А там, вядома, адразу да гусачкі сваёй шэрай. Абняў яе, ухапіў асьцярожна за шыю, у вочы ёй паглядзеў — і гуска адказала яму такім позіркам, што хораша і лёгка стала Маўчуну, нібы ў яго зубы балелі і нарэшце папусьціла.
“Ня вешаць нос”, — прашаптаў ён і пацалаваў гусачку ў прыгожую шыю.
Гусачка адкрыла дзюбу — нібы нешта адказаць хацела. Супакоіць яго, суцешыць пасьля ўсіх гэтых выпрабаваньняў. Цёплая была гусачка, Маўчун прыціснуў яе да зямлі, якая ўжо астываць пачала, і сам да яе прыхінуўся.
“Давай я табе раскажу... — зашаптаў ён у паўцемры куратніка. — Ты ж любіш, калі я табе гэтую гісторыю расказваю. Дык вось, у адной краіне, на Поўначы, куды лётае Эйр-Болцік, некалі рос у адной вёсцы хлопчык, а звалі яго Нільс, Нільс Хольгерсан. Гэта значыць Нільс, сын Хольгера, так ягонага бацьку звалі... Але ўсе звалі хлопца Маўчун. Бо дужа ён не любіў гаварыць. А што любіў? Любіў кніжкі чытаць. А яшчэ любіў адну шэрую гусачку. А больш нікога...”
2.
Назаўтра Маўчун прачнуўся рана — і адразу ж саскочыў з ложка ды куляй за дзьверы. Нават умывацца ня стаў. Надта хацелася яму паглядзець, як Касмача ў маскалі забіраюць.
Пабег на другі канец вёскі, туды, дзе каля дарогі сьляпая Тэкля жыла, і яшчэ здалёк пабачыў вайсковую машыну. Народу сабралася няшмат, ня тое што ўчора — стары Касмач, ды Касмачыха, ды Любка, ды паліцай, ды ён сам — ну, і дачка сьляпой Тэклі Гэнька за плотам цікавала, што адбываецца. Маўчун стаў воддаль, адчуваючы, што ён тут нібыта й лішні. Ніхто на яго ўвагі не зьвяртаў. Малодшы Касмач, лысы, зь сіняватым зранку тварам, наогул Маўчуна не заўважыў, глядзеў проста перад сабой, важны, як гасударсьцьвенны праступнік. Ну і хрэн з табой, доўбня, падумаў Маўчун, трэба ты мне, я не на цябе паглядзець прыйшоў. А на каго?
Ясна на каго. Маўчун зь нейкай радаснай вусьцішшу паглынаў вачыма цяжкую тупаносую машыну, колы якой, дарма што ўсе лясныя дарогі аб’езьдзілі, яшчэ ня стрэсьлі зь сябе пыл далёкіх гарадоў, засакрэчаных аб’ектаў, прамых, як страла, бэтонак... Гэта была машына, якая ўжо зусім хутка рушыць за стратэгічны лес, ажно туды, дзе Западная граніца ідзе, туды, дзе Маўчуну, можа, ніколі за ўсё жыцьцё пабываць не давядзецца. З кабіны выскачыў камісар, нецярпліва праверыў Касмачову позву і паказаў уладным рухам далоні, каб не зацягвалі разьвітаньне. У кодабе сядзелі такія самыя лысыя хлопцы Касмачовага веку, абыякавыя, апухлыя, зь вялікімі вушамі. Як трусіныя тушкі абдзертыя. Учора, відаць, шмат у якіх Белых Росах сваіх касмачоў у маскалі праводзілі. Але што на іх глядзець, касмачы паўсюль на адзін твар.
Вось камісар — гэта іншая рэч.
Маўчун з павагай разглядваў ягоную зялёную форму, залатога арла зь дзьвюма галовамі, што сядзеў на фуражцы, пазіраючы адразу ў два бакі — нібы сачыў, ці няма ў Белых Росах засады. Вось-вось каркне насьцярожана ды стукне камісара па лбе: апаснасьць, таварішч капітан, бачу падазроныя аб’екты зьлева і справа. Выхапіць тады ваенком пушку і двума стрэламі: бах, бах, апаснасьць зьлева ліквідзіравана, апаснасьць справа уніштожана. Так і бачыў Маўчун, як Гэнька складваецца папалам і падае пысай у гарод, а з другога боку вуліцы трапны стрэл здымае з плоту соннага пеўня. Гэты можа... Ваенны камісар ёсьць ваенны камісар. Маўчун на ўсялякі выпадак працёр вочы: не, падалося... усе пакуль жывыя, Гэнька, рот разявіўшы, у машыну ўтаропілася, і певень цэлы, і Касмачы, і Любка ад ранішняга холаду галаву ў плечы ўціскае.
З-за машыны выйшлі двое салдатаў, сталі за сьпінай у Касмачыка.
“Ну, всё, поехали”, — дабрадушна прабурчэў ваенком, закурваючы новую цыгарэту.
Касмач абняў маці, бацьку, ухмыльнуўся неяк зусім ужо тупа. Падышла Любка, нясьмела, зь цікавасьцю пазіраючы на маладых салдатаў.
“Пака, Касмачык”, — сказала, аглядваючыся, а ў вачах сьмех.
“Беражы сябе, сыночак!” — ускрыкнула старая Касмачыха і адвярнулася.
Паліцай стаяў, апусьціўшы галаву ў мабільнік — у тэтрыс гуляў.
“Скажы яму, што даждзёшся”, — сувора кінуў Любцы стары Касмач.
“Да ладна”, — скрывілася Любка. І чамусьці на Маўчуна азірнулася, з усьмешкай — і той нэрвова ўздрыгнуў. Сьцепануў плячыма міжволі: а я тут пры чым?
“Ну всё, всё, кончайте, кому сказал!” — прыкрыкнуў ваенком.
“Ды я з дуба насёр! — зароў раптам малады Касмач. — На ўсіх на вас! З дуба! І паеду, і больш не пабачыце вы мяне, росы-хуясосы!”
Ён адштурхнуў салдатаў, ухапіўся за кодаб і залез да іншых рэкрутаў, якія сустрэлі яго невясёлым сьмехам. Мільганулі падэшвы ягоных белых бабруйскіх кедаў. Паліцай падняў галаву. Касмачыха зайшлася ў плачы. Любка, калупаючыся ў носе, не міргаючы сачыла, як наверсе рассоўваюцца сьпіны, пускаючы навабранца.