Выбрать главу

Гэтая размова адбывалася гадоў пяць таму — а цяпер вось забіраюць малодшага Касмача ў маскалі, а ён, Маўчун, застаецца, і ня ведае, радавацца яму ці засмучацца.

То крыўда накаціць: хай бы яго забралі, хай бы сказалі, што жыць яму, Маўчуну, менш за год застанецца — затое пабачыў бы ён далёкія краі, і стэпы, і пустэльні, і вялікія гарады. І, можа, над зямлёй бы праляцеў на ваенным самалёце, адным з тых, што над імі часам гудуць — саміх гэтых птахаў жалезных не відаць, толькі гудзеньне ў небе такое, нібы зараз небасхіл абрынецца — у такія моманты разыгрываецца Маўчунова фантазія, ды так, што ажно сэрца заходзіцца ў грудзях. Усё б аддаў, толькі б на зямлю зьверху паглядзець: і бацьку, і кніжку любімую, і шэрую сваю каханую гусачку, і вёску іхную малую, непрыкметную, ды ўсё ж родную...

То радасьць, душная зла-радасьць наваліцца: забяруць Касмача, перастане ён Маўчуна цьвяліць ды вучыць яго розуму, застанецца Маўчун старэйшым зь дзетвары іхнай, ніхто цяпер яго ад думак ды ад кніжак адцягваць ня будзе і падазрона ў душу лезьці: што ты там усё думаеш, Маўчун, цёмная твая душа, хадзем лепш на кулаках біцца... Дастаў Кас­мач са сваімі кулакамі, мазгоў нуль, адны рукі, якімі ён шторазу Маўчуна да зямлі прыпірае і лямантуе пераможна: “Пабеда! Апяць я з дуба на цябе насёр, Маўчунок! Малы ты яшчэ супраць Касмачыка!”

***

Седзячы за сталом каля бацькі, Маўчун пазіраў на малодшага Касмача. Ну куды яму тыя далёкія краіны, куды яму тыя рубяжы нашай неаб’ятнай рускай родзіны? Такі, як Касмач, нічым акрамя сваіх кулакоў, не цікавіцца. Нічога ён не запомніць з таго, што пабачыць, нічога ня ўчэпіць вокам і нічога не зразумее. Вось ён, Маўчун, да кожнага слупа, да кожнага твару прыглядаўся б, кожнае слоўца запамінаў бы, кожны голас бы пачуў да нутра самага — і, можа, атрымаў бы адказы на ўсе свае пытаньні. А пытаньні яго даўно мучылі — з таго часу, як ён чытаць навучыўся.

“Прэдлагаю падняць фужэры за нашага навабранца, — сказаў захмялелы ўжо солтыс. — Каб служыў на не страх, а на совесьць. Каб нікому ў нашых Белых Росах за яго сорамна не было, ні бацьку дарагому, ні нам, яго аднасяльчанам”.

Усе ўхвальна загаманілі, налілі, падняліся. Кас­мач быццам і не разумеў, у чым рэч — проста цешыўся, дуралей, што ўсе за яго сёньня п’юць, як за героя. Падняўся, праглынуў крамную гарэлку, скулы захадзілі злосна і драпежна, як у бацькі.

Белыя Росы — так іхная вёска называлася на ўсіх мапах. Некалі яна іншую назву мела, але калі руская родзіна вассаедзінілась, дык з губэрні прыйшоў загад на перайменаваньне ў духу пат­рыятызму. Паліцай неяк Маўчуну расказаў, што па ўсёй губэрні тых Белых Росаў — штук дваццаць, і іхныя маюць свой код: 13. А яшчэ ў школе ім настаўнік расказваў, што сто гадоў таму фільм такі быў папулярны, “Белыя Росы”. Дык асвабадзіцелям так той фільм спадабаўся, што яны шмат вёсак у гонар той кінакарціны легендарнай пераназвалі. Маўляў, так і павінна вёска на западных рубяжах звацца. А як іхныя трыццаць хатаў раней клікалі, ніхто ўжо і ня памятаў. То бок, можа і памятаў, але размаўляць пра гэта непрылічна стала. Не дастойна рускага чалавека. Так ці інакш, Белыя Росы — гэта было красіва, а некрасівыя названія нашто ў памяці трымаць. Так іх у школе вучылі, і Маўчун, у прынцыпе, ня быў супраць. Белыя Росы дык Белыя. Але каб нехта ўсё ж успомніў старую назву — таксама бяды не было б. Цікава ж, як там раней людзі жылі. Пра што думалі, пра што гаманілі, калі ў маскалі забіралі ці, напрыклад, вясельле. Што іх трывожыла, калі ні інтэрнэту яшчэ не існавала, ні мабільнай сувязі.

“Мусіць, пашлюць цябе, хлопча, на южную граніцу, — прамовіў солтыс, але не да Касмача малодшага зьвяртаючыся, а да мужыкоў ды зама па ідэалёгіі. — Я дажа уверэн”.

“Чаму ж адразу на южную?” — запытаўся хітраваты бацька Касмача, спрытна разжоўваючы залатымі зубамі сала.

“Не, на южнай сіл у нас хапае, — заявіў поп. — Відзіт бог, на васточную, там неспакойна: новасьці чыталі? І гэта добра, што на васточную, там галодны не застанешся, ікру лыжкамі есьці будзе твой Алёша, і з духоўнай пішчай таксама ўсё ў поўным парадку, цэркаў наша праваслаўная там сільныя пазіцыі імеет. І удаль сваю маладзецкую есьць гдзе праявіць”.