“А дзе ёй балбочуць?”
“У лесе каля Белых Росаў, — сказала Стэфка. — Ты ж сам чуў толькі што. Ну добра. Раскажу трохі. Але потым адразу пачынай. Мову бальбута прыдумала каля трыццаці гадоў таму адна жанчына. Між іншым, твая суайчыньніца. Знакамітая цётка па той бок граніцы. Яна ўжо даўно жыве ў эміграцыі. Гэта канланг, то бок сканструяваная мова, і цяпер мы ў разьведшколе карыстаемся ёй для зносінаў з гэтай вось штукай. Яна яе добра распазнае, але толькі ў выкананьні нашых галасоў. Чужыя так ня змогуць, нават калі вывучаць бальбуту. Зразумеў? А цяпер расказвай. Ты абяцаў”.
“Хіба мову можна... сканструяваць? Гэта ж ня трактар!”
“Можна... Я ж табе расказвала пра навуку. Пачынай, прашу цябе. У нас мала часу для перадачы”.
Маўчун, зьбіваючыся, пачаў расказваць — марудна, цягнучы словы... І тут у бледна-зялёным кубе зьявілася нечакана ягоная гусачка.
“Гэта што такое? — строга спытала Стэфка. — Ты пра што думаеш?”
Маўчун зьбянтэжана замаўчаў.
“Ну нічога, паспрабуй яшчэ”.
Саромеючыся, зьбіты з толку, Маўчун расказаў спачатку пра малодшага Касмача, потым пра солтыса, потым пра паліцая. Пра Касмача-старэйшага, ды пра зама, ды пра папа. Ды пра бацьку, ды пра настаўніка...
“Стаміўся? Ёсьць нехта яшчэ, варты нашай увагі?” — спытала Стэфка, пагладзіўшы Маўчуну лоб.
“Ну, яшчэ пан Какоўскі, але ён дурны проста...”
І ён расказаў пра дзівака, які невядома адкуль узяўся і невядома куды марыў уцячы зь Белых Росаў. Стэфку пан Какоўскі зацікавіў.
“А скажы... Машына часу ў вам там ёсьць?” — спытаў Маўчун, крыху азадачаны.
“Я ж табе расказала пра тое, што такое навука... — сказала Стэфка, думаючы пра нешта сваё. — Слухай, Маўчун...”
І тады яна задала яму пытаньне, у параўнаньні зь якім усе папярэднія былі проста дзіцячай гульнёй.
Яна спытала Маўчуна, як ёй апынуцца ў вёсцы і незаўважна ні для кога паздымаць іхнае вясковае жыцьцё.
“Ты што, з дуба звалілася? — Маўчун пакруціў пальцам. — Цябе ж знойдуць. Паліцай пакуль усе куты не абнюхае, не супакоіцца”.
“Падумай, Маўчун, — пяшчотна сказала Стэфка. — Ты разумны. Я ведаю”.
“Ну... — закаціў вочы Маўчун. — Хіба што ў пустой хаце, дзе Юзак жыў. Калі высоўвацца ня будзеш... дык, можа... Але што мне за гэта будзе?”
“Адкажу на ўсе пытаньні, — паабяцала Стэфка, гледзячы яму ў вочы. — Чуеш? На ўсе”.
“Ну, то зьбірайся... — Маўчун зірнуў на экран мабілкі. — Мне дахаты трэба. Правяду цябе. Умееш быць нячутнай, як зьвер?”
“Умею, — Стэфка паднялася з лаўкі. — Вядзі”.
Яны выйшлі з хаты, Маўчун пайшоў першы — а Стэфка дыхала ззаду, смачна і ціха, і ступала проста па ягоных сьлядах.
5.
Да зімы заставалася адзін раз дыхнуць. Зачыняўся стратэгічны лес, замыкаў за сабой чорныя дзьверы, замалёўваў блядою фарбаю вокны, закалочваўся ад людзей.
Але не давалі людзі стратэгічнаму лесу спакою.
Па гушчары шнарылі патрулі з сабакамі, напаўнялі запаветныя месцы брэхам ды кашлем камандаў, дрэвы абарочваліся салдатамі, а паляны — пражэктарамі, а над шатамі дрэваў час ад часу паволі, злавесна падаў на лес верталёт і ніяк ня мог упасьці, вісеў, круціўся, выглядваючы ў цёмных джунглях, ці не прабяжыць па іх падазроная хваля, ці ня ўздрыгне дзе забароненая галінка, ці ня выдасьць сябе недзе паміж высокіх вольных ялінаў нелегальная схованка.
Шукалі парашутыстага. І дзень, і ноч шукалі. Парашут быў — а шпіёна ўхапіць ніяк не ўдавалася.
Гэта ў лесе. А ў Белых Росах шчыраваў у марных пошуках паліцай. Дапытваў, злаваўся, заходзіў у хаты да людзей, абяцаў узнагароду, а то і кару: на слабую памяць не спадзявайцеся, папярэджваў ён, паймаю шпіёна, ён расколецца, і тады ясна будзе, хто з вас, аднасяльчане, вінаваты, што не прыкмеціў, не надаў увагі, прапусьціў міма вушэй, даў сябе абвесьці вакол пальца, недапільнаваў, недагледзеў, не данёс, не далажыў. Хто паленаваўся на мабілцы пару кнопак націснуць, каб прысыгналіць.
Кожная драбяза мае значэньне, пераконваў паліцай вяскоўцаў. Дарагія мае, успомніце, можа, чулі што або бачылі, не такое, як заўжды, нешта, што выбівалася са звычнай штодзённай каляіны. Кожная лухцень можа зрабіцца зачэпкай.
І тады паліцай пацягне — і выцягне паскуду за брыдкі хвост.
У Белых Росах неўзабаве шпіёна так і пачалі ўяўляць — як нейкую нечалавечую істоту, з хвастом, ды жабрамі, ды рагамі, ды вокам на дупе, а чэлесам на лбе. І гэта было шпіёну на руку (калі, вядома, ён меў рукі). Бо нечалавечаскаму сушчэству ў дзярэўні спратацца невазможна, тут нечалавечаскія сушчаства сразу бы как на далоні аказалісь.
Так сказаў Маўчуну настаўнік, калі яны неяк сустрэліся на вуліцы. І Маўчун уявіў сабе Стэфку — наколькі ж яна не была да шпіёна падобная. Дый не здагадваўся ніхто, што шпіён-та — баба. Шукалі мужыка. Так яно заўжды бывае, калі людзі ў інтэрнэт і ў рэлігію вераць.