Выбрать главу

Ваенком задаволена цокнуў, кінуў недапалак пад свае высокія ахвіцэрскія боты. Салдаты ўскочылі ў кодаб і з грукатам зачынілі яго, адразу ператварыўшыся са звычайных хлопцаў у істотаў зь іншай плянэты, магутных, бязьлітасных, з прарэзямі замест вачэй. На кукардах успыхнулі залатыя арлы. Ваенком разваліўся ў кабіне. Машына загула не па-вясковаму і папаўзла да лесу.

Маўчун чакаў, пакуль усе разыдуцца: паклэпалі Касмачы, вожык ды кабыла... сеў на матацыкл паліцай і ўкаціў, вісклівы і дрындычлівы, як бензапіла... зьнікла недзе на падворку Гэнька... певень крыкнуў, што хутка ў школу, і пайшоў да свайго гарэму...

“А ты чаго стаіш? — Любка падышла да Маўчуна. — У школу апаздаеш, Маўчунок”.

Маўчун нічога не сказаў, адвярнуўся, каб носам незнарок Любчын пах не ўцягнуць. Пахла Любка рэзка, ня тое, каб гідотна, хутчэй, цікава так пахла, адзін раз удыхнеш, потым увесь дзень яе пах з сабой носіш. Маўчун гэта добра запомніў, таму не хацеў мучыцца, ношку гэтую цяжка скінуць, таму маўчаў і соп сабе, стоячы каля гнілога Тэклінага плота.

“Ну што ты ўсё маўчыш? — Любка абышла яго, каб у вочы яму зазірнуць. — Сказаў бы хоць пару слоў харошых. Мяне сёньня паддзяржаць трэба, абняць, па-дружаскі...”

Маўчун сьціснуў зубы, сьцяўся, стаіў подых. Ён бы і сэрца спыніў, ды нельга. А яно нібы пачула, загрукала мацней. Любка ўскінулася:

“Ну што ты як бальной. Рады, відаць, што Кас­мачыка забралі. Ужо ж уздыхнеш спакойна. Стыдна? Друга твайго ў маскалі загрэблі, а ты тут адсядзішся. Эх, Маўчунок... Ну, ладна, ладна, калода ты, ну і стой тут, думай пра сваіх гусей...”

І Любка засьмяялася пагардліва і пайшла па вёсцы, круцячы дупай. Маўчун пачакаў, пакуль яна за паваротам зьнікне, ён ведаў, што Любка не азірнецца. Потым агледзеўся крадком, кінуўся на сярэдзіну вуліцы, туды, дзе нядаўна машына ваенная стаяла, нахіліўся. Сонца яму дапамагло, акурат над Белымі Росамі прачнулася, усьміхнулася з вышыні — у падмерзлай дарожнай гразі бліснулі залатыя палоскі. Недапалкі, які камісар выкінуў. Маўчун вокамгненна падняў адзін, разьвярнуўся, схапіў другі і пакрочыў па вуліцы, асьцярожна трымаючы ў кулаку, як нічога ніякага — і толькі завярнуўшы да сваёй хаты, прысеў пад яблыняй, раскрыў далонь, упіўся вачыма ў сваю здабычу.

Недапалкі былі кароткія, як гільзы, чорныя, прымятыя на абпаленым канцы, і кожны сканчаўся залатым фільтрам, прыкушаным ды насьліненым нетутэйшым дужым чалавекам. Маўчун паднёс недапалкі блізка-блізка да сваіх раптам змакрэлых вачэй, глыбока ўцягнуў у сябе пах — такі пранізьлівы і такі тонкі: нішто ў Белых Росах ня мела такога дзіўнага водару. Ён паспрабаваў запомніць гэты пах — для гэтага давялося напру­жыць усе свае валаскі ў носе, але ў яго атрымалася, і ён шчасьліва пасьміхнуўся. Заплюшчыў вочы, уявіў сабе, як вайсковая машына на шашу выбіраецца, і ў ёй пагойдваецца Касмач, абсіраючы ўсіх са свайго вечнага нізкарослага дуба... Памарыў Маўчун, як ён на Касмачовым месцы сядзеў бы і таксама пагойдваўся, і было б яму страшна і соладка адначасова. Толькі ён, Маўчун, не сядзеў бы, як бульбіна ў разоры, і не паўтараў бы розную чухню. Ён бы ўсё навокал запамінаў, паўз што машына імчала, кожную драбязу ў сябе памясьціў бы навечна, і ўсяму пастараўся б знайсьці імя — а не знайшоў, дык прыдумаў бы.

Мары разышліся, як хмаркі, Маўчун уздыхнуў і пачаў ужо дзелавіта і спакойна разглядваць свае скарбы.

Цыгаркі капітанавы былі чорныя, як тая раса ў папа — а фільтры залатыя. А на тых залатых фільт­рах — вось жа цуд! — такія самыя арлы сядзе­лі, як на кукардзе ахвіцэрскай. І ўнізе малымі чорнымі літарамі выведзена:

SOBRANIE

Black Russian

Маўчун ведаў, канечне, што птушка тая, арол двухгаловы, гэта іх гасударсьцьвенны герб. Але адна рэч, калі ты яго ў кніжцы бачыш ці ў школе на сьценцы ў сенцах. А зусім іншая, калі нехта той гасударсьцьвенны герб да рота падносіць і нібы цалуе. Абы-каму такое не дазволена. А вось ваенком можа гасударсьцьвенны герб цалаваць. І было ў гэтым нешта такое ўжо сымбалічнае: нібы казаў ваяка такім пацалункам, што жыцьцё аддам за Расію-матушку, нібы ён, курачы, флаг цалаваў, пад якім героі-аднапалчане ўпалі. Маўчуну таксама раптам захацелася той герб на фільтрах пацала­ваць, ён нават недапалкі да вуснаў паднёс, і тут сонца зайшло, пацягнула аднекуль зь лесу зусім ужо зімовым холадам, і падалося Маўчуну, што той ваенком зь неба за ім цікуе. Схаваў Маўчун недапалкі ў пераплёт любімай сваёй кніжкі, пра Нільса Хольгерсана, і пайшоў у школку зьбірацца.

***

У школьных сенцах мабілку палагалася здаць. Згодна з пастановай міністра народнага прась­вяшчэнія, падпісанай міністрам западных церыторый — указ вісеў тут жа на сьцяне, і паперку тую вянчалі тыя самыя галовы, у розныя бакі павернутыя. Маўчун адключыў тэлефон і паклаў у кошык. Ён супраць пастановы нічога ня меў — бо ў школу хадзіў, апантаны жаданьнем узяць там ведаў па максімуму. А калі ўвесь час ў інтэрнэт лазіць — дык і той мізэр прапусьціш, што настаўнік дае. А вось аднаклясьніцы ягоныя пакідалі ў сенцах свае пярэстыя мабілкі так, нібы кацянятаў тапілі. Ледзьве не са сьлязьмі. Вось што значыць залежнасьць.