Выбрать главу

“Толька не прэдлагайце мне стаць шпіёнам. Я шпіёнаў не люблю. Проста забярыце. Я вам за гэта дровы калоць буду, за дзецьмі глядзець. А лепш на пціцэфабрыку мяне адпраўце. Я пціц люблю. Ані меня слушаюцца...”

Але мабілка больш не званіла. І ўсім сваім выглядам паказвала, што ніколі больш той званок не паўторыцца. Ніколі. Што гэта быў случай. Такой, каторых і не бывае з нармальнымі людзьмі.

Проста аднойчы на станцыі мабільнай сувязі адбыўся збой.

Маленькі збой, які адразу ж выправілі. Праз пару хвілін.

Але за гэтыя пару хвілін малады мужчынскі голас даляцеў да вёскі Белыя Росы пасярод стратэгічнага лесу — і быў пачуты.

Вызаў быў прынят. Як пісалі ў кніжках.

Калі Маўчун пакалоў дровы Сысунісе, на двары ўжо сьцямнела. Не сьпяшаючыся, ён ішоў па вуліцы, адчуваючы, як астывае разагрэтае працай цела. Ноччу мо і падмарозіць. Маўчун думаў пра тое, што прыйдзе дахаты, дапаможа бацьку, потым урокі зробіць — і тады, калі бацька каля печы ў свае віртуальныя мроі занурыцца, можна і гусачку ягоную дарагую наведаць.

“Памагай бог”, — казаў ён машынальна, заўважаючы то сям, то там за платамі сваіх аднасяльчанаў, што нясьпешна поркаліся на падворках. Вокны хатаў ужо сьвяцілі зеленаватым агнём, нібы лясныя вялізныя пачвары разьлегліся абапал вуліцы, чакаючы, калі па ёй пройдзе нехта больш каштоўны за дробнага, худога, непрыкметнага Маўчуна.

І чаго ён іх так баіцца?

Маўчун павярнуў да рэчкі, вёска засталася збоку, зараз зрэзаць цераз поплаў — і да бацькавай хаты.

Праз бульбянік проста на яго ішоў чалавек. У цемры Маўчун не адразу пазнаў, хто такі.

Дый чалавек яго таксама спужаўся, ці што. Заўважыў Маўчуна і мордаю проста ў зямлю. Як забіты. Схавацца думаў.

Тут і стала ясна, што за пціца.

“Пане Какоўскі, гэта я, Маўчун. Вы куды нанач надумалі, га?”

З панам Какоўскім Маўчун чамусьці досыць ах­вотна гаварыў. Мо таму, што пан Какоўскі ніколі нікога ня слухаў. Нават сябе самога.

Пан Какоўскі паволі падняўся зь зямлі. Пачаў углядацца здалёк у Маўчуна вачыма сваімі падсьлепаватымі.

“Как эта? Ты хто такі?”

“Я Маўчун, аднарукага Кастуся сын, — патлумачыў цярпліва Маўчун. — Дык куды вы, пане Какоўскі?”

“Как ты мяне напугаў, — уздыхнуў пан Какоўскі, тры­вожна азіраючыся на вёску. — А скажы, мальчык...”

Пан Какоўскі падышоў бліжэй, недаверліва сьві­друючы вачыма Маўчуна.

“Какой цяпер год?”

“Дзьве тысячы сорак дзявяты, — ветліва і стомлена адказаў Маўчун. — Пане Какоўскі, ішлі б вы дахаты. Цёмна. Паспалі б — і ўсё пройдзе”.

“Дзьве тысячы сорак дзявяты... — з жахам паўтарыў пан Какоўскі. — Как так? Как так палучылась? Ашыбка! Ашыбка вышла!”

І ён зноў паваліўся на зямлю. Маўчун стаў побач, чакаючы, пакуль той падымецца. А што падымецца, сумневу не было. Заўжды падымаўся. І ня кінеш жа чалавека. Шкада яго.

“Как так палучылась?.. — пан Какоўскі падняўся, абтрос штаны і надзеў на плечы свой рукзачок. — Нічаво. Знаеш што, мальчык. Я ўбежаць хачу. Как-нібудзь да Жабінкі дабярусь, чэрэз лес. Ты мне толька дарогу пакажы... Как адсюда да Жабінкі дайсьці. У мяне там цётка дваюрадная жыве. Хоць адзін радной чалавек. Пакажаш, как убежаць атсюда? Паймі, не магу я большэ. Должэн жа быць какой-та выхад!”

Такі ён, пан Какоўскі. Усё как, ды как-нібудзь, ды какой-та, ды как так палучылась...

“Пане Какоўскі, — Маўчун паглядзеў яму ў вочы. — Ня выйдзе ў вас уцячы. Вы ўжо столькі разоў стараліся...”

“Как эта ня выйдзе? — Какоўскі вылупіў вочы. — Какое ты права імееш, шчэнок? А ну паказвай, как атсюды кратчайшым пуцём выйсьці. Іначэ уб’ю цібя! Тапаром зарублю как-нібудзь! Пакажу цібе, какой тапор у міня ў рукзаке!”

Пан Какоўскі пачаў корпацца ў заплечніку, стаў на калені, сякера ўсё ніяк не знаходзілася, і, кампэнсуючы яе адсутнасьць, ён рабіў злосны твар: напінаў вусны, разьдзімаў шчокі, шчэрыў гнілыя зубы і дыхаў, як зьдзічэлы, але стары ўжо сабака. Маўчун глядзеў на яго спагадліва.

Рука пана Какоўскага дастала да дна заплечніка і вылезла вонкі — скурчаная, брудная, з доўгімі тонкімі пальцамі рука.

“Как жэ эта я... — Какоўскі скрушна сеў на бульбянік. — Как жэ эта я не замеціў... Вываліўся тапор. Нечэм цібя ўбіць, есьлі дарогу паказаць аткажашся. Но я найду! Как-нібудзь уб’ю...”

Маўчун паківаў галавой.

“Ідзём! — пан Какоўскі ўскінуўся, схапіў Маўчуна за руку і пацягнуў у бок лесу. — Бяру цібя ў заложнікі. Как церарыст!”

Крывыя пальцы пана Какоўскага ўчапіліся яму ў далонь. Маўчун паслухмяна рушыў у бок лесу са сваім захопнікам, сочачы, каб той не спатыкнуўся аб край каляіны, пакінутай тут некалі трактарам.