Выбрать главу

“Дык узяў бы Сысуніху, — прамармытаў Маўчун. — Што ты чакаеш? Уся вёска чакае, а ты ўсё цягнеш...”

“Эта не ціліфонны разгавор, — абарваў яго бацька. — Сам разьбяруся. Мачаха ня маці”.

І паклаў трубку. Маўчун на ўсялякі выпадак праверыў, ці няма абнаўленьняў — пуста. Ён паклаў тэлефон у кішэнь — нібы бацьку туды засунуў. Малога, зьменшанага да памераў тэлефона бацьку, зь якім можна было не лічыцца. Вось жа цікава: ці праўда гэта, што людзей можна так памяншаць? Казка казкай — але людзі навучыліся казку ў жыць­цё ўвасабляць. Можа, там, у Маскве, у Пецярбургу ці Сталінградзе, даўно ўжо ўмеюць: быў чалавек росту ў мэтар семдзесят, а стаў у сямнаццаць сантымэтраў?

З тэлефонам сваім у Маўчуна былі асаблівыя стасункі. Бо меў Маўчун з мабілкай гэтай цудоў­най адну таямніцу...

Неяк на Радуніцу яшчэ гэта здарылася. Маўчун з гусачкай сваёй шэрай ляжаў, абняўшыся, і тут задрыжэў тэлефон ягоны, “Пабеда”, ды так, што гусачка ажно страпянулася ды крыламі забіла, замахала, на Маўчуна пакрыўдзілася. Прыставіў Маўчун “Пабеду” да вуха, думаў, бацька, бо каму яшчэ яго так позна шукаць, але ня тут-та была.

“Hallo, — сказала трубка. — Hallo!”

Маўчун як здранцьвеў увесь. Хоча мабілку ад вуха адарваць, а ня можа. У трубцы памаўчалі крыху, падыхалі, ды так шумна, што вуха спацела, а затым мужчынскі малады голас прамовіў зьдзіў­лена:

“Hallo, Karina? Wieso sagst du nix? Karina, das bin ich, Ahmet...”

Маўчун маўчаў. Дыханьне дыхала. Трубка тру­біла, жарсна, недаўменна, з прыкрасьцю і нейкай жывёльнай млоснасьцю:

“Karina, Karina, nah, hör auf, Karina, du brauchst nix zu fürchten, nah...”

Маўчун ня верыў, што гэта адбываецца зь ім.

“Karina!”

“Verzeih mich, Karina, Schätzchen...”

Замёршы, Маўчун усё мацней прыціскаў тэлефон да вуха і маліўся пра адно: каб гэты голас працягваў.

“Karina!”

Голас пяшчотна зарыкаў, нібы на тым канцы быў бычок. Маўчун баяўся спужаць яго, ён гатовы быў прыкінуцца кім заўгодна, толькі б ён гучаў і гучаў, бо ў Маўчуна мурашкі па скуры поўзалі — і было ў рухах іхных лапак нешта, чаго Маўчун даўно ўжо чакаў, хоць сам сабе і не прызнаваўся.

“Nah gut, Karina. Okay. Okay, ruf mich an, wenn du nicht so böös wirst...”

І голас нарэшце зьнік. Агаломшаны, Маўчун гладзіў шыю шэрай гусачкі, ён разумеў, што запомніў кожны гук гэтай размовы, кожнае слова — ды што там слова: Маўчуну падалося, што падчас гэтых стогнаў ён чуў і іншае, далёкае, няіснае, выразнае, як у ранішнім сьне... Фантастычны жаночы сьмех недзе ў глыбіні трубкі, і шум матораў ніколі ня бачаных ім машынаў, і няспынны рокат вуліцы дзесьці на іншым канцы сьвету, чужыя галасы, што балбочуць на незразумелай мове, і нават бляяньне ці то сыгналаў, ці то музыкі, якую ён ніколі ня мусіў пачуць — і усё ж пачуў...

Гэтага не магло быць. І ўсё ж гэта адбылося.

Бедны Маўчун. Ды ён месяц хадзіў сам ня свой. На нейкую пару хвілінаў ён быў там, у трубцы “Пабеда”, стаяў пасярод чужога, далёкага, прыдуманага тэлефонам гораду і слухаў, як малады чалавек ныў яму на вуха пра штосьці сваё, штосьці, чым ён дужа пераймаўся...

Karina...

Што б гэта значыла.

Вядома, жаночае імя. Як, напрыклад, Кераміна. Так звалі, па чутках, зама па ідэалёгіі, але Маўчун не даваў чуткам веры. Не бывае такіх імёнаў.

І ўсё ж бывае.

Усё бывае.

У тэлефоне ў Маўчуна было адзінаццаць нумароў. Бацькаў, ды суседзяў усіх, ды настаўніка, ды паліцая, канешне — як што падазронае пабачыш ці пачуеш, неабходна было не марудзячы паліцаю пазваніць і далажыць. І званок гэты... Ухадзяшчы. Ня просты быў званок. Менавіта такі і быў, што адразу паліцая трэба было набраць і прызнацца, што так і так, паступіў ухадзяшчы званок ад неізьвеснага абанента, ня з нашай сеці. Забраў бы паліцай мабілку ды перадаў бы каму сьледует. Ці выдалі б Маўчуну новую — яшчэ вапрос.

Але не таму Маўчун утаіў ад усіх, што быў на яго мабілку падазроны вызаў. А таму, што...

Таму што Маўчун чакаў, што гэты званок паўторыцца.

Вось паўторыцца — і тады Маўчун набярэцца адвагі і скажа ў адказ:

“Каріна-каріна, ня стой ля тына. Каріна раз два трі, маліна красная... Каріна в ягоды звала”.

Не, ня так ён скажа. А вось як:

“Здрасьце, надзеюсь, вы гаваріте па-рускі. Меня завут Малчюн, я жіву возьле Западнай граніцы, в дзеревне Белыя Росы. Я сам рускі. Но очень хачю пасматрэць, как жівут людзі в другіх странах і сказаць вам, чтобы вы не убівалі нас, рускіх людзей. І не брасалі в наш лес всякіх атравленных атходаў, таму што імі можна атравіцца. І яшчэ хачю сказаць вам...”

Што сказаць?

“Забярыце мяне, пажалуста, атсюда”.

У галаве ў Маўчуна шумела, калі ён думаў пра сваю таямніцу. Нібы ён самагонкі Касмачовай напіўся.