“Вы сур’ёзна? — Каштанка нават пакрыўдзілася. — Я? Да Козьліка? Ён жа сьмешны... Такі маленькі і сьмешны. Яго хочацца троліць, а потым шкадаваць. І карміць. Вось і ўся любоў. Да хатніх жывёлаў”.
Ёй нарэшце прынесьлі марозіва — цэлую вазу. Тое, што было ў вазе, зноўку нагадала мне чалавечую галаву — ці, хутчэй, гэтым разам, чэрап. Каштанка сунула лыжачку проста ў цемя і дастала халодны, бліскучы ў мёртвым сьвятле лямпаў мозг. Лізнула яго і закаціла вочы.
“І гэта ўсё, што ты зьбіралася мне распавесьці?”
“Амаль, — хітра прымружылася Каштанка. — Ёсьць яшчэ нешта...”
“Пачакай, я вып’ю. Вось так. Цяпер можаш расказваць. Ці вам патрэбнае маё бацькоўскае блаславеньне?”
Каштанка паглядзела на мяне неяк дзіўна і хутка, быццам баялася, што перадумае выдаваць таямніцу, прамовіла:
“А яшчэ Козьлік прыдумаў для нас зь ім сваю мову”.
“Што?”
“Так, ён прыдумаў для нас зь ім сваю мову. Усё распрацаваў і даслаў мне правілы. Сказаў, гэта мова нашай зь ім любові. Але ён спадзяецца навучыць ёй усіх, каго мы палюбім. Я ўжо маю правілы, ведаю словы... Ён прымушае мяне яе вучыць. І тое, што я вам даслала, гэта нашая зь ім размова. Ён, вядома, прасіў мяне вам не прызнавацца, сказаў, што гэта мусіць застацца таямніцай... Але я...”
“Блядзь!” — гучна сказаў я. Уся заля здрыганулася. З другога яе канца да нас накіравалася адміністратарка, на хаду прыладжваючы на твар карэктна-незадаволены выраз. Маска спаўзала. Насамрэч яна прагнула майго ганебнага выгнаньня.
“Я сама зьдзівілася... — Каштанка з асалодай разглядвала маю перакошаную ад злосьці і крыўды пысу. — Мой друг извиняется, он сегодня впервые в Минске, а его уже дважды ограбили. Войдите в положение...”
Гэта яна адміністратарцы так сказала — і тая, сумеўшыся, рэтыравалася.
“Здраднік, — сказаў я прыцішана. — Чортаў козьлік. Су-ка”.
Каштанка кіўнула.
“І як ён назваў гэтае сваё... вынаходніцтва? — спытаў я з д’ябальскім сьмехам. — Мову вашага вялікага і чыстага каханьня”.
“А вы ўгадайце”.
“Ды ладна...”
“Форнаталь”.
“Як?”
“Форнаталь. Ціпа, мова для Наталкі. Для мяне. Падарунак ад каханага. І тут я мусіла б з гордасьцю сказаць, што я, напэўна, першая жанчына ў сьвеце, якой падаравалі мову. Але першай мовай, якую падаравалі мне, была бальбута. Я пра гэта памятаю, ОО. Так што ў мяне цяпер дзьве мовы. Сматріте, завідуйте, у кожнай жанчыны мусіць быць зьмяя, а ў роце ў зьмяі джала раздвоенае, адзін канец — форнаталь, другі — бальбута..”
“Я пайду пакуру”, — мне трэба было застацца сам-насам з сабой. — Еж свае мазгі, я хутка...”
“Зьбіраеце яму пазваніць?”
“Зьбіраюся яго забіць”.
“Можа, ня трэба? Ён жа проста Козьлік”.
“Проста здраднік”.
Форнаталь, блін. Форнаталь! Казьліканта! Я выкурыў адну цыгарэту, другую, трэцюю і адчуваў, што цьверазею, а ўнутры расьце млосьць і чорная, з махнатымі тоўстымі сьцяблінамі, пякучая і ачмуральная злыбяда. Яна налівалася атрутай, яна цягнула свае цяжкія лісты праз увесь горад, навісаючы над праспэктам, яна распасьцерлася ажно да поўначы майго вялікага гораду, яна захінула сваім чорным ценем шматпавярховік у цёмным мікрараёне, яна ведала, што шукаць у гэтым лябірынце аднолькавых кватэраў. Стварэньне, якое мела назву “Паганы Козьлік”, малое і ўбогае стварэньне, якое кінула мне выклік. Форнаталь.
Я яму пакажу форнаталь.
Я вярнуўся і разьвітаўся з Каштанкай, якая адказала мне нейкай сваёй афрыканскай прымаўкай.
“Дашлі мне ўсё па гэтым форнаталі...”
“Добра, — з гатовасьцю пагадзілася Каштанка. — Але я хацела вас папрасіць, каб вы ня надта балюча яго забілі, ОО. Проста я думаю, што...”
Але я ўжо ня слухаў, што яна там шчабеча. Я ўжо ведаў, што я зраблю. Я ўжо рыхтаваў суд. Першы судовы працэс на мове бальбута.
Каштанка паабяцала нічога не расказваць гэтаму здрадніку, і я ёй верыў. Ну так, дзеўка — але яна не такая, як усе, яна ўмее захоўваць таямніцы. Але і пра сваю ідэю я ёй таксама нічога не сказаў. Ці мала што ёй у галованьку стукне. Празь некалькі дзён яна і Козьлік атрымалі ад мяне ліст, цалкам прысьвечаны бальбуце — і толькі ў самым канцы, нібы незнарок, я напісаў, што чакаю іх у сябе другога красавіка. Роўна а сёмай. А затым я напісаў Буню, які таксама атрымаў ад мяне інструкцыі. Буня быў запрошаны ў маю рэзыдэнцыю на шэсьць вечара.
Заставалася толькі чакаць.
***
Першым прыйшоў Козьлік. Імкнучыся нічым сябе ня выдаць, я зрэдзьчас пазіраў на яго, спрабуючы знайсьці ў ягоным барадатым, кепска прамаляваным твары прыкметы здрадніка. Але ён выглядаў як заўжды. Толькі прышчоў паболела. У сакавіку на пысах маладога пакаленьня вылазяць цэлыя калёніі прышчоў, а нам цярпі. Цярпі і адводзь вочы ад гэтай брыдоты.