Выбрать главу

Яна паглядзела на яго яшчэ больш сувора, але потым міжволі ўсьміхнулася — і Маўчун разам зь ёй.

“А дзе бацька?”

“Звоніць вось...” — сказаў Маўчун, паказаўшы тэлефон, які толькі што сьціх.

“Блізка?”

“Так”.

Маладзіца азірнулася, сьціскаючы пісталет.

“А ты хто?” — спытаў Маўчун. Хоць і так ведаў. Здагадаўся. Не маленькі.

“А я Стэфка”, — сказала маладзіца. Ага. Так я і паверыў, падумаў Маўчун. Зь цябе такая ж Стэфка, як зь мяне — Добрыня Владіміровіч Огарев.

Але ён згодна міргнуў. Маўляў, Стэфка дык Стэфка. Паверым пакуль што на слова.

“Ты парашут хаця б схавай”, — сказаў Маўчун, паказваючы на шлейф. Стэфка кінулася закопваць яго пад мох ды апалае вецьце, Маўчун далучыўся — разам яны ўправіліся хутка. А тады пагля­дзелі нарэшце адно аднаму ў вочы.

“Ты парашутыстка, праўда? Цябе ворагі закінулі, з таго боку?”

Стэфка сьцяла вусны.

“А ты? — адказала яна, адвёўшы вочы і прыслухоўваючыся да няясных гукаў. — Даўно тут ся­дзіш?”

Вядома, ёй цікава, ці бачыў ён яе голай. Маўчун ня стаў хлусіць, усё роўна і так ясна, што бачыў.

“Даўно, — прызнаўся ён. — Ты прыгожая. Амаль як гусачка”.

“Што? — яна ціха засьмяялася. — Як хто? Я — як гусачка? Сам ты гусак. Гусяня дурное. А твой бацька — ён...?”

І яна наставіла пісталет на дрэвы.

“Лепш яму нічога пра цябе ня ведаць, — сказаў Маўчун. — Ідзі вунь туды, калі паварочваць ня будзеш, пабачыш возера, а побач хату старую, мёртвую. Там і схавайся. А я нікому не скажу, што цябе бачыў. І заўтра да цябе прыйду, бо трэба ў цябе спытаць сёе-тое”.

“А ты разумны... — сказала Стэфка. — У вас тут усе такія?”

Але Маўчун ужо зрабіў страшныя вочы, паказ­ваючы ёй напрамак — куды ўцякаць. І яна, падхапіўшы заплечнік, кінулася за дрэвы.

“Ты чаго трубку не бярэш? — бацька выйшаў з кустоў менш чым праз хвіліну пасьля таго, як дзеўка зьнікла ў лесе. — Я яму званю...”

“Дык сувязі не было, — сказаў Маўчун, якога ажно трэсла. — Вось, глядзі, ніводнай палкі”.

Але бацька ня стаў глядзець, сеў на дрэва, паклаў побач дубальтоўку.

“Ня панда”, — сказаў ён і ўздыхнуў.

Маўчун сеў побач.

“Ты з кім тут гаварыў? — успомніў бацька. — Я твой голас чуў”.

“Сам з сабой”, — кінуў Маўчун, спрабуючы суцішыць ласкавымі думкамі сваё непаслухмянае сэрца.

“А яшчэ Маўчун... — бацька тыцнуў яго ў бок. — І хто цябе так назваў? Трэба было табе іншую мянушку даць: Славесны Фантан. Ну, што? Хадзем. Паляўнічыя...”

І яны рушылі туды, дзе за тысячамі дрэваў, сот­нямі ценяў, мірыядамі пахаў і гукаў ды іншых цёмных істотаў, што сачылі за імі сваімі гаручымі вачыма, ляжала іхная вёска — ляжала і чакала зімы.

4.

Такім вось выйшла іхнае з бацькам паляваньне.

А ў панядзелак у школу раптам пасярод заняцій паліцай заявіўся — пры парадзе, у павязцы з арлом, ды пры кабуры — і не адзін заявіўся, а з замам па ідэалёгіі. Акурат было прыродазнаўства — ня самы ўлюбёны прадмет Маўчуна, таму ён нават узрадаваўся, калі ў сенцах бразнулі дзьверы і на парозе клясы, прыгнуўшыся, вырасьлі постаці іхнай вяс­ковай яліты — толькі солтыса не хапала.

Настаўнік зьдзіўлена саступіў ім месца каля дошкі, а сам сярод вучняў сеў. Проста побач з Маўчуном. Паліцай адхаркаўся, праглынуў сьліну і важна агледзеў спачатку Любку, потым Маўчуна, а затым ужо і ўсіх сьмяшлівых дзевак, якія ўсё ніяк не маглі супакоіцца.

“Гаспадзін учыцель, успакойце клас, дзела важнае”, — незадаволена сказала заміха і насупіла ­бровы.

Настаўнік дастаў дубец і за сьпінай у Маўчуна хутка запанавала цішыня.

“Дзела і праўда важнае, — прамовіў паліцай, паклаўшы руку на кабуру. — Можна сказаць, гасударсьцьвеннае. Ад вас трэбуецца прэждзе ўсяго сазнацельнасьць. Гражданская ацьветсьцьвеннасьць, я бы дажа сказаў. Бо вы ж маладыя граждане, новае пакаленьне Белых Росаў, каторае... Людка! Ты, ты, Чумачонак, хваціт ужэ серу з вуха цягаць, мазгі разам зь ёй павыцягваеш, так ужо пальцам у вуха залазіць, сматрэць праціўна!”

Усе павярнуліся да дурнаватай дзесяцігадовай Людкі.

“Дубца захацела, Чумачонак? — настаўнік вінавата зірнуў на паліцая. — А ну ўніманіе на экран! Вот жа пакажу табе!”

“Так, — паліцай зноў адхаркаўся, ад яго пахла часныком і перагарам. — Значыт, слушайце ўнімацельна. Как вы ўсе знаеце, страна акружана ўрагамі. Ўчора ў акрэснасьцях нашых Белых Росаў замечэн быў самалёт-шпіён. Надзеюсь, усе панімают, што эта значыт. Большэ таго, сягоньня утрам ў лесу быў найдзен парашут. А эта ўжэ ня проста сітуацыя, гэта ўжэ чрэзвычайнае праішэствіе. Паэтаму управа нашага пасёлка абрашчаецца к вам, маладзёж. Каб вы, суччыны дзеці, былі пільныя, як замеціце што падазрыцельнае — сразу званіце мне ілі на номер Аркадзеўны. А есьлі занята — солтысу, бацюшку ці ўчыцелю. Наша армія такжэ на­дзеецца на ваша садзействіе. Што эта значыт? Эта значыт, што як толькі пабачыце дзе каго чужога — адразу сігналізіруйце. Эта ваш доўг! Как гаварыцца, пры абнаружэньні бясхозных ілі падазрыцельных прадметаў саабшчайце аб этам машыністу ці работнікам метрапалітэна. Усім панятна?”