“Мой Козьліку, — зьвярнуўся я да яго ласкава. — Ты быў першы, каго я навучыў бальбуце. На жаль, надышоў момант яе забыць. Так выйшла, што гэты момант прыйшоў толькі для цябе”.
“Як для мяне?” — усклікнуў Козьлік, падскочыўшы з дывана. Ён абвёў вачыма мяне, Каштанку, Буню, і ягоныя вочы зноў вярнуліся да маіх — злых, бязьлітасных і ўладных.
“Мой Козьліку, — сказаў я. — Ты мне здрадзіў. І мусіш адказаць за свой учынак”.
Я прамовіў усё гэта на чысьцюткім форнаталі. Нават сам ягоны стваральнік ня мог бы сказаць чысьцей. Нейкім заднім розумам я адзначыў сам для сябе, што выйшла складна. Мілагучны гэты ягоны форнаталь, нічога ня скажаш, пахваліў я Козьліка ў думках. Здольны быў вучань. Разумнае казьляня.
Козьлік ускочыў і сьціснуў кулакі. Ён пераводзіў позірк то на мяне, то на Каштанку, і толькі на Буню ён не глядзеў, нібы яго не існавала ў гэтым паўцёмным пакоі, дзе я вяршыў свой строгі і справядлівы суд.
“Як стваральнік бальбуты я выганяю цябе зь яе нябачнай выспы”, — сказаў я цьвёрда, бязь ценю ўсьмешкі. Спачатку на форнаталі, а потым на бальбуце, паўтарыўшы ўсё гэта яшчэ больш грозна:
“Як стваральнік бальбуты я выганяю цябе з нашай нябачнай выспы”.
І тады з маленькіх вачэй Козьліка пасыпаліся маленькія казьліныя сьлёзы. Каштанка глядзела на іх, як заварожаная. Нешта спрабаваў прамэкаць каля дзьвярэй Буня, падымаў і апускаў руку, як цацачны мядзьведзь.
“Паеж на дарожку, — пяшчотна сказаў я, паказваючы на свой каралеўскі стол. — А потым ідзі і не вяртайся. Але спачатку скажы хоць нешта ў сваё апраўданьне”.
Козьлік набіраў паветра ў свае кволыя грудзі, трос барадой, але так і не сказаў ні слова. Я падумаў, яго зараз разарве. А можа, ён насамрэч быў ніякім ня Козьлікам, а паветраным шарыкам, балёнікам, які...
“Давай, Козьлік, скажы”, — настойліва і строга сказаў я, каб яго падахвоціць. Хоць мне было ўжо зусім не цікава, што ён скажа.
“Што ж мне рабіць?” — ціха спытаў Козьлік, зьвяртаючыся ўжо толькі да мяне. Да мяне аднаго — да таго, хто вырашыў ягоны лёс.
“Паехаць дамоў, да сваіх бацькоў, добра вучыцца і ўсё забыць, — адказаў я абыякава. — Ведаеш, як забываюць мову? Спачатку забываюцца асобныя словы. Потым граматыка ў галаве захінаецца туманам, і ты ўжо ходзіш па мове навобмацак, яшчэ ўгадваючы нейкія абрысы, яшчэ памятаючы разьмяшчэньне аб’ектаў, спадзеючыся на інтуіцыю, на кантэкст. Затым ты ўжо проста блукаеш у цемры. А потым нехта ўключае сьвятло — і мова, якую ты ведаў, падаецца табе проста сном. Вядома, зусім забыць мову немагчыма. Застануцца нейкія ашмоткі, няясныя згадкі, раптоўныя асацыяцыі. Але гаварыць ты больш ня зможаш. Ды і з кім? Бальбута не даруе здраднікам”.
“Але... — Козьлік выслухаў мяне ўважліва, такі бледны, якім я яго ніколі ня бачыў. — Але што мне цяпер рабіць?”
Вось дурань.
“Для каго я толькі што выпінаўся, га, Козьліку?”
“Але я... — ён плакаў і глядзеў мне ў вочы. — Я ня ведаю, што мне рабіць. Я не змагу без бальбуты. Вы, бальбута, Каштанка... Гэта ўсё, што ў мяне ёсьць”.
“А калі б можна было выбраць? Нешта адно? Што б ты пакінуў, а ад чаго б адмовіўся?” — спытала Каштанка. Буня з інтарэсам прыслухоўваўся да нашай размовы, але мала што разумеў. Яму пакуль не хапала практыкі.
Козьлік не адказваў. Толькі потым, з жахам вывучыўшы твар Каштанкі (і калі яна пасьпела зноў зрабіцца такой непрыгожай?), ён выціснуў зь сябе тыя самыя апрыкрыя ўжо словы:
“Што мне рабіць?”
“Ды нічога з табой ня здарыцца! — кінуў я злосна. — Можна жыць і бяз мовы. Гавары сам з сабой на сваім форнаталі, хоць да ўсрачкі. Нічога з табой ня здарыцца, Козьліку! Жыў будзеш! Успомні, што пісаў Імрэ фон Штукар. “Мы паляцім у бездань, маючы ў зубах толькі крыкі. Мы зробімся лёгкія, як папера”. Цэлы год ты жыў з бальбутай. Ты ўжо лёгкі і вольны, твая душа ўмее даваць рады імкліваму падзеньню, ты ведаеш словы, якія не дадуць табе грымнуцца аб зямлю і разьбіцца. Бальбута дасьць табе сілы прыглушыць боль, ты плаўна апусьцішся і пражывеш сваё нікчэмнае жыцьцё, ты зробішся такім, як яны — вось і ўсё!”
Я паказаў у акно і зьнясілена адкінуўся ў сваім крэсьле. Каштанка глядзела на мяне з захапленьнем. Яна яшчэ ня бачыла мяне такім. Козьлік ківаў, мне здавалася, ён мяне слухае, слухае так, як ніколі ня слухаў, але ён раптам падышоў да ложка і заляпіў Каштанцы аплявуху. Яе твар успыхнуў, яна нават зразумець не пасьпела, што адбылося. А потым упала тварам у падушку. Маю падушку. Не пасьпеў нічога зрабіць і я — у нейкім ступары я круціўся на крэсьле і назіраў, як Буня ўскочыў зь месца і пачаў малаціць Козьліка кулакамі.