Выбрать главу

Мы выехалі з гораду, і толькі тады сонца зьявілася над намі — цётка Галя выглядала так вусьцішна ў ягонай чырванаватай сьвецені, што я закрычала. Але крык не вырываўся, ніяк не вырываўся, яна заляпіла мне рот далоняй. “Быстрей, — камандавала яна дзядзьку, — быстрей, ты што, не видишь, плохо нашей девочке, не хватало еще в больницу попасть. Сичас, сичас бабушка тебя полечит...”

Мы імчалі па шашы, а я думала пра бацькоў. Ці ведаюць яны, ці здагадваюцца, што са мной і дзе я? А калі даведаюцца, што скажуць? “Нічога, — скажа тата. — Мы павінны быць удзячныя Галі, яна хацела як лепш. Навокал ня так шмат людзей, якія хочуць як лепш. Хіба з табой здарылася нешта благое, Наталка? Не, новы досьвед. Гэта важна. Мы мусім цаніць новы досьвед. Ён дастаецца нам абсалютна бясплатна”. І засьмяецца. Мілы тата. Ён у мяне такі добры. А мама скажа: “Урэшце, Галя мела рацыю. Ты і праўда паводзілася не найлепшым чынам. Божа, калі тое, што яна расказала, праўда — усе гэтыя гістэрыкі, крыкі, ігнараваньне, сьвінячыя выхадкі — я яе разумею. Ты пакрыўдзіла яе — безь ніякіх падставаў”.

Так яна скажа, мама. Калі даведаецца.

Я супакоілася. Дапамогі чакаць не было адкуль.

“Бацькі ведаюць, куды ты мяне вязеш?” — раптам спытала я. Цётка Галя так зьдзівілася, што я гавару зь ёй нармальнай мовай — нават руку адпусьціла.

“Да, конешно! — схлусіла яна. — Я им позвонила. Они же умные люди. Переживают за тебя. Не хотят, чтобы ты всю жизнь прожила дурочкой”.

Дзядзька Слава з палёгкай уздыхнуў і ўключыў радыё.

Так мы і праехалі гадзіну, потым другую — пад радыё, якое не змаўкала ні на сэкунду. Але мне было ўжо ўсё роўна.

Нарэшце мы павярнулі з шашы і паскакалі, папаўзьлі, патрэсьліся па лясных дарогах, міма вёсак, правальваючыся ў сьнег, аб’яжджаючы па некалькі разоў размоклыя сьметнікі, пытаючыся дарогу, а потым сталі. Цётка Галя насунула на мяне шапку, закруціла на шыі шалік — нібы задушыць хацела, узяла за руку... І мы пайшлі празь лес. Я, вядома, адразу пра братоў Грымаў успомніла. Завядзе мяне цётка ў гушчар і кіне. Такая пэрспэктыва мяне так узрадавала, што я ўжо пачала ўяўляць, чым займуся. Знайду хутар і застануся там жыць. Прыкінуся хлопцам, наймуся ў парабкі, буду на сене спаць, разам са сьвіньнямі, і так пражыву ўсё жыцьцё, да гадоў дваццаці пяці, а потым мяне конь капытом у скронь стукне, і я памру на месцы, мяне пакладуць на вясковых могілках, на месца, дзе ўжо нехта ляжыць, і поп прыедзе, нап’ецца, малітву п’яную прачытае, словы забываючы, а праз год ужо і ня ўспомніць ніхто, што быў такі хлапчына.

Сур’ёзна. Пра гэта я і думала. Але лес расступіўся, наперадзе возера бліснула, побач з возерам хатка бокам, цётка Галя перахрысьцілася і павяла мяне па каляінах ад шынаў аўтамабільных проста на падворак.

“Бабушка! — крыкнула яна, азіраючыся. — Бабушка!”

З хаты кот выйшаў, паглядзеў на яе важна, сеў, лапу лізнуў.

“Бабушка!”

Цётка Галя мяне з катом пакінула, а сама ў хату пайшла. Я паглядзела на ката — а ён на мяне.

“Чаго прыехала? — спытаў кот. — Па запісі? Ілі па жывой очарадзі?”

“Па жывой”.

“У нас строга, — сказаў кот. — Прэдупрэждаць нада”.

“Я непаўналетняя, — патлумачыла я яму. — Я зь цёткай. Яна мяне забіваць прывезла. У вас тут як, хутка забіваюць? Ці трэба пацярпець?”

“Спэцыялісты ў нас найлепшыя, — сказаў кот. — Бабка так робіць, што пікнуць не пасьпееш. Чык — і ўжо гатова. Но падаждаць прыдзёцца. Ана адна, а вас многа”.

“Дзе ж многа? Я і цётка”.

“Не сязон, — пагадзіўся кот. — Да бабкі вясной усе едуць. У лесе зімой заблудзіцца можна. А ты гэта... Можа, уцякай? Пакуль ня позна. Нехарошы чалавек твая цётка. Я такіх за кілометар чую”.

“Не магу, — сказала я. — Хай забівае. Можа, ёй гэта дапаможа. Можа, ёй зусім чутачку не хапае, каб добрай стаць. Мяне заб’е — і стане шчасьлівая, спакойная. Я гатова. Ахвяраваць сабой — гэта сьвятое. Так мяне мама з татам вучылі”.

“Дурныя яны, — сказаў кот. — Ну, ладна. А ты што любіш? Перад тым, як памерці, трэба нешта прыемнае ўспомніць”.

“Мовы, марозіва і мужчын”, — адказала я.

“Гэтага дабра ў нас хапае, — кот абвёў лапай навакольле. — Сьнег за горадам — смаката. Мовы — дык у бабкі маёй такім мовам можна навучыцца, што табе і ня сьнілася. Нават неандартальскай. Ты па-неандартальску як, кумекаеш?”