“Клянетесь... — Буня пачухаўся, як малпа. — Мы вот что сделаем, Олег Олегыч. Пойдем счас к вам. Разберемся. Каштанка и этот... Козел... Часа еще не прошло, как они от вас ушли. Пойдем к вам, и я проверю. Я сразу пойму, чем вы там занимаетесь, от меня ничего не спрячешь. Я, по ходу, в таких делах шарю”.
Пагаджацца было нельга. Ні ў якім разе нельга было пагаджацца. Але недзе блізка, над намі, адчыніліся дзьверы, зазьвінелі ключы, зашаргатаў пакет. Нас маглі тут пабачыць. І гэта было б ужо занадта. Гэта магла быць тая самая суседка, падумаў я са страхам, відаць, гэта яна і ёсьць, спусьціцца зараз, пройдзе міма нас, кіне вачыма на мяне, на Буню, усьміхнецца, адзначыць у графіку, запомніць нашы разгубленыя пысы, нашы паставы: судзьдзі і абвінавачанага, сьледчага і паддосьледнага. Нельга, нельга было дазволіць, каб яна пабачыла.
“Ну, идём”, — я пайшоў на Буню, ён адступіў убок, я намацаў ключы і пасьпешліва затаўхаў ягоную аранжавую сьпіну ў цёмны калідор. Бразнуў дзьвярыма — і тут жа за імі пачуліся крокі. Я так і не пасьпеў зразумець, хто з суседзяў спускаўся па сходах. Але рашэньне было правільнае. Лепш так — чым прыцягваць увагу.
“Каштанка, — уцягнуў паветра ў свае шырокія ноздры Буня, калі я ўключыў сьвятло. — Каштанкой пахнет. Я ее запах знаю. Как собака. Ни с каким другим не перепутаю”.
Дома я асьмялеў. Упаў у сваё крэсла, уключыў ноўтбук, насьмешліва пачаў назіраць, як Буня ходзіць па пакоі, прынюхваецца, правярае ложак, шафу, падлогу і чамусьці аконную шыбіну, у якой мы адбіваліся зь ім, як героі нейкага чорна-белага трылера.
Ён выглядаў расчараваным. Схадзіў у прыбіральню, на кухню, з павагай спыніўся каля кніжных паліц.
“Книг у вас много, — сказаў Буня прысьмірэлым голасам. — Читать любите?”
Я засьмяяўся — і мне падалося, што ён адразу аслабнуў ад гэтага майго д’ябальскага сьмеху. Усьміхнуўся неўразумела, нават жаласьліва.
“Сколько бумаги... — працягнуў ён зь дзіўнай інтанацыяй чалавека, які апынуўся ў няёмкім становішчы. — Это ж надо столько бумаги исписать. Лесов вам не жалко, Олег Олегыч? Это ж надо. Тут же на пару тонн потянет. Бумажный вы человек, сразу видно”.
“Доволен?” — спытаў я.
“Ну, не знаю... — Буня сеў на мой ложак. — Ничем таким не пахнет. Ничего такого не видно. Одна бумага. Дышать из-за нее нечем. Может, и правда... Может, и не врете. Но тогда... Чем вы тут втроем занимаетесь?”
Я маўчаў. Я ня ведаў, што сказаць. Хлусіць была лянота. Я стаміўся.
“Не, ну правда. Что вы тут... Робіце? — раптам успомніў нашую любоў да беларушчыны Буня. — Размаўляеце? Можа, у вас тут запрашчонная секта? А, Олег Олегыч?”
“Мы вывучаем мову бальбута”, — сказаў я, павярнуўшыся да яго сьпінай. Добрая рэч гэтыя кампутарныя крэслы. Круць — і ў твар надакучліваму ідыёту глядзіць сьпіна.
“Чего? — голас Буні гучаў так сур’ёзна, што мне хацелася зарагатаць. — Это что за мова такая? Где на такой размаўляют?”
“В Карагандзе”.
“Что, правда?”
“Ды не, вядома, — я не стрымаўся і засьмяяўся. — Забаўны ты, Буня. Ты калі-небудзь чуў пра мову бальбута?”
“Не”, — сказаў ён шчыра.
Я зноў павярнуўся да яго.
“На сьвеце некалькі тысяч моваў, — я разглядваў ягоны круглы твар, на якім цяпер была тупаватая ўвага. — Ты мусіш мне паверыць. Ты ж ня ведаеш, што гэта за тысячы моваў. Так? Цалкам магчыма, што бальбута існуе. Проста ты ніколі пра яе ня чуў. Правільна?”
“Ну, по ходу, да”.
“А вось і ня правільна, — я прысунуў крэсла да яго. — Бальбуты не існуе, і ўсё ж мы на ёй гаворым”.
“Загадочный вы, Олег Олегыч, — сказаў Буня. — Каштанка таких любит”.
“Усё проста, ніякіх загадак, — мяне раззлавала, што ён усё думае пра сваю Каштанку ненаглядную, у той час як я тут яму новы сьвет адкрываю. — Бальбуту прыдумаў я”.
“Вы? А так можно? Придумать мову?”
“Не всем дано, — сказаў я горда. — А я прыдумаў. І на цяперашні момант, Буня, ва ўсім сьвеце толькі трое чалавек валодаюць бальбутай. Я. Козьлік. І Каштанка твая драгацэнная. Ацані”.
Буня ацаніў. Не скажу, што ён сядзеў з адкрытым ротам — але ў галаве ягонай, і я адчуваў гэта, закруціліся, зарыпелі іржавыя колцы, нэўроны кінуліся ўтвараць новыя сувязі, мозг напружана працаваў, пыхкаў, пляваўся парай і дымам, ператвараючыся ў тое, чым яго задумалі — складаны мэханізм, дадзены чалавеку ня толькі для таго, каб ведаць, як уключыць смартфон.
На маіх вачах нараджаўся новы чалавек.
І я ганарыўся гэтым. Можа, нават больш, чым калі адкрыў бальбуту для Козьліка і Каштанкі.
Я даў яму апамятацца. А затым загаварыў, гледзячы яму проста ў пашыраныя зрэнкі: