Бацька расказваў так захоплена, ды так сур’ёзна, што не паверыць было немагчыма. Можа, калі б Любка якая побач ішла, ці Касмач малодшы, яны б і далі веры. Але Маўчун быў не такі. Нездарма яго Маўчуном называлі. Не адгукалася ў ім тое, што ў чалавечым арганізьме за легкавернасьць адказвае. Да таго ж былі ў аповедзе бацькавым дробныя, але нестыкоўкі.
“А ты сам у тым Мінску бываў, ці што?” — спытаў Маўчун.
“Ну а якая табе розьніца? — раззлаваўся раптам бацька. — Каб нешта ведаць, не абавязкова паўсюль бываць. Мне бабка расказвала твая, мая мама, яна калі маладая была, іх у той Мінск вазілі, на дзявятае мая. І ў задапарк экскурсію ладзілі. Што ж мне, матцы ня верыць? Чаго ёй брахаць?”
“Ну добра, добра, расказвай далей”.
“Ну дык вось, — пакрысе супакоіўся бацька. — А потым вайна пачалася. І той Мінск немцы спалілі. Увесь, дазваньня. А жывёлкі тыя і дзікары ўсе разьбегліся. Ну, тыя, каторыя ацалелі ў бамбёжках. А жывёлцы ды дзікару куды бегчы? Ясьцесьвенна, у лес. Так тыя панды ў нас і пасяліліся. Размножыліся тут трохі. Таму і жывуць у нас панды. І яшчэ невядома хто...”
Недзе паблізу храбуснула ветка. Бацька замёр, схапіў дубальтоўку. Але гэта вавёрка была — Маўчун прасачыў, як яе рудое цела ўзьляцела да самых пустых птушыных гнёздаў.
Шмат што не стыкавалася ў гэтай байцы.
Па-першае, якія паслы? Паслы, яны ў сталіцу прыяжджаюць той дзяржавы, зь якой атнашэнія дзіпламацічаскія. У Маскву. Што ім у Мінску тым рабіць? На Западнай граніцы? Туды ніхто паслам сунуцца не дазволіць. І дурню ясна, пасол — ён толькі так называецца, а насамрэч — шпіёны яны ўсе і цэрэушнікі.
Па-другое. Бацька кажа, што Мінск той немцы спалілі. Ці разбамбілі. Але па гісторыі расказвалі, што яго разбамбілі яшчэ сто пяцьдзясят гадоў таму. Дык што, яго зноў пабудавалі і зноў разбамбілі? Вось жа не павязло. І чаму немцы? Нешта наблытаў бацька. За Западнай граніцай ня немцы кіруюць, гэта кожнаму ясна. А хто? Амэрыка, канешне.
І па-трэцяе... Тут Маўчун адчуваў самы слабы бок бацькавай байкі. Бо кожны, у каго на мабілцы інтэрнэт быў, мог, калі не ленаваўся, прачытаць, што рэдакцыя навінаў знаходзілася ня дзесьці, а акурат у тым самым Мінску. Праўда, інфармацыя гэтая месьцілася там, куды нармальны чалавек ніколі заглядваць ня будзе. Маленькімі літаркамі ў разьдзеле “Магія і красата”, збоку ад рубрыкі “Поделись секретом вечной молодости” была пімпачка зялёная, на якую ніхто не дадумваўся ціснуць. А Маўчун вось дадумаўся. Клікнуў — і атрымаў:
“Редакция новостей Северо-Запад. Минск-Хрустальный, ул. Героев-Подводников, 2. Главный редактор — Добрыня Владимирович Огарев. Cеверозападинфокновмир”.
Значыць, не спалілі той Мінск немцы. Ці спалілі, але вырас пасьля Асвабадждзенія на месцы таго спаленага Мінска зь ягоным задапаркам новы горад, з крышталя і царь-цемента. Проста ня ведае нічога бацька. Час такі, такая эпоха: дзеці лепш за бацькоў сьвет ведаюць. Ня тое, што дваццаць гадоў таму... Калі не было яшчэ на сьвеце ніякага Маўчуна, а вось Белыя Росы ўжо былі. Толькі вось якія?.. Што тут адбывалася? Ніхто не раскажа. Пра задапарк і пандаў бацька ахвотна трындзіць. А як ні спрабаваў Маўчун бацьку пра ягоную службу ў маскалях распытаць, бацька як чапялу праглынуўшы робіцца.
Яны дайшлі да бярозавага гаю, селі на траву, бацька сказаў Маўчуну, каб асьцярожна паклаў сетку, бо заблытаецца, і каб даставаў з торбы прыпасы. Маўчун расклаў на пяньку каўбасу, халодную бульбу, соль, цыбуліну. Бацька прыставіў да бярозы дубальтоўку і прыплюшчыў вочы.
“Халера, — сказаў ён зморана. — Пачуў, відаць, панда, як мы гаварылі. Здалёк пачуў, кітаец. Вось жа кляўся сабе, што гэтым разам маўчаць буду, каб не спужаць, а бач ты, разгаварыўся... Гэта ўсё ты, малы, вінаваты. І чаго цябе Маўчуном называюць? Ты ж той яшчэ балбатун. Усё тат, ды тат... Раскажы ды раскажы...”
Але Маўчун бачыў, што бацька не злуе. Падабалася бацьку байкі свае травіць. І добра яму было, што яны ўдвох па лесе ходзяць у самы канец восені, што дыхаюць тым самым паветрам. Паляваньне для бацькі — найлепшы адпачынак. Хай бы і бяз панды. Нічога, абыдуцца. На зіму сёе-тое маюць, пражывуць неяк. Дый зіма цяпер такая, што марозу не бывае. А, кажуць, годзе ў 2012 сапраўдныя бураны былі. Брэшуць, відаць. Якія нахер бураны? Добра, калі ў Белых Росах да нуля дойдзе. Усю зіму плюс пяць, а ў канцы лютага ўжо кветкі распускаюцца. У суседзяў... Бацька кветнік зусім закінуў. Вось узяў бы Сысуніху — дык і ў іх бы побач з хатай красата была...