Выбрать главу

Я цябе самога выцісну, як прышч. Прышч на прыгожым твары маёй мовы. Козьлік-муёзьлік, кароль форнаталю, закаханы шэксьпірчык. Мала не падасца. Гэта будзе твой апошні вечар. Апошні вечар на высьпе Бальбуты.

Захаканы шэксьпірчык ляжаў на падлозе і чытаў мае кніжкі. І толькі па тым, як падрыгвала яго шыя, па тым, як чырванелі шчокі, было зразумела, што ён чакае званка ў дамафон. Чакае, што зараз прыйдзе яна...

“Кагда! Ана!” — успомніў я “Госьцю з будучыні”. Фільм з тых самых часоў, калі я, лежачы на падлозе зь сябрукамі, выразаў з паперы фігуркі салдатаў, купцоў, чарадзеяў і аголеных жанчын. І чытаў “Словарь юного филолога” з халвой упрыкуску.

“А говорил, романтик...”

Я ўсьміхнуўся.

“Піва?” — прапанаваў я Козьліку, ведаючы, што хачу выканаць ягонае апошняе жаданьне. А ён, дурнічка, ні пра што не здагадваўся.

Каштанка прыйшла роўна празь дзесяць хвілін. Можа, яны нават разам прыехалі да майго дому з мэмарыяльнай шыльдай на баку. А потым Козьлік сказаў на сваім форнаталі: “Спачатку зайду я, каб Алег Алегавіч ні пра што не здагадаўся. А ты празь дзесяць хвілін пазвоніш”. І Каштанка пагадзілася, гледзячы на яго сваімі нявіннымі вачыма. Пэўне, так і было. У мяне ўжо не было сумневаў. Ні ў чым не было сумневаў.

Каштанка села на мой ложак. Зьвесіла ногі так, каб яны апынуліся ад Козьліка блізка-блізка. Каб дражнілі яго, дражнілі і не давалі яму адчуць небясьпеку.

“Я думаю, бальбуце патрэбная перазагрузка”, — сказаў я змрочна.

Козьлік замахаў рукамі:

“Гэтага я і баяўся! Вось паверце, я так і думаў, што аднойчы гэта пачую. Не! Бальбута ўжо жыве, яна ўбіраецца ў сілу, я ўжо думаю толькі на ёй! Перазагрузка яе заб’е. Ёй трэба даць разьвівацца самой...”

Я спыніў ягоныя рытуальныя выгукі ўладным рухам рукі.

Аднымі вачыма я ўсталяваў маўчаньне ў гэтай цёмнай,

задымленай,

здымнай

аднапакаёўцы,

у горадзе М.,

у доме з мэмарыяльнай дошкай,

у часы ўсеагульнага мораку.

Каштанка сядзела на ложку. Козьлік паўляжаў каля маіх ног. Большую частку дывана займаў нізкі журнальны стол, шчодра лякіраваны, карычневы, на якім я расставіў пачастунак: разагрэтую піцу, зэфір, накрышаную шакалядку, піва, віно і гарбату, ды яшчэ поўную скрыню марозіва колеру жаночай пудры.

“Мае даражэнькія бальбутане, — сказаў я і ўсьміхнуўся. — Нас робіцца ўсё болей. Дазвольце прадставіць вашага блуднага брата па бальбуце. Вольнага і шчасьлівага!”

Я махнуў рукой і наліў сабе віна. Але Буня не зьяўляўся. Козьлік і Каштанка, здаецца, не зразумелі, у чым рэч — замест таго, каб азірацца па баках, яны сачылі за маім ротам. Быццам іхны блудны брат па бальбуце мусіў выскачыць адтуль. Прыдурак, дзе ж ён падзеўся?

“Вось жа, вольны і шчасьлівы Буня!” — раздражнёна выгукнуў я, намагаючыся ўратаваць гэты тэатр.

Буня выйшаў з калідору і стаў у дзьвярах. Я доўга вучыў яго, што ён павінен прамовіць у гэтую хвіліну, але, відаць, ад хваляваньня ён забыўся тэкст.

Козьлік і Каштанка прысунуліся адно да аднаго. А казала, ніякай любові.

“Што ён тут робіць? — Каштанка схапілася за скроні. — Што тут робіць гэтая марская сьвінка?”

І тады Буня ўспомніў. Заікаючыся і блытаючыся ў словах, абсалютна ігнаруючы ўсе выдуманыя мной высакародныя -utima, ён тым ня менш павітаўся з маімі бальбутанамі і апісаў ім сваю кранальную гісторыю.

Козьлік ня верыў сваім вушам.

“Гэтага ня можа быць, — сказаў ён. — Гэта сон. Або гэта сон, або вы геній”.

Апошняе было сказана мне. Чортаў хлус. Хлус, паскуда і здраднік.

“Віншуем, Буня, цяпер ты — адзін з нас, — прамовіў я так урачыста, як толькі мог. — Я думаю, усе мы дапаможам табе авалодаць бальбутай так, каб ты змог ачысьціцца ад шалупіньня так званых жывых моваў і здолеў спаўна нацешыцца прыгажосьцю і свабодай канлангу...”

Буня падсунуў пад свой азадак прынесены з кухні зэдлік і сеў каля дзьвярэй, што вялі ў калідор. Козьлік і Каштанка глядзелі на яго з кепска схаванай непрыязнасьцю.

“Я ўсё яшчэ ня веру, — сказаў Козьлік. — Я хутчэй паверу, што Каштанка прамяняе марозіва на чабурэк, чым...”

“Нас было трое, — перапыніў я ягоную балбатню. — Прашу зьвярнуць увагу на арытмэтыку. Нас было трое, і нас застаецца трое. Ставячы сёньня плюс, я стаўлю і мінус...”

Каштанка пачала здагадвацца, у чым рэч, і зь цікавасьцю назірала за Козьлікам. Яна нават зручней уладкавалася на маім ложку. Ёй пачынаў падабацца мой спэктакль.

“Я...” — сказаў Буня на бальбуце і замаўчаў. Усе міжволі ўсьміхнуліся. Козьлік — трохі трывожна. Адчуў, казёл, скурай, куды вецер дзьме.