Выбрать главу

І поп захіхікаў дабрадушна, накладаючы сабе гарачых катлетаў, якія Касмачыха толькі што ўра­чыста выставіла ў сярэдзіне стала.

“А я думаю, на южную, — працадзіў паліцай, з усё большым інтарэсам пазіраючы на Любку. — Чыталі пра інцындзент у Харбіне? Трэба паказаць дзікарам, што мы не намерэны цярпець іх правакацыі. Ясна как дважды два — цяпер там канцэнтрацыя войск пайдзёт, штоб кулак наш браніраваны был відзен адназначна, нават за акіянам”.

“На какую б ні паслалі, мы ўсе ў цябе, Алёша, верым, — адпіла свой лікёрчык мутны зам па ідэалёгіі. — Што не апазорыш чэсьць Белых Росаў. Мы ўсе табой гардзімся. У какіе б перадрагі ты ні папаў — не забывай, хто ты і адкуда”.

Малодшы Касмач ня слухаў. Цяпер ён толькі на паліцая глядзеў, так, што косьці хрумсьцелі ў Кас­мача ўнутры, шыя напіналася так, што зараз лопне, а пра Маўчуна і забыў. Баіцца, што заўтра забяруць яго, а паліцай да Любкі кліны падбіваць пачне. Вось жа пустата якая, падумаў Маўчун. Гэтага што забірай, што пакінь — толькі пажэрці, пабіцца ды дзевак паціскаць. Нічога не цікава чалавеку.

Дый ці напраўду чалавек гэты Касмач? Часам Маўчуну здавалася, што ён жыве сярод зьвяроў, якія аднойчы выйшлі зь лесу, парыкалі-пагыкалі адзін на аднаго, але агледзеліся і пастанавілі, што тутака атайбуюцца і прыкінуцца, нібы яны людзі. Каб у галодны час ацалець. Вось мяса, якім стол застаўлены — чыё яно? Якой жывёліны? Ніхто не пытаецца. Баяцца. Ніхто не пытаецца, ня ведае і пытаньні ад сябе гоніць. Як быццам ёсьць у гэтым застольлі, і ў гэтай вёсцы, і ў гэтым часе, у які собіла жыць Маўчуну, нейкая страшная таямніца. Ён неўпрыкмет агледзеў тых, хто сабраўся за сталом, і на душы ягонай зноў зрабілася нядобра. Як жа бацька гэтага ня бачыць: што ў зама па ідэалёгіі вусны такія ўжо крывавыя, нібы яна толькі што шыю некаму пракусіла. Што ў старэйшага Касмача з-пад гімнасьцёркі іголкі вытыркаюцца, а ўсе толькі і ўдаюць, што гэта мужчынская ­поўсьць. Што малодшы Касмач да дуба падобны, а солтыс да жука, а ў паліцая пыса выцягнутая, што ў твайго сабакі.

А жанчыны? Кожная да нейкай жывёлы падобная, толькі пасьпявай прыкмячаць. Касмачыха — да кабылы, зам — дык тая больш да зайчыхі, і вочы такія... чырвоныя... А вакол іншыя: ваўчыхі, коткі... і нават прусачыхі ёсьць...

Маўчуна перасмыкнула. Захацелася ўцячы з-за стала, схавацца, забіцца ў нару і не вылазіць, пакуль зь лесу паляўнічыя ня выйдуць і не перастраляюць усю гэтую саманадзейную жыўнасьць. Але тут бацька, у якога кавалак яешні на траву зь ві­дэльца ўпаў, зыркнуў на Маўчуна злосна, і такі быў пад гэтай злосьцю бацькавай боль, што Маўчуну сорамна зрабілася. Падсунуўся ён бліжэй да бацькі і стаў за ягоным відэльцам сачыць — левай бацька ўпраўляўся ня горш, чым правай рукой, якая невядома якім сабакам на корм пайшла, але дрыжала левая, дрыжала, і трэба было рот не разяваць, а глядзець, каб бацькаў гонар тая левая незнарок не закранула...

Толькі гускі ў Белых Росах такія, што зь імі ня страшна. Любіць Маўчун гусачак, вочы ў іх чалавечыя, а пер’е такое прыемнае, што адчувае Маўчун зь імі роднасьць. Асабліва з той, шэрай, якая яго чакае. Гускі — ня куры, куры дурныя, а гуска — шляхетная істота, зь якой ніколі сумна не бывае...

Маўчун зірнуў збоку на бацьку, працягнуў руку, каб у таго кавалак сьвежыны зь відэльца не зваліўся. У бацьку таксама нешта нечалавечае было — твар зеленаваты, нібы луской пакрыты, як быццам бацьку з балота дасталі, высушылі і за стол паса­дзілі. Зусім яны з бацькам не падобныя. Неяк Кас­мач нават намякаў, гаўнюк, што бацька Маўчуна і ня бацька яму зусім — такая бойка была, што паліцай іх раздымаць прыйшоў. Касмач яму тады зуб выбіў, але і Маўчун не застаўся бяз радасьці: так у вока патрапіў Касмачова зьвярынае, што ў таго сьлёзы паліліся. Стаяў Касмач тады, румзаў і нічога з сабой зрабіць ня мог. Вось табе і з дуба насёр. Пабеда...

“Людзі! Людзі! — залапатаў раптам пан Какоўскі, падымаючыся з травы. Праспаўся, відаць. — Людзі, радные мае, ізьвініця, але скажыце мне: какой цяпер год?”

Малодшы Касмач заржаў.

“Зноў за сваё, — пахітаў галавой паліцай. — Бальной чалавек. І адкуль такі ўзяўся на нашы галовы?”

“Бі-ляць, — вылаяўся солтыс, і гэта была добрая прыкмета таго, што ён ужо ў кандыцыі. — Прыбярыце яго ўжо, празьнік іспорціт”.

“Да ладна, — адгукнуўся поп. — Блажэнны он. Нікаму ўрэда няма, а гледзячы на яго, задумацца можна над праблемамі быція”.

“Бі-ляць”, — замаргаў солтыс. Маўчун ведаў, што той служыў на Южнай граніцы. Адтуль і прывёз гэтае “бі-ляць”. Ніхто ў Белых Росах так не вымаўляў. Так чуркі лаюцца, расказаў неяк бацька. Ня могуць бэ ды ля зьвязаць, абавязкова трэба ім “і” ўста­віць. Дзікі народ. Такія зарэжуць і вокам не міргнуць. Каб такіх трымаць у павінавеніі, і шлюць з усіх канцоў імпэрыі касмачоў і іншых зашчытнікаў родзіны.