Выбрать главу

Расчараваны, ён намацаў у кішэні карамэльку, разгарнуў, схаваў за шчаку. Ніякіх сьлядоў Стэфкі. Можа, яе даўно знайшлі і цяпер у хаце паліцая дапытваюць. Каго вербавала, каго спакушала, каму даляры абяцала за здраду. А можа, заблудзіла Стэфка ў стратэгічным лесе і салдатам трапілася. Дый ці мала што магло здарыцца. Што калі яна на панду нарвалася? А той яе абхітрыў і туды зацягнуў, адкуль вяртаньня няма?..

“Кавы хочаш?” — раптам сказаў голас за сьпінай у Маўчуна і ён патыліцай адчуў, як у мёртвай хаце ажыў някідкі, маленькі, але моцны ліхтарык.

Ён паволі азірнуўся. Стэфка схавала пісталет пад пахай і ўсьміхнулася, ды так двухсэнсоўна, нібы яны з Маўчуном нешта задумалі. Нейкі плян, які толькі што адначасова прыйшоў ім у іхныя такія розныя галовы. Яна была ў ватніку і ботах, якія бабкі ў вёсцы носяць, і было ў яе выглядзе нешта недарэчнае. І ўсё ж Маўчун быў такі рады, што нарэшце яе пабачыў: ажно падышоў бліжэй і паціснуў ёй руку.

“Хачу”, — з выклікам сказаў ён. Яму вельмі хацелася, каб яна абыходзілася зь ім як з дарослым. Дый што за розьніца між імі была: Стэфка выглядала гадоў на дваццаць... Падумаеш, яшчэ трохі пажыць, і яму столькі ж стукне.

Калі дажыве, канешне.

Яна дастала аднекуль тэрмас, наліла яму кавы, ён глынуў і папярхнуўся. Не таму, што апёкся ці таму, што брыдоты пакаштаваў.

А таму што кава была такая, якой ён ніколі ў жыцьці ня піў.

Напой багоў.

Сапраўдная шпіёнская кава.

Кофе аттуда.

Аднак Маўчун узяў сябе ў рукі, прымружыўся і ўдаў, што нічагуткі яго не зьдзівіла. Проста прастудзіўся крыху ў лесе. Бывае.

“Я думаў, цябе ўжо таго, схапалі”, — прамовіў ён важна. Зараз бы яшчэ цыгарку закурыць. Залатую з чорным. Вось бы шок у яе быў. А што, думае, з мальцам нейкім зьвязалася? Урэшце, ён яе ўчора ўратаваў. Так што яна яму вінная.

“Ды я за табой ад самай дарогі іду, — усьміхнулася Стэфка. — Прабач. Праверка. Я ж цябе амаль ня ведаю”.

І сама сабе кавы наліла. Як жа яна п’е. Загле­дзецца можна. Але Стэфка выключыла ліхтарык, і Маўчуну падалося, што ў яе засьвяціліся вочы. Яны прыселі ў цемры на прагнілую лаўку.

“А ты чыя шпіёнка? Германская? Ці мерыканская? — пацікавіўся Маўчун. — Толькі праўду ска­жы. Гэта важна”.

“А якая розьніца?”

“Ну... — Маўчун нахмурыўся. — Ты ж шпіёнка, ра­зумець павінна. Калі германская, значыць, цябе расстраляюць проста ў лесе. А калі мерыканская, дык, можа, у Маскву адправяць. Бо тады на нашых памяняць можна. Гэта ж кожнаму ясна”.

“Так я табе і прызналася, — Стэфка ўважліва і нават неяк занадта цікаўна назірала, як ён сёрбае з мэталічнага кубка. — А цяпер я спытаю. Чаму ад цябе так дзіўна пахне?”

“Як дзіўна?”

“Ня ведаю. Нечым жывым. Вельмі жывым і вельмі пахучым. У вас усе так пахнуць, у Белых Росах?”

Маўчун уздрыгнуў.

“А ты адкуль ведаеш, дзе я жыву?”

“Ну ты даеш, Маўчун, — ціха засьмяялася яна. — Забыў, хто я?”

“А, ну так, у цябе ж, мабыць, навігатар на тэлефоне, — апамятаўся Маўчун. — А дай паглядзець. Ніколі ня бачыў шпіёнскіх тэлефонаў”.

“Тэлефонаў... — перадражніла яго Стэфка. — Шмат будзеш ведаць, панда зьесьць. Дык што за пах? Што так сьмярдзіць. Га?”

“Адкуль мне знаць, — пакрыўдзіўся Маўчун. — А та­бе нашто?”

“Дык і я так хачу”.

“Не палучыцца ў цябе, — уздыхнуў Маўчун. — Слухай... А адкуль ты па-нашаму так умееш? Цябе ў разьведшколе вучылі? Без акцэнту, толькі ўсё роўна... Нешта ня тое... Не магу сказаць што... Усё роўна ты як чужая гаворыш. Як нетутэйшая”.

“Вядома, у разьведшколе, — сказала задумліва Стэфка. — Дзе ж яшчэ?”

“А чаму там яшчэ вучаць?”

“А ты мне пра сваю школу раскажаш?”

“Спачатку ты”.

“Ну ладна. Сам мог бы здагадацца. Мяне ў школе вучылі з парашутам скакаць, страляць з абедзь­вюх рук, загойваць раны, размаўляць на пяці мовах. Машыны вадзіць любой маркі. Кампутары, хімія, фізыка, права, літаратура, этналёгія — гэта само сабой...”

“Ну, а... — Маўчун запнуўся. Цяжка было пытацца. Але ён сябе перасіліў. — А, скажам, калодзежы атручваць? Дапросы праводзіць з прыстрасьціем? Падсыпаць снатворнае? Мужыкоў спакушаць, каб тайны гасударсьвенныя выдавалі? Бацылу ў вадаправод запускаць? Ці там, ня ведаю, дзіс... дзік... дзіскардзікціраваць органы ўласьці?”

“Само сабой, — Стэфка сур’ёзна паглядзела на яго. — Але гэта на першым курсе праходзяць. Усё гэта я вывучала і экзамены на адны пяцёркі здала. Так што будзь спакойны. Калі цябе захачу дапытаць — допыт будзе як мае быць. Пекла. Пашка­дуеш, што нарадзіўся. Але цяпер мая чарга. Дык раскажы мне пра школу. Абяцаў”.