Яна скінула мне нечае ліставаньне. Копію нечага ліставаньня, якое я ня мусіў пабачыць. Але яна скінула яе мне на пошту — яна хацела гэтым нешта мне сказаць.
Я ўзіраўся ў словы чужой размовы і разумеў з усё большым шаленствам, што не магу яе прачытаць.
Ні слова. Кожнае слова гэтай размовы было мне незнаёмае.
Я пасьпеў ад такога адвыкнуць. Падумаўшы некалькі хвілін, я знайшоў прычыну. Прычына была непрыемная. Ды што там казаць. Гнюсная прычына, якую я ня мог ні падмануць, ні абмінуць.
Гэта была гутарка на абсалютна не зразумелай мне мове. Гутарку вялі двое — і адзін пісаў шмат, выпускаў са сваіх загонаў цэлыя статкі словаў, а другі... Другі адказваў двума-трыма словамі. Быццам яму ня надта падабалася размова, быццам ён хацеў хутчэй яе скончыць.
А словы выглядалі зусім не шляхетна. Нешта псэўдагерманскае: brekken tekken kuekken ды яшчэ розная іншая прыгожанькая лухцень: kaaru-suaru-ynga...
Абы-што. Мова кунду і тая выглядала пякнейшай, прынамсі, на маё вока. Таму я даслаў Каштанцы цэлы букет пытальнікаў, і яна адказала мне зьдзеклівымі смайлікамі. Мы дамовіліся сустрэцца зь ёй у нейкай кавярні, якая нядаўна адчынілася на Нямізе, я там ніколі яшчэ не бываў — і я адчуў пальцах забытае ўжо, далёкае трымценьне таямніцы.
Назаўтра я прыйшоў на дамоўленую вуліцу, каля кінатэатру “Перамога”, які тады яшчэ стаяў на сваім месцы, пужаючы народ колерамі: жоўтым, крывава-чырвоным, у якія пафарбавалі калёны, і пяшчотна-ружовым... Засохлы торт, ад аднаго выгляду якога пачыналі балець зубы. Мне трэба было нырнуць у двор — там, за задубелай за зіму тэрасай, былі дзьверы, праз шкло якіх выглядваў сумны твар адміністратаркі. Я даўно не хадзіў у такія месцы. Кава тут каштавала суму, за якую я мог купіць паўбутэлькі таннага каньяку. Я ўвайшоў, сівы дзядзька ў прапаленым цыгарэтным попелам паліто і лыжнай шапачцы. На мяне зірнулі так, быццам на гэтай клоўнскай шапцы і праўда было напісана “Майстар”. Менавіта так, па-беларуску. Трэба было напіцца перад тым, як сюды ісьці. Але Каштанка ўжо махала мне з глыбіні залі. Я пайшоў да яе і пляснуўся на мяккае крэсла, ня зьняўшы паліто.
Што й казаць, яна выглядала шыкоўна. Сьвежая, з шаўкавістай скурай на насьмешлівых шчоках, з загадкавымі ценямі на вострых скулах... Чаму яна падалася мне непрыгожай тады, у нашу першую сустрэчу? Яны што, так хутка растуць, гэтыя шаснаццацігадовыя? Каштанка спачувальна сачыла за тым, як па маім твары прабягалі старэчыя зморшчыны. Яна не зьвяртала ніякай увагі на сьвет навокал, цадзіла свой безалькагольны кактэйль і нясьпешна рыхтавалася мяне зьдзівіць. А сьвет навокал сачыў толькі за ёй. Мужчыны за суседнімі столікамі не спускалі зь яе вачэй, але, сустрэўшыся позіркам з той пагардай, якую я выпраменьваў, нахабна дасылаючы ім стрэлы ў адказ, яны з прыкрасьцю хавалі твары ў сваіх куфлях ды фужэрах. Вось дзе Буню трэба было шукаць вычварэнцаў, а зусім не ў маім логавішчы, сьціплай кельлі сьвятога... Добрапрыстойныя буржуі жавалі і варушылі тоўстымі пальцамі і тлустымі мазгамі, разважаючы, што Каштанка ўва мне такога знайшла, а я насьміхаўся зь іх і спрабаваў угадаць, што за таямніца мяне чакае.
Гэтая заля была поўная неўразуменьня — і я разам зь ёй.
“Што будзеце піць, ОО?” — спытала Каштанка, падсунуўшы мне мэню.
“Водку”.
Яна расчаравана ўздыхнула. Ніхто тут не здагадваўся, колькі ёй. Таму я трыюмфальна абвёў залю вачыма і выпіў першыя сто.
І тады яна расказала, што здарылася.
Нядаўна, прамовіла Каштанка, калі Козьлік праводзіў яе да дому, ён прызнаўся ёй у каханьні. Пачуўшы гэта, я гучна рохкнуў, на нас азірнуліся, ужо не хаваючыся. Калі б не мая спадарожніца, мяне адсюль выгналі б. А можа, мяне ратавала не яна, а бальбута, на якой мы напаўголасу перамаўляліся. Іншаземцаў ня так лёгка выставіць нават з самай добрай кавярні, калі справа адбываецца ў горадзе М.
“Каханьні? Козьлік?”
“Так, — Каштанка засьмяялася. — Сказаў, што я ягоная першая і апошняя любоў. І што кахае мяне зь першага погляду. А я думала, ён мяне ненавідзіць”.
“І што ты будзеш рабіць?” — спытаў я, наліваючы сабе яшчэ гарэлкі зь не такога ўжо і чыстага графіна.
“Ня ведаю, — Каштанка махнула доўгімі, зусім дарослымі вейкамі. — У мяне гэта нешта зусім не спалучаецца: Козьлік, каханьне, я...”
“А што ты да яго адчуваеш?”
“Што? Я?”
“Ты”, — я пачуваўся расчараваным. Ну так, ну так, ад Козьліка і я сам не чакаў нейкіх там пачуцьцяў, ён жа козьлік, якія там каханьні... — але ў тым, што расказала Каштанка, не было, па вялікім рахунку, нічога асаблівага. Яны ж яшчэ дзеці. Яму хутка дваццаць, ёй шаснаццаць, нічога дзіўнага.