Ды і што там чытаць, у тым інтэрнэце. Заходзіш, а там пяць разьдзелаў. Новасьці, законы, крымінал, спорт і культура. Унутры культуры — любімая рубрыка белых росіцаў: “Магія і красата”. Абнаўляецца раз на месяц. Яно, вядома, цікава, што там у сталіцы, у Маскве, новага, але... Маўчун нікому пра гэта не казаў, але неяк яго наведала такая думка: калі ў Маскве некага месяц таму ўзарвалі, гэта, канечне, новасьць. Але толькі на сэкунду. Праз сэкунду — адно мгнавеніе ўсяго! — ніякая гэта ўжо ня новасьць, а самая што ні ёсьць старасьць. Ня можа быць такога, каб у Маскве таксама новасьці раз на месяц абнаўлялі. Там, відаць, раз на тыдзень гэта робяць. А можа, і раз на дзень. Ну, Масква ёсьць Масква, сталіца, паложана прывілеі мець. І ўсё такія думкі наводзілі Маўчуна на небясьпечныя высновы. Толькі дурань бы не дадумаўся пасьля такіх развагаў, што інтэрнэт бывае розны. У іх, у Белых Росах, адзін. А ў Маскве, ці, там, на Южнай граніцы, іншы. Ад такіх рызыкоўных думак можна было і далей пайсьці — і да таго даскрыпець ізьвілінамі, што інтэрнэт ва ўсіх свой. І ў Белых Росах не найлепшы.
Ведаў бы паліцай іхны, што ў галаве ў Маўчуна часам робіцца — не сядзеў бы Маўчун ужо ў школе за партай. А дзе сядзеў бы, і падумаць страшна.
“А ты і ня думай”, — быццам казаў нехта над самым вухам.
Маўчы сабе. І пра шэрую гусачку ўспамінай, калі зусім кепска.
У ёй вялікі сэнс, у тваёй гусачцы. І, магчыма, разгадка.
І Маўчун паслухмяна ўспамінаў пра гусачку — і цяплела ў яго на душы, як па галаве хто пагладзіў.
Першым урокам у іх была сёньня радная рэч. Маўчун увайшоў, сеў на сваё Маўчунова месца каля печкі, абвёў вачыма клясу. Адны дзеўкі. Забралі Касмача — дык ён і праўда апошні хлопец у школе застаўся. Цяпер ён ды настаўнік — адзіныя мужыкі ў гэтай хаце, і гэта, ясная рэч, неяк адаб’ецца на іхных стасунках. Нібы пацьвярджаючы гэта, настаўнік, увайшоўшы, падміргнуў Маўчуну.
А можа, проста падалося.
Маўчуну шмат што апошнім часам падавалася.
Вось настаўнік тожа... Маўчун яго зь дзяцінства ведаў. Чалавек як чалавек. Не стары яшчэ. Але ж чым далей хадзіў Маўчун у знаёмую да кожнай трэсачкі, да кожнага жука-караеда школу, тым часьцей заўважаў, што нешта настаўнік хавае. А мо і не хавае, мо сам не падазрае, хто ён насамрэч такі... Ну вось і цяпер: павярнуўся настаўнік да дошкі, каб крэйдай на ёй тэму напісаць, і ў нейкім зусім кароткім руху ягоных густых броваў, у нейкай сутарзе пальцаў пабачылася раптам Маўчуну нейкая насякомая, стрыгучая, пастрыкучая спрытнасьць. Не чалавечая. І так Маўчуну брыдка зрабілася, што ён глынуў камяк, што да горла падступіў. Шумна выйшла. Нядобра выйшла. Абідзеў чалавека. Але што было рабіць?
“Табе што, плоха, Молчюн? — спытаў настаўнік, разьвярнуўшыся ўсім сваім чорным целам, усімі сваімі лапкамі-клюшнямі. — Ілі ты забыл, как себя весьці?”
Маўчун вінавата апусьціў галаву.
“Нет. Рускія люді так себя не ведут”.
Настаўнік падышоў, схапіў яго за валасы і нахіліў да самай парты. А потым рэзка выцяў па патыліцы дубцом.
“Молчюн-пісюн”, — ня вытрымала тоўстая Жэнька. Сама паднялася, легла пузам на парту, задрала спадніцу. Жвах, жвах, жвах — пацерлася, села на месца бачком.
Маўчун расказаў на памяць “Люблю тебя, Петра творенье...”, атрымаў пяць. Адзіны ва ўсёй школе. Усё ж праў ён аказаўся наконт мужчынскай салідарнасьці. Яны з настаўнікам — адзіныя тут мужыкі, сярод курэй гэтых...Каму ж, як не Маўчуну, саатвецтваваць образу мужчыны! Потым пісалі пад дыктоўку пра Пецярбург і яго дварцы. Пасьля ўжо матэматыка была — і зноў Маўчун рашыў усё самы першы. Задачу настаўнік ім даў, канешне, хітрую: з дробамі, з падвохам, як той казаў... Трэба было вылічыць колькасьць палонных, ведаючы запас ядзерных боегаловак. Але Маўчун даў рады — першы. За гэта настаўнік яму дубец даверыў, пакуль да ветру хадзіў. Нешта часта пачаў ён да ветру хадзіць, іхны строгі, але справядлівы настаўнік. Старэе... А як памрэ — каго ім прышлюць? Можа, жэншчыну якую. Нетутэйшую. І тады хто ведае, ці застанецца Маўчун найлепшым вучнем. Так што лепш хай усё будзе як ёсьць.