Выбрать главу

“Хочаш, нешта пакажу? — хітра прымружыўся бацька. — Хадзем!”

Яны хуценька сабраліся і пайшлі не туды, дзе праз камлі дрэваў прабівалася сонца, а ў цёмны гушчар. Маўчун ужо заперажываў — раптам яны знаку не заўважылі, як бы праблем ня ўзьнікла... Але бацька ўпэўнена ішоў наперад. Знае, відаць, дарогу. Ну, а што ім зробяць. Салдаты яго, Маўчуна, ведаюць. Адпусьцяць. Толькі за бацьку боязна. Бо ўсыплюць бізуноў за парушэньне рэжыму. Эх... Застаецца спадзявацца, што бацька розум мае. Ведае, што робіць.

І раптам яны выйшлі да возера.

Яно бліснула наперадзе, як нечае вялікае вока. Вока паглядзела на Маўчуна і засьлязілася.

Па вадзе прайшла рабізна. Нібы возера пазнала яго. Нібы ўжо бачыла.

Зусім недалёка ад возера стаяла хатка. Дый ня хатка ўжо, а зусім згнілая спаруда, чорная, з аблупленай сіняй фарбай, якая яшчэ дзе-нідзе трымалася над тым, што раней было вокнамі.

Дзьверы віселі на адным іржавым кручку.

Хата была мёртвая. А возера жывое. І гэта так усхвалявала Маўчуна, што ён узяў бацьку за руку.

“Ды ня бойся, — глуха сказаў бацька. — Тут ужо даўно не жыве ніхто”.

І ў гэта Маўчун таксама ня надта паверыў. Але руку бацькаву адпусьціў. Яны падышлі да возера, бацька закурыў цыгарку. І Маўчун чамусьці ўспомніў пра свой скарб: чорна-залатыя недакуркі “Сабранія”. Вось бы ў таго капітана, ваенкома, выпрасіць адну цэлую. І зараз бацьку пачаставаць. Хоць, можа, і дурная гэта была мара. Бо ў дымку ад “Пабеды”, што плыў цяпер над возерам, і гэтым чорным лесе на другім беразе, і ў зморшчыне, што апяразвала бацькаў лоб, і ў мёртвым абрысе закінутай, згнілай хаты была яна — тая гармонія, якую Маўчун даўно лавіў, нібы матылька, але ніяк ня мог спаймаць нідзе, апрача як у куратніку, з шэрай сваёй любай гусачкай...

Ён падышоў да хаты і зазірнуў усярэдзіну. Цёмна там было і сыра, спалі там расьліны лясныя, і дыхала там падземнае балота.

“Глядзі, ня лезь, паваліцца на галаву страха, давядзецца цябе на плячах цягнуць, — крыкнуў бацька. — Кепскі гэта выбар: або сын, або дубальтоўка...”

Бацька падышоў, дастаў новую цыгарку.

“Даўно тут ніхто не жыве, — паўтарыў ён задуменна. — А раней жыў. Матка, як маладая была, сюды часам наведвалася”.

“А хто тут жыў?” — запытаўся Маўчун, нюхаючы хату і адчуваючы, як нешта цёмнае, цяжкае вярэ­дзіць ягоную душу.

“Э-э... — зацягнуўся цыгаркай бацька. — Тут бабка-шаптуха жыла, гадоў трыццаць назад. Такая бабка была, што ўсім бабкам бабка. Людзей лячыла. Да яе з усёй Западнай граніцы езьдзілі, празь лес прабіраліся, грошы вялікія плацілі, толькі б да бабкі гэтай патрапіць. Бо бабка тая магла чалавека ад любой хворасьці пазбавіць. Як яна гэта рабіла, хто яе ведае. Толькі і езьдзілі да яе, і хадзілі, і на каленях поўзалі, толькі б палячыла. А яна нікому не адмаўляла. Кажуць, што нават грошай ня брала. Хоць у гэта неяк слаба верыцца. Не бывае так, каб нехта іншаму за проста так, задарма памагаў”.

“Так, каб ад усяго, таксама не бывае, — хмура сказаў Маўчун. — І як яна памагала? Яна што, доктарка была? Фэльчарка? Ці веру мела моцную?”

“Ды ня ведаю я, — махнуў адзінай рукой бацька. — Але веру! Так людзі старыя кажуць. Ад усяго лячыла. Есьць вешчы, сынок, каторыя неаб’ясьнімы. І ня нам у іх сумнявацца. Наука — гэта, канешна, харашо, но чалавечаму уму ня ўсё даступна. І то, што ў сказках напісана, можа кагда-ні­будзь аказацца рэальнасьцю. Напрымер, кавёр-самалёт. Кагда-та людзі толька ў сказках пра такое слышалі, а патом аэрапланы пастроілі — і на табе, лётаюць, бомбы скідваюць, удабрэнія. Ілі вот на Парыж нашы пятнаццаць гадоў назад бомбу скінулі — а з чаго ўсё началась? З каўра-самалёта!”

“Калі так... — Маўчун закусіў губу. — Калі так, дык, можа, вучоныя могуць і іншыя цуды ў жыцьцё ўвасобіць. Мне вось што цікава, тат. Ці можна, хаця б чыста цеарэцічаскі, так зрабіць: што вось ёсьць чалавек, нармальнага росту — а яго з дапамогай навукі... ілі бабкі... прэўраціць у малога? Такога малога, каб ён на сьпіну гу... ну, на сьпіну сьвіньні памясьціўся?”

Бацька слухаў яго напаўвуха. Здавалася, што пасьля свайго маналёгу пра аэрапланы і бомбы ён пра нешта моцна задумаўся. І Маўчуна гэта чамусьці раззлавала.

“Тат?”