Выбрать главу

“Ня тут! — толькі і змог я віскнуць, калі ачуняў. — Цягні яго на вуліцу і там рашайце свае справы! Ня тут, Буня!”

Як ні дзіўна, ён мяне паслухаў. Схапіў Козьліка за бараду і пацягнуў да дзьвярэй. Козьлік не супраціўляўся, толькі пыхцеў, і гэта было б сьмешна, калі б не было так убога. Я чуў, як яны спускаюцца па сходах, як ва ўсіх кватэрах гэтага цёмнага пад’езду ў доме з мэмарыяльнай дошкай адчыняюцца і зачыняюцца дзьверы.

Каштанка выцягнулася на маім ложку і адвярнулася да сьцяны. Я схадзіў і зачыніў кватэру, даў Каштанцы марозіва, але скрынка зь ім была цёп­лая, а марозіва амаль растала — верная прыкмета падробкі. Таму давялося зьбегаць на кухню, дас­таць шмат ледзянога, цяжкага, як цагліна, купленага некалі сала і прыкласьці да Каштанчынага твару. Яна войкнула.

“Выпі”, — я наліў ёй віна.

“Спойваеце непаўналетніх, — яна крыва ўсьміхнулася, павярнуўшыся да мяне. — Мне так шкада яго, ОО”.

“Ды нічога зь ім ня зробіцца”, — буркнуў я і асу­шыў поўную шклянку.

Яна адпіла і зноў павалілася на падушку. Маю падушку.

У дзьверы зазванілі. Я пайшоў адчыняць, а калі вярнуўся, яна ўжо сядзела, моцна трымаючы сала каля скулы. У пакоі зьявіўся Буня, кінуўся да яе, застыў на паўдарозе, наляцеўшы на стол.

“Як ты, Каштанка? Вось падла, я яго добра павучыў, — горда сказаў Буня. — Але ўсё роўна мала. Вырваўся і ўцёк. Казёл!”

“Уйди, Буня, — прамовіла Каштанка па-расейску. — Уйди и не приходи больше. Понял?”

Твар у Буні зрабіўся чырвоны, як у п’янага. Ён ня рухаўся зь месца, стаяў і глядзеў на яе зь любоўю і крыўдай.

“Ідзі, — махнуў я яму. — Ты ж чуў, што табе сказалі. Давай, Буня. Я табе напішу”.

Але ён стаяў.

“Ідзі ў сраку! — крыкнула Каштанка. — Я тебя видеть больше не могу! Уйди и убейся где-нибудь! И чтоб навсегда!”

Скамянелы Буня заварушыўся — але паслухаўся гэтага дзікага крыку. Зашамацела куртка, бразнулі дзьверы, і мы засталіся адны.

Каштанка паклала ў рот кавалак даўно астылай піцы і пачала асьцярожна жаваць.

“Налі мне яшчэ віна”.

Я наліў. Мы чокнуліся.

“Я пасяджу ў цябе?”

“Сядзі”, — я зноў прысеў каля яе.

“Ты ж не зьбіраешся да мяне чапляцца? Нічога ня выйдзе”.

Я пакачаў галавой. І выпіў яшчэ. А потым стаў каля форткі і закурыў.

“Дзікабраз, што схаваўся ў нары, больш не малады, — сказала Каштанка. — Забыла, як там на кунду. Але сэнс такі. Ты мой стары дзікабраз, ОО”.

“Сама ты дзікабраз. Можаш мне дапамагчы?”

Мы зноў гаварылі на бальбуце. Дакурыўшы, я падсеў да яе з кнігай у руках. Засланяючы далоньню непрыстойныя карцінкі, усе гэтыя гнюсныя аўтапартрэты Франсуазы Дарлён і яе юрлівага сабакі з тонкімі лапамі і поўсьцю, што станавілася дуба на кароткім загрыўку, я паказваў Каштанцы толькі тэксты. Паказваў адзін за адным, і яна чытала іх уголас, і моршчылася, і ўсё спрабавала прыбраць маю строгую далонь — але я трымаў яе, там, дзе трэба, напружваючы запясьце, пакуль яна мяне не ўкусіла. Хапнула зубамі проста за валасатую руку.

“Ты чаго?”

“Нічога”.

Я загарнуў кнігу і адкінуў далей ад ложка.

“Магчыма, ты нешта адчула або зразумела? Ну хаця б нешта? Штосьці ўкалола, штосьці падалося знаёмым?”

“Не, — сказала яна і дапіла віно. — Спаць хачу”.

На маёй даўно ня мытай падушцы, утапіўшы ў ёй сваё чырвонае вуха, яна так і заснула. Я прылёг побач, спрабуючы ўявіць сабе Козьліка. Як ён блукае па горадзе, з разьбітым тварам, страціўшы бальбуту, і Каштанку, і мяне, і цэлы год свайго жыцьця. Нічога, у яго яшчэ ўсё жыцьцё наперадзе. Усё доўгае, доўгае, доўгае жыцьцё.

Я сам не заўважыў, як заснуў побач з Каштанкай. А калі прачнуўся, было ўжо занадта позна.

“Верачка”, — сказаў я і сутаргава глынуў сьліну. На лесьвічнай пляцоўцы ўжо былі чуваць яе крокі. У кватэры было цёмна, вока выкалаць можна, побач прачнулася Каштанка і заварушылася.

“Што там за Верачка табе прысьнілася?” — сказала яна ў змроку, такая блізкая і цёплая Каштанка, якая пахла віном і салам.

“Ціха!” — цыкнуў я.

Позна, позна, было ўжо занадта позна. Верачка асьцярожна ўставіла ў замок ключ. Я схапіў Каштанку і разам зь ёй накрыўся пледам, тым самым пледам, пад якім заўжды сустракаў Верачку і пад якім хаваўся ад яе. Тым сьмярдзючым пледам, які Верачка ніколі не магла падняць. Бо ёй гэта было забаронена, забаронена ня мной, а тымі правіламі, якія ўсталёўвалі ня я і не яна, законам, які прыдумаў той, хто пасылаў Верачку з самага сэрца цемры.

“Гэта твая жонка?” — шэптам спытала Каштанка, прыціснуўшыся да мяне пад пледам.

Верачка ўвайшла, скінула боты, пайшла мыць рукі. Што яна напявала пад нос сёньня? Я ня мог разабраць, шумнае дыханьне Каштанкі перакрывала сабой усё, казытала мне вуха, не давала дыхаць.