“Расказвай”, — сказаў я ўладна і дапіў віно.
“Добра. Цётка Галя, маміна стрыечная сястра, мяне ненавідзела. Я гэта ведала і вельмі не хацела зь ёй заставацца. Але бацькі ўперліся: гатэль на дваіх, куды мы цябе паселім, там канфэрэнцыя, зь дзецьмі ніхто на такія штукі не прыяжджае. Ага, канфэрэнцыя. Каляды на двары. У Бэрліне вайнахтсмаркты, вурст міт зэнф, бананы ў шакалядзе, дурная музычка, ад якой хочацца рагатаць, як пасьля травы, глювайн для дарослых, а для дзяцей — пунш, ад якога адрыжка такая, быццам у глотцы калейдаскоп — ведаеце такія дзіцячыя калейдаскопы, прыставіш да вока і ня можаш спыніцца, так бы і глядзела не адрываючыся, пакуль не асьлепнеш... Яны проста ад мяне адпачыць хацелі. Па Бэрліне пагуляць, сэксам спакойна пазаймацца, па музэях пахадзіць — быццам бы я ім некалі замінала хадзіць па музэях. Ды я сама іх першая заўжды цягнула...
Але рабіць не было чаго. Раніцай бацькі паехалі ў аэрапорт, а па абедзе прыехала цётка Галя. Накарміла мяне — ёй усё здавалася, што маці ня ўмее гатаваць, і яна зварыла боршч. Ненавіджу боршч. Я наогул тады хацела зрабіцца вэгетарыянкай. Увесь вечар я ляжала і чытала “Дублінцаў”. А цётка Галя ляжала ў суседнім пакоі і глядзела нейкае расейскае гаўно. Сэрыял, ага. І ўсё клікала мяне: Наташа! Наташа! Давай ко мне, ха-ха-ха, тут такое показывают, я не могу. Наташа! Дагэтуль голас яе ўвушшу стаіць — брыдкі, як сала ў баршчы. У некаторых людзей дар — замінаць іншым чытаць. У цягніку, напрыклад. Ці ў кавярні. Ці ў пустой кватэры ў сьнежні — калі бацькі ў Бэрліне, “Дублінцы” ў цябе на каленях, а ў вачах сьлёзы, і на сэрцы жабка. А нехта нічога такога ня бачыць, ня чуе, не разумее. І крычыць. У некаторых людзей гэта іхны адзіны дар.
Ну, вы ведаеце. Вы ж — ведаеце?”
І Каштанка зірнула на нас з такой надзеяй у вачах, што мы толькі змрочна прамычэлі нешта. Цяпер яна выглядала так, як і мусіла выглядаць амаль шаснаццацігадовая дзяўчына — наіўнай, ранімай і ўпэўненай, што недзе ёсьць істоты, здольныя яе зразумець. Я падумаў, што расказваючы нам сваю гісторыю, яна абыходзіцца бяз гэтых сваіх афрыканскіх прымавак. Упершыню. Напэўна, мы першы раз чулі сапраўдную Каштанку — а ня тую, якую яна прыдумала замест сябе.
“Калі сэрыял скончыўся, цётка Галя паклікала мяне вячэраць. Чамусьці яны так шмат жаруць, такія цёткі. Я адмовілася — яна пакрыўдзілася, доўга грымела посудам, мармычучы ўголас, так, каб я чула, што я няўдзячная, сапсаваная, капрызьлівая, але — і тут цётка Галя прыйшла да мяне і села на край ложка — што мяне можна вылечыць. І што заўтра мы паедзем некуды, дзе мне з галавы дурату павыбіваюць. Я ня слухала, я ўжо тады ўмела рабіць так, што сьвет быццам бы выключаўся, засынаў, заставалася толькі я, вольная і ўсёмагутная: у такія моманты я магла рабіць, што хачу. Дурная цётка, якая заўжды паўтарала маім бацькам, што мной варта заняцца, інакш позна будзе — вось гэтая вось дурная цётка зьнікла некуды, я была ў зусім іншым горадзе, і вакол мяне сноўдалі зусім іншыя людзі, важныя і разам з тым такія простыя, што мне хацелася зь імі загаварыць. Цётка Галя нарэшце заўважыла, што я яе ня слухаю, і гэта прывяло яе ў шаленства — яна ўзяла мяне за руку і пацягнула ў іншы пакой, і пасадзіла побач з сабой, і ўключыла нейкую пе-ра-да-чу, я заўжды вымаўляю гэта менавіта так: пе-ра-да-чу, бо варта сказаць гэтае слова так, як яны, і сама апынешся ў пе-ра-да-чы, і загінеш там, застанешся пе-ра-да-чыць, я даўно гэта вывучыла, некаторыя словы трэба драбніць на склады, каб пазбавіць іх моцы, каб уцячы ад іх, разьбітыя на склады, яны нічога ня могуць з табой зрабіць... “Цё-тка-га-ля, — сказала я. — Цё-тка-га-ля...” і паўтарала так, сьмеючыся, пакуль цётачка побач са мной не азьвярэла: заткнісь! — раўла яна, — заткнісь, ты бальная, заткнісь! — а я ўсё паўтарала:
Цё-тка-га-ля-цё-тка-га-ля,
я магла гэта паўтараць да бясконцасьці, пакуль бацькі ня вернуцца, мне было няцяжка паўтарыць гэта мільярд разоў. Яна зацягнула мяне ў ванны пакой, разьдзела, засунула пад ледзяны душ, але я паўтарала свой заклён, тады яна дала мне нешта выпіць, і я ўжо проста варушыла вуснамі — было так холадна, што я думала, зараз памру — і вось я ўжо проста ляскала зубамі, і ўсё роўна дзяліла цётку на склады, дзяліла, дзяліла, дзяліла, пакуль не адключылася.
Я прачнулася рана: цётка Галя стаяла нада мной і шыпела. Я й ня ведала, што яна ўмее так шыпець — нібы зь яе паветра выходзіла. Яна апранула мяне, гідліва, пасьпешліва, паўтараючы, што я абарванка, маленькі бомж, і што бацькі мае перад богам адкажуць за тое, што выгадавалі такую дачку. “Но я помогу, помогу, — шыпела яна, штурхаючы мяне ў калідор. — Как жа сестре не помочь. Сичас поедем, съездим в одно место, к бабушке, приедешь домой человеком, перестанешь папу с мамой мучить”. Сонца яшчэ ня ўстала, а мы ўжо выходзілі з пад’езду, нас чакала машына, а ў ёй — цётчын Галін муж, дзядзя Слава. Цётка затаўкла мяне ў машыну, памалілася, і мы паехалі — я сядзела побач зь цёткай Галяй, якая моцна ўчапілася мне ў руку, быццам баялася, што я выскачу на хаду. А я была нібы ў сьне — і ў галаве круцілася думка, што яна мне нешта падсыпала ўчора, падсыпала атруту ў шклянку, аб якую я ледзь не зламала зубы...