Выбрать главу

“А вось хто ў нас сказаць можа, што за гарады на Южнай граніцы? — весела запытаўся Кас­мач-старэйшы, каб перамяніць тэму. — Давайця віктарыну правядзем! Ну, хто? Стаўлю таму стакан майго выдзержаннага!”

“Ды куды ім, — кінуў паліцай. — Ва ўсіх інтэрнэт ё, ніхто геаграфіяй родзіны не інцірысуецца”.

“А ўчыцель на што? — сказала абурана зам па ідэалёгіі. — Што ў нас, школы няма?”

Настаўнік, заняты сьвежыной, не адразу зра­зумеў, чаго ад яго хочуць, а ўцяміўшы, выцер бліскучыя вусны і на Маўчуна паказаў чорным пазногцем:

“От ён, найлепшы наш учанік, усе гарада знает. Ну-ка, Малчюн, давай, пакажы, што не дарэмна дубца ад мяне менш за ўсіх дастаеш! Якія ў нас гарады на Южнай граніцы?”

Маўчуну не хацелася рот раскрываць, але бацька паглядзеў на яго з такой надзеяй, што давялося адкашляцца і буркнуць:

“Ну, Фрунзэ. Ну, Кабул. Ну, Тэгеранск. Ну, Харбін. Ну, Пень-Яма. Ну...”

“Маладзец! — захоплена прамовіла зам і падняла фужэрчык зь лікёрам. — Атлічная навука геаграфія, сразу прэдстаўленіе даёт пра неаб’ят­насьць родзіны”.

“Пень-Яма — гэта ўжо Васточная граніца, — змрочна сказаў паліцай. — Так што прамашка вышла, Маўчунок”.

“Ня можа быць, — запратэставаў настаўнік. — Маўчун ніколі не памыляецца. Зараз я зірну, зараз праверу... Есьлі ашыбся — ой, Маўчун, пакаштуеш заўтра дубца...”

Ён палез у свой тэлефон, але пакуль лазіў, стары Касмач зноў выпіць прапанаваў, гэтым разам за вааружонныя сілы і ваенна-марской флот, усе з радасьцю гахнулі і пачалі абмяркоўваць, як зімаваць будуць.

“У мяне дык усё ўжо гатова, — сказаў стары Касмач. — А хто, як тая страказа, лета краснае прапеў...”

І паглядзеў выразна на бацьку Маўчуна.

“...дык мы не вінаваты, — усьміхнуўся Касмач. — Але ж мы тут, у Белых Росах, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Таму паможам, чым можам, а чым ня можам, куда нада даложым”.

І зарагатаў, як умеў. Па-лясному, жудасна, як быццам на дрэве сядзеў, а не за сталом.

“Праў Маўчун! — радасна выгукнуў настаўнік. — Праў аказаўся! Васточная граніца ўжо за Пень-­Ямай пачынаецца! А Пень-Яма — юх! Юх! Юх!”

І гэтае “юх-юх” таксама гучала, быццам нейкая сьвіньня ў тэлефоне пакалупалася, а ня ўчыцель народнай школы. Маўчуну страшна зрабілася, але ён выгляду не падаў, толькі пасьміхнуўся крыва.

“Ну што рабіць... — ашчэрыўся стары Касмач і павярнуўся да ягонага бацькі. — Стаўлю твайму хлопцу стакан сваёй, выдзержаннай!”

“Спайваньне несавяршэнналетніх”, — абыякава прамовіў паліцай і рыгнуў.

“От жа дылема, — удавана замаркоціўся Касмач. — Ну тады бацьку стаўлю, хай сынам гар­дзіцца. Географам нашым!”

“Каму ў географы, а каму ў салдаты, — сур’ёзна прамовіў солтыс. — За радавога Касмача, зашчытніка Родзіны!”

Усе выпілі. Маўчун бачыў, што зараз пачнуцца сьпевы. І праўда. Завяла, як заўжды, зам па ідэалёгіі, солтыс падхапіў, а тады ўжо і іншыя зацягнулі загадкавыя словы, якія ў Белых Росах ведалі ўсе — і пачатак у песьні быў ясны, а далей... далей ніхто ня мог патлумачыць, што значаць дзіўныя словы, ад якіх так гаркава рабілася на языку:

“Давай за нас, на-на-на-на-на-на,

Давай за газ, на-на-на-на-на-на,

І за Бамбей і за Мадрас,

За Лхасу і за Гандурас,

Давай за нас, за дзевак у Тхімпху,

Давай за нас, пусьць всё ідёт наху...”

Дапеўшы, усе асалавела ўтаропіліся ў стол. Ня той быў сёньня празьнік. Ня той. Дзьве песьні любілі ў Белых Росах — і гэтую зацягвалі тады, калі на душы ў жыхароў вёскі было цёмна і нібы нейкая нуда тачыла іх знутры. Маўчун пачакаў крыху — мо нешта зьменіцца, мо ўсё ж зацягнуць ягоную, любімую, якую пелі тады, калі сапраўды радаваліся і адчувалі сябе людзьмі. Вось гэтую:

“Ня вешаць нос, гайда, Марыны!

Дурна лі жызнь іль хараша!”

Звычайна зам саліравала — ды такім тонкім голасам, што здавалася, у яе ўнутры нешта зараз лопне. Але ніхто нават ня ўспомніў, што ёсьць такая песьня. Зажурыліся дарослыя, пачалі відэльцамі па стале скрабсьці. Злавесны быў гук. Кра... Кра... Нешта мармытаў, лежачы ніцма ў траве, пан Какоўскі. Маўчун неўпрыкмет споўз з дошкі, на якой яны сядзелі ўсе ў рад, як на паседжаньні якім, доб­рай дошкі, габляванай, гладкай, як гру­дзі ў Касмача — у мужыкоў іхнай пароды толькі на сьпі­не расло, махнацілася, а грудзі голыя, чыстыя, як у бабаў. Споўз і ціха, як птушка малая, за агароджу схаваўся, а там вугламі, вугламі, ды па загуменьні дахаты.