. А вам, ОО, нічога не прывязу. Помста. За тое, што не далі паглядзець, што за альбомчык”.

“Як ты сказала? Як ты назвала Каляды?”

Што за дзяўчом яна была. Каб сказаць Раство на бальбуце, трэба мець не абы-якое мысьленьне. Тое, што прыдумала Каштанка, гучала проста дасканала.

Я сказаў бы: Dinuta kroskoje mautima kau bu kovtuzu.

Дзень малога хлопца, які ўратуе.

А хутчэй проста: Kaladutika. Kristmasuta.

Яна ж сказала так: dinuta nebroje kovtima.

Дзень няхуткага ратаваньня.

І ўсё ж мы ўсе зразумелі, што яна мела на ўвазе. Мы даўно былі настроеныя на адну хвалю — хвалю бальбуты, і яна несла нас невядома куды і пагражала зваліць у вір, але мы ўжо навучыліся захоўваць раўнавагу.

Каштанка раптам засумавала.

“Марозіва нясмачнае? — я павярнуўся да яе ў сваім старым кампутарным крэсьле. — А я казаў табе... Смачнага марозіва ўжо даўно няма. Яго перасталі рабіць, калі ты яшчэ ў пампэрсы какалася”.

“Ды не... — Каштанка махнула лыжачкай. — Так, успомніла”.

“А давайце папрацуем, — нецярпліва сказаў Козьлік. — Слоўнік жа гатовы. Можна зьвесьці ўсё разам. У вас ёсьць прынтэр?”

Каштанка забралася на мой ложак з нагамі.

“Не, прынтэра няма, я ўніз хаджу, там нейкі цэнтар капіравальны, — адказаў я, ня зводзячы вачэй з Каштанкі. — У мяне ўсё ў сшытках... Дык пра­цуем?”

“Толькі давайце на падлозе, — Козьлік саскочыў і разьлёгся на маім нячышчаным дыване. Дакрануўся да яго шчакой, правёў па пыльным старым ворсе. — Тут файна!”

“Каштанку замарозім”.

“Такую замарозіш. Вунь як жарэ, і не бярэ яе ніякая халера”, — Козьлік млява расклаў на дыване свае вялікія рукі.

Каштанка апусьцілася на дыван, не перастаючы задуменна класьці ў рот марозіва — лыжачку за лыжачкай. Я неахвотна апусьціўся побач зь імі.

Нічога не адгукалася. І чамусьці цягнула да кнігі Франсуазы Дарлён. Цікава, калі б Каштанка разгарнула яе — можа, яна зразумела б? Адчула, што мела на ўвазе гэтая вар’ятка?

Ніхто з нас ня рухаўся. Козьлік ляжаў на сьпіне, гледзячы проста ў маю люстру, у якой ляжалі высушаныя хто ведае ў якім годзе памерлыя мухі. Можа, яшчэ за саветамі. Каштанка сядзела побач зь ім, падагнуўшы пад сябе ногі ў цёплых чорных калготках. Я ляжаў на баку і скуб ворс.

“Проста я ўспомніла, як раней бацькі езьдзілі ў Бэрлін безь мяне, — прамовіла Каштанка, адставіўшы ўбок скрынку з марозівам. — Мне было трынаццаць. Яны пакінулі мяне разам зь цёткай Галяй. Можна, я раскажу? Мне чамусьці вельмі захацелася. Я хутка”.

“Мы працаваць зьбіраліся...” — незадаволена рып­нуў Козьлік.