“Не”, — прызналася я.
“А яна — можа! — падняў лапу кот і адкусіў сабе кавалак жаўтаватага кіпцюра. — Ну, а мужчыны...”
“Што мужчыны?”
“Ну, падумай... Паглядзі навокал”.
Я азірнулася. Лес, возера, сьнег. Я нахілілася, схапіла жменьку ліпучага сьнегу, лізнула. І праўда — смачна.
“Ня бачу я ніякіх мужчын”.
“Ты што, сьляпая? Дык да афтальмолага табе трэба, а не да бабкі! Паглядзі перад сабой, боўдзіла!”
Я паглядзела на прагнілыя дзьверы хаты.
“На мяне паглядзі, — кот размаўляў такім голасам, быццам бачыў перад сабой ідыётку. — Я што, баба? Вось... дайшло... Яйцаў ня бачыш? Усе вы такія. Так, правільна, пагладзь. Можаш тут. І тут. А тут ня трэба. Малая яшчэ”.
“Наташа!” — скрыпнулі дзьверы, кот ледзь пасьпеў адскочыць убок, цётка Галя выйшла і схапіла мяне за руку. Пацягнула ў хату — цёмную, страшную, сьмярдзючую. Завяла за печку.
За печкай стаяла бабка. Чорная, як негрытос, а вочы сінія. Я яе і не заўважыла б ніколі, калі б ня вочы.
“Я снаружы падажду”, — сказала цётка і выйшла. У хаце было цёмна, а стала яшчэ цямней. Толькі вочы бабчыны сінія на белым круціліся, у мяне ўпіваліся, бабка-п’яўка, страшная бабка, як сьмерць страшная.
Каб ня даць ёй мяне адолець, я пачала бабку на склады дзяліць:
Ба-буш-ка-ба-бу-шка-ба-бу...
Але на бабку гэта аніякім чынам ня дзейнічала. Яна паглядзела на мяне спадылба, але бяз злосьці, і працягнула руку. І я зразумела, што яна мяне разьдзявае. Перастаў душыць шыю шалік, адзін за адным адскочылі гузікі, і вось я стаяла перад ёю ў адных майтках, а бабка лёгка соўгала сваімі сухімі рукамі па маім целе.
“Гэта праўда, што вы неандэртальскую мову ведаеце, бабушка?” — спытала я шэптам. Я ўжо не баялася — мне было лёгка і цёпла. Нібы лета было за дзьвярмі гэтай хаты.
Мне падалося, што яна ўсьміхнулася. І тады я раптам пабачыла: восеньскі сонечны дзень, я сяджу за столікам, ем марозіва, двайную порцыю — і чую, як за суседнім столікам...”
“Хлусіш, — спакойна сказаў Козьлік, нэрвова тузаючы бараду. — Гэта ты толькі што прыдумала”.
Каштанка засьмяялася.
“Ньі ле кондзі ба ма унье ё о лоа?”
“Чаго?” — Козьлік перайшоў на беларускую
“Гэта мая любімая прымаўка, — задаволена сказала Каштанка. — Я ня ела арэхаў, чаму мяне мусіць імі ванітаваць? Так кажа кунду, калі яго абвінавачваюць у тым, чаго ён не рабіў. Я ня ела арэхаў — чаму мяне мусіць імі ванітаваць?”
“Цудоўная прымаўка, — мне і праўда настолькі спадабалася гэтая фраза — хоць сам на ўзбраеньне бяры. — Як там: я ня еў арэхаў — чаму я мушу імі ванітаваць? На бальбуце будзе так: au bim ne kusuzu trudoje strudutikama, parou sou au bu ottouduzu strudutima?”
“Ну, прыкладна так, — Каштанка задумалася, але не пра мой пераклад, пра нешта сваё, Каштанчына, замарожанае, белае, салодкае. — Табе лепш відаць”.
“Слухайце, мы працаваць зьбіраемся?” — Козьлік пагрыз кончык асадкі.
І тут я пачуў, як недзе далёка адсюль, яшчэ няўлоўнае, але ўжо жывое, цёмнае, абуджанае нашымі галасамі варухнулася, цяжка ступіла на зямлю... рушыла праз дамы і вуліцы... рассоўваючы рукамі вецер... зьдзімаючы курткі...
Верачка.
“На сёньня хопіць”, — сказаў я і ўскочыў з падлогі, абтрасаючы пыл са штаноў.
“Але мы...” — Козьлік неўразумела і ўмольна паглядзеў на мяне, учапіўшыся ў дыван, нібы я зьбіраўся адняць у яго нешта бясцэннае.
“Хопіць, — я лёганька таўхануў яго мыском нагі. — Вам трэба ісьці”.
Козьлік неахвотна падняўся, Каштанка пачала апранацца, думаючы пра нешта сваё.
“Хутчэй”, — я штурхнуў Козьліка ў мяккую сьпіну. Да дзьвярэй. Прэч.
“Вашая жонка...” — пачаў быў Козьлік, але я прыкрыў яму рот далоньню.
Яны выйшлі і сталі там, на парозе, чакаючы, што я скажу ім нешта на разьвітаньне. Але я проста моўчкі зачыніў проста перад іхнымі юнымі, такімі разгубленымі тварамі свае ненадзейныя дзьверы, якія ўжо не маглі мяне ўратаваць.
10.
Вось і выйшла, што наступны раз мы сустрэліся толькі пасьля Новага году. Нарэшце прыйшоў сапраўдны мароз: я нацягнуў старую лыжную шапачку — на якой ніхто ніколі не зьбіраўся вышываць слова “Майстар”. Козьлік быў у доўгай куртцы, такія акурат увайшлі ў моду, бясформенныя апранахі да калена, з-пад якіх маладыя козьлікі махалі тонкімі капыткамі ў вузкіх джынсіках і ідыёцкіх кедах. Як падстрэленыя, як казала мая бабуля. Затое Каштанка ўзімку выглядала проста шыкоўна — было відаць, што гэтым разам у Бэрліне яна ўсё ж паддалася спакусе і купіла сабе пару-тройку рэчаў, якія і праўда ёй цудоўна пасавалі: стылёвую чорную кепку, пад якой яе твар зрабіўся вузкім і зусім нянаскім, ды палітончык, што добра падкрэсьліваў талію, ды высокія боты на шнуроўцы... Дзяўчынка была з выклікам, нічога ня скажаш. Цяпер мы, швэндаючыся па горадзе, выглядалі так, быццам Каштанка і Козьлік былі гасьцямі з далёкай, недасяжнай Бальбуты — а я нагадваў менскага бамжару, які за выпіўку пагадзіўся быць іхным гідам. Праўда, бамжарам я быў клясы люкс: бо гаварыў па-інастраннаму ня горш за сваіх апекаванцаў...