“Да ўбаіцца жана мужа свайго...”
Якая жана? Якога мужа? І чаго ёй яго баяцца? Маўчун быў перакананы, што ніколі не ажэніцца, хоць над ім сякеру павесяць, хоць у лесе прывяжуць, хоць тапіць будуць у сажалцы. Самое ўяўленьне пра тое, што ён, Маўчун, будзе прывязаны на ўсё жыцьцё да аднаго чалавека, пужала і прымушала адчуваць у горле камяк. Замест таго, каб кніжкі чытаць ды думаць пра ўсялякае-рознае, трэба ж будзе, як поп кажа, “ежэчасна-ежэношчна” клапаціцца, каб жана ўбойвалася. А калі яна не захоча? Калі скажа: “Не баюся я цябе, Маўчун, і ўсё тут. І не зьбіраюся ўбойвацца, як ні прасі”. Што тады рабіць? На калені станавіцца? Языком мянціць, каб яе пераканаць? Сядзяць вунь дзеўкі, як куры, ніхто папа ня слухае, усе толькі і робяць, што званка чакаюць, каб хутчэй у інтэрнэт залезьці, у магію сваю і красату. Хто ж іх убойвацца навучыць? Да паліцая давядзецца ісьці. Дакладваць: так і так, жана мая ня ўбойваецца, прашу прыняць меры. Праціўна. Па-першае, Маўчуну жудасна рабілася ад таго, колькі словаў казаць давядзецца. Лепш памерці, чым так слоўную энэргію марнаваць. Па-другое, не любіў Маўчун даносчыкаў. І сам такім рабіцца не хацеў. Вунь Касмач малодшы колькі Маўчуну благога зрабіў, і так яго мучыў, і гэтак, а Маўчун язык за зубамі трымае. Ні разу на Касмача не паскардзіўся. За гэта Касмач яго запаважаў. Аднойчы валяліся яны ў траве, аддыхваючыся пасьля валтузьні, і раптам Касмачык абняў яго за шыю і прамовіў неяк дзіўна:
“І чаго я да цябе так прыліп, Маўчун? Ты ж бальной. Я на цябе як пагляджу — і ў самога ўсё балець пачынае. Ты ж, падлюка, зьбегчы хочаш ад нас. А я цябе ўсё ў зямлю прыціскаю, каб ня ўцёк. Каб ты ў яе ўрос і яна цябе за ногі хапала, калі лататы задаць надумаеш. Хуй табе, а ня ўцёкі! Чуеш?”
І Касмач зноў схапіў яго і да зямлі прыціснуў.
“Нікуды ты не ўцячэш! Вечна тут жыць будзеш! З намі! З намі, я сказаў! Думаеш, ты самы вумны? І ўсіх тут падманеш? Ды я з дуба насёр на твой вум!”
Але далёка ўжо друг ягоны Касмачык. Адвучаць яго з дуба сраць. На Южнай граніцы дубоў, можа, і няма ніякіх. Толькі стэп голы ды пустэльні бяскрайнія. І па тым стэпе ды па тых пустэльнях дзікары скачуць, што галовы рускім людзям рэжуць. Пакоціцца аднойчы Касмачова галава па пяску — і дадуць яму Георгія. Пасьмяротна. Вочы ў той галавы ўспыхнуць апошні раз, і таму, хто яе падыме, будзе відаць, як мільгаюць у мёртвых зрэнках далёкія дарогі, і гарады, і чужые небы небывалыя. А галава ўпартая заварушыць губамі астатні раз, і пачуе касавокі ваяка дзіўныя словы:
“Ды я з дуба насёр...”
Касмач, Касмач. Дзе ты цяпер? Ведаць бы...
Любка яго, канешне, не даждзёцца. Сама ў гэта ня верыць. І ніхто ня верыць. Зь Южнай граніцы не вяртаюцца. Не ажэніцца Касмач зь Любкай, ня будзе каму Касмача ўбойвацца. Не пагуляюць Белыя Росы на самым чаканым вясельлі. Цяпер на Маўчуна ўсе глядзець будуць. Прыстальна... Чакаючы. Каго ён, Маўчун, выбера зь беларосіцаў гэтых краснаротых.
Была б ягоная воля... Маўчун ведаў, з кім бы ён ажаніўся. З гусачкай сваёй шэрай. З той, якая ўсе ягоныя тайны-перажываньні ведае, з той, якая ня здрадзіць, з той, якая такая цёплая, ладная, пёрка да пёрка, з той, якая ведае, дзе Маўчуну прыемна, а дзе так сабе. З той, зь якой так добра задрамаць летняй ноччу — а цяпер, пасьля Пакроваў, так слаўна грэцца шкляным вечарам, калі ўсё ў хаце пароблена і бацька ў інтэрнэце сядзіць каля печы...
Але пра гэта нікому казаць нельга.
Нікому.
Інакш ня будзе яму жызьні ў Белых Росах. Прыпячатаюць кляймо на лоб і пагоняць у лес, перастануць за чалавека трымаць.
Назіраючы за сваімі аднасяльчанамі мілымі, Маўчун не сумняваўся, што так яно і будзе.
Яны памаліліся, поп патрос званком і, падабраўшы даўгую расу, пабег да пападзьдзі на абед.
Маўчун забраў у кошыку тэлефон і, ідучы дахаты, адразу ў інтэрнэт палез. Але навасьцей не было. Ні добрых, ні благіх. Сем дзён ужо інфармацыя не абнаўлялася. А ўсю, што была, ён ужо даўно прачытаў. Нездарма ў яго ў школе была самая высокая хуткасьць чытаньня. Дзеўкі сваю магію ды красату ніяк да канца асіліць не маглі, а ён ужо ўсе разьдзелы тыдзень перад тым адолеў і нецярпліва чакаў абнаўленьняў. Ды нічога не адбывалася ў сьвеце. Ні. Чо. Га.
Зазваніў тэлефон, Маўчун паднёс да вуха, буркнуў:
“Алё”.
Бацька.
“Зайдзі да Сысуноў, дровы Сысунісе пакалі, яна за гэта яек нам дасьць, — захрыпеў бацькаў голас. — І каб адразу дамоў, работы хапае, дарма што Пакровы прайшлі, бяз маткі нам з табой за траіх трэба...”