“Гэта Верачка, — шапнуў я. — Ляжы ціха. І тады ўсё, можа быць, скончыцца добра”.
“Але яна знойдзе нас тут!” — прыдушаны голас Каштанкі гучаў пад пледам, як піск. Нібы па нашых целах бегалі мышы. Куча галодных і брыдкіх мышэй. Мы прыціскаліся адно да аднаго і я закрываў Каштанцы рот, але яна пачала торгацца, і я спужаўся, што задушу яе — адпусьціў, адчуваючы, што ў галаве пачынае злавесна і цяжка грукаць. Мне было блага.
“Ёй нельга, — прашаптаў я. — Зараз яна пойдзе на кухню, памые посуд, пакіне там штосьці, прыйдзе сюды. Паляжыць побач — і потым усё скончыцца. Так заўжды бывае. Але сёньня можа стацца інакш”.
Каштанка замерла, пацерлася аб мяне, а потым зноў заказытала мне вуха:
“А яна... Гэтая Верачка — наогул, чалавек?”
“Я ня ведаю, — сказаў я. — Я ніколі яе ня бачыў”.
Каштанка засапла. Вось цяпер я і праўда быў гатовы яе прыдушыць. Верачка зьвінела посудам, яна яшчэ ня ведала, што дзеецца ў пакоі, дзе мы ляжалі з Каштанкай, замёршы і прыціснуўшыся адно да аднаго. Зараз яна разьбярэцца з кухоннымі справамі, а потым зойдзе, пабачыць і ўсё зразумее. Хутчэй за ўсё яна вельмі добра ўмее бачыць у цемры. Яе позірк пранікае скрозь сьцены і дрэвы, скрозь сталь і бэтон, скрозь шкло і сьнег, скрозь зямлю і паперу — так, так, праз паперу... І толькі адно ёй забаронена — здымаць гэты стары, выцьвілы, паедзены мольлю плед. І гэта нас уратуе. Мы маем шанец. Гэта скончыцца. Некалі ўсё гэта скончыцца.
І тады Каштанка скінула яго. Рэзкім рухам, так, што я не пасьпеў яе ўтрымаць, яна скінула плед на падлогу і паднялася на ложку. Я ляжаў, моцна заплюшчыўшы вочы, і маліўся.
“Bruta mau, tau istuzu u autima, tau balbuta svetuzu bu, tau stuta aiduzu bu, tau fuzu ujma sau aluzu u tutima da autima, du nau kusutima rusoje dinuti...”
Я больш ня чуў ні Верачку, ні Каштанку, ні гарадзкога шуму за акном. Толькі свой голас, няшчасны голас прымата, які ня можа дастаць да галінкі.
Цёплыя рукі леглі мне на твар.
“Тут нікога няма”, — сказала Каштанка, з усяе моцы выцялася каленам аб стол з маім д’яблавым пачастункам і вылаялася.
“Я сыду з твайго логава інвалідам”.
Я паволі расплюшчыў вочы. Каштанка шчоўкнула выключальнікам, у пакоі зрабілася сьветла, знаёмыя, абрыдлыя мне прадметы пазіралі на мяне з пагардай, рэчы ўздыхнулі і сталі на месца, гатовыя працягваць свой нерухомы бег.
Каштанка, пакульгваючы, прайшлася па кватэры.
“Нікога, — пачуўся яе голас з кухні. — Нікога. Ніякай Верачкі”.
Я недаверліва засьмяяўся.
“У цябе галюцынацыі, — сказала Каштанка. — Як інцярэсна!”
Я, усё яшчэ ня верачы, пайшоў да яе, абнюхваючы ўсе куты — зусім як Буня, калі прыйшоў да мяне з інспэкцыяй. І праўда, кватэра выглядала так, быццам ніхто не прыходзіў. Або я звар’яцеў — або Каштанка спужала Верачку. Бедная Верачка, страшная Верачка, ніколі ня бачаная мной Верачка, цемра-Верачка, Верачка-вусьціш. Ты ўцякла ад нейкай саплівай школьніцы. Або?..
Або ты ўсё яшчэ тут. Хаваешся. Чакаеш, калі гэтае дзіцё сыдзе. Цярплівая Верачка. Верачка, якая не сыходзіць проста так, нічога не пакінуўшы і не забраўшы.
Я пачаў адчыняць усё, што магло адчыняцца ў гэтай праклятай кватэры. Але марна: калі Верачка і хавалася недзе тут, дык я мог яе і не пабачыць. Яна магла зрабіцца чым заўгодна. Хоць кавалкам гумовай піцы, хоць недапалкам, хоць мольлю, што кружляла вакол Каштанкі, стрыгучы сьпёртае паветра. Я апусьціўся на кукішкі і такім вось клоўнскім чынам пачаў дасьледаваць падлогу, спрабуючы знайсьці хоць нейкія сьляды. Каштанка назірала за мной, кпліва пасьмейваючыся, а потым, уздыхнуўшы, таксама пачала поўзаць па падлозе — я бачыў, якія брудныя ў яе калені. Што скажуць яе бацькі?
“Ты не заўважыла нічога дзіўнага? — пакрэктваючы, я папоўз у бок, хоць мне ня надта хацелася аддаляцца ад Каштанкі. Я баяўся згубіцца ва ўласным жытле. — Нічога не знаходзіла на падлозе? Можа, гузік? Ці нітку? Хоць бы нейкі сьлед...”
“Ды не, нічога, — Каштанка зазірнула за фатэль. — Нічога такога. Калі, канечне, не лічыць гэтага...”
І яна працягнула мне далонь. Сваю чыстую, утульную далонь, на якой ляжаў кавалак паперы. Я паглядзеў на тое, што яна мне паказвала, і задыхаў, часта-часта. Мне здавалася, сэрца зараз выскачыць з грудзей.
На далоні Каштанкі ляжала выразаная з паперы фігурка. Папера зусім пажаўцела, таму колер фігуркі быў падобны да колеру чалавечай скуры. Гэта была фігурка жанчыны: няўмела, груба, дрыготкімі пальцамі выстрыжаная з паперы жанчына, у якой школьнай асадкай былі намаляваныя вочы, ледзь бачны нос, распусны і вялікі рот зь вялікімі вуснамі, і смочкі, і пупок, і валасы на лабку, і ўсё тое, ад чаго некалі мы вар’яцелі, апантана арудуючы нажніцамі пасярод бяскрайняга дывана. Даўным-даўно, ня тут, у іншым жыцьці, у іншай імпэрыі, пад нагамі дарослых, якія вось-вось маглі вярнуцца з працы, на якой яны зараблялі нам хлеб.