Выбрать главу

“Бальбутай ва ўсім сьвеце валодаюць толькі трое. Я. Козьлік. Каштанка. А ведаюць пра існаваньне такой мовы чацьвёра. Я. Козьлік. Каштанка. І яшчэ адзін чалавек. Назаві ягонае імя”.

“Не знаю я, — Буня паціснуў плячыма. — Откуда мне знать”.

“Ну, подумай. Як яго зваць?”

“Понятия не имею”.

“У яго сьмешнае імя”.

“Ну... Не знаю я”.

“Буня яго зваць, — нецярпліва сказаў я і закаціў вочы. — Буня. Каго ў гэтым пакоі завуць Буня? Мяне? Стол завуць Буня? Можа, тут сядзіць нейкі іншы Буня? Што ты дурня зь сябе ўдаеш? Чаць­верты — гэта ты. Ты цяпер ведаеш пра бальбуту, і я раблю з усяго гэтага такую выснову, лягічную і простую. Калі ўжо ты ведаеш, чым мы тут займаемся, дык мусіш вучыцца. Бальбута — мова настолькі простая, што ёй можаш авалодаць нават ты”.

Буня маўчаў, агаломшаны маім наступам і ўсёй той інфармацыяй, якая раптам абрынулася на яго. Відаць, ён усё яшчэ ня надта мне верыў. Але я ўжо ведаў, як яго пераканаць. Раскрыў файл з бальбутай для пачаткоўцаў і пачаў тлумачыць.

Буня выявіўся здольным вучнем. Ужо праз паўгадзіны да яго дайшло, чаго я ад яго хачу. Праўда, ягоная мэркантыльнасьць мне замінала. Ён ва ўсім намагаўся знайсьці практычны сэнс. І ўсё думаў пра сваю Каштанку — замест таго, каб сканцэнтравацца на філязофіі бальбуты, якую я імкнуўся ўбіць у ягоную стрыжаную галаву. Зрэшты, гэта быў чалавек, які меў для вывучэньня моцны стымул: калі да Буні дайшло, што цяпер ён ня толькі ведае таямніцу Каштанкі, але і зможа размаўляць зь ёй на адной мове, ён акрыяў і кінуўся працаваць з падвоенай сілай.

Надышла ноч. Трэба было зрабіць перапынак, бедны Буня выглядаў дохленькім ад усяго, што адбылося зь ім гэтым дзіўным вечарам. Я пайшоў на кухню, наліў сабе віна, а Буню зрабіў кавы. Вярнуўся — і засьпеў яго з кнігай Франсуазы Дарлён у руках. Ён ня мог адарвацца ад малюнкаў. Дзіва што.

“Корпаешся ў маім стале? — сказаў я сталёвым голасам. — Ведаеш, Буня, у маім доме гэта забаронена. І калі ўжо мама цябе не навучыла, што лазіць па чужых рэчах кепска, дык і я наўрад ці навучу. Давай, ідзі, тупай дамоў, і каб я цябе больш ня бачыў”.

“Да ладна, Олегыч, — прымірэнча сказаў Буня. — Я случайно. Открыл, а тут такое...”

Я расказаў яму коратка, што гэта за кніга, і схаваў Франсуазу ў шуфляду.

“Тайна что пиздец, — ухваліў Буня. — А можна мне яшчэ разок зірнуць?”

“Не”.

“І ўсё ж вы, Олег Олегыч, той яшчэ вычварэнец, — засьмяяўся Буня, шумна адпіўшы гарачай кавы. — Хоць і не ў такім сэнсе, у якім я думаў”.

Я з гордасьцю паглядзеў у акно.

Буня сышоў ад мяне раніцай, узяўшы з сабой раздрукоўкі, што валяліся пад сталом. Некалі я зрабіў іх проста так, невядома для каго, мне падабаўся іхны выгляд. А цяпер іх папера служыла важнай і цяжкай справе. Справе жывых і тонкіх, як кніжныя старонкі, людзей, пра існаваньне якіх я яшчэ дзесяць месяцаў таму ня меў ніякага ўяўленьня.

11.

Я вырашыў пакуль не расказваць пра Буню ні Козьліку, ні Каштанцы. У мяне зьявілася вар’яцкая ідэя падрыхтаваць ім сюрпрыз. Я ўяўляў, які прыўкрасны шок выкліча навіна, што нас цяпер чацьвёра — нібы я прынёс ім пазашлюбнага сына. Прычым невядома ад каго — і ўсім адразу. Таму я ўпотай перапісваўся з Буням, некалькі разоў сустрэўся зь ім у “Шчодрым” (цяпер нам не было чаго хавацца) — я курыў, піў кілішак за кілішкам і вучыў яго бальбуце. Буня пазіраў на мяне з усё большай павагай, а я радаваўся ягонай кемлі­васьці — і снаваў свае каралеўскія пляны. Быць настаўнікам Буні аказалася прыемна — вось хто насамрэч умеў выказаць сваю ўдзячнасьць і сваё абагаўленьне маёй сьціплай пэрсоны. Ён слухаўся мяне безь пярэчаньняў — а я ўсё часьцей прыкмячаў, што бальбута ідзе яму на карысьць. Ніколі нельга быць пэўным, што можа зьмяніць безна­дзейнага, здавалася б, экзэмпляра, тупаватага юнака без асаблівых талентаў. Прыдумай і дай яму добры канланг — і ты зробіш зь яго чалавека.

Мне патрэбная была толькі добрая нагода, каб увесьці яго ў таварыства.

І такая нагода натрапілася досыць хутка. Занадта хутка. Значна хутчэй, чым я думаў. І зусім ня там, дзе я яе чакаў.

Неяк у нічым не прыкметны дзень (зіма ўжо дагнівала) мне напісала Каштанка. Вядома, мы перапісваліся рэгулярна, бальбута няспынна падтрымлівала гэтае жаданьне ня страчваць сувязь, яна была, як наркотык, безь яе мы ўсе адчувалі ломку — ды і навык маўленьня страціць без камунікацыі было лёгка, мы ўсе баяліся гэтага і пісалі адно аднаму нават ня маючы што сказаць, проста так, балбатня, балбатня на бальбуце была ня менш важнай, чым малітва яе словам і правілам.

Але гэтым разам, калі я апынуўся онлайн, усё было інакш.

Каштанка напісала мне і толькі мне. Ня ў нашую групу, а мне асабіста. Яна не хацела, каб нашую перапіску бачыў Козьлік. І гэта мяне насьцярожыла.