Хата, дзе раней Юзак жыў, стаяла ў самым пачатку вуліцы. Марнела сабе пакрысе без гаспадара. Глядзела на вёску цёмнымі вокнамі. На дзьвярах замок боўтаўся. Яго туды сам паліцай і павесіў, калі Юзак прапаў. Павесіў і забыў. Кожнага разу, праходзячы паўз Юзакаву хату, Маўчун пазіраў на гэты замок і цешыўся, што яму прыйшла такая геніяльная ідэя — пасяліць Стэфку ў Юзакавай хаце. Тут яе ніхто не шукаў. Дый наогул ніхто падумаць ня мог, што шпіён атайбаваўся ў саміх Белых Росах. Яго шукалі ў лесе — а ў вёсцы шукалі сьляды і савобшчнікаў. Хто ж мог падумаць, што шпіён здольны на такое нахабства?
Часам у Белых Росах зьнікалі людзі. Так здарылася з Маўчуновай мамай. І з Чэськам, які ў школе разам зь ім хадзіў, а аднойчы пайшоў у лес у ягады і не вярнуўся. А стары Ігнат, у чыёй хаце пана Какоўскага пасялілі, сам памёр. Але Ігнатава дачка, Ларыса, таксама не вярнулася. Гэткая ж гісторыя і зь Юзакам: працавіты быў мужчына, жонка ў яго памерла, сыноў у маскалі даўно забралі. Да Юзака сястра Любчынай маці хадзіла. Усе думалі: ну, возьме Юзак яе ў жонкі ўвосень. Хрэн вам. Пайшоў Юзак неяк год таму ў лес на панду — і прапаў. А паколькі нікога ў Белых Росах не прыбавілася, так і стаяла ягоная крэпкая, умелай рукой узьведзеная хата пустая.
Маўчун з Касмачыкам туды неяк залазілі: усё выглядала так, нібы гаспадар зараз вернецца. Рэчы стаялі на сваіх месцах, ложак засланы так, нібы на ім яшчэ гадзіну перад тым нехта ляжаў. Зарадка ад мабілкі скруцілася на канапе. Людзі ў Белых Росах, канешне, калі зразумелі, што ня вернецца ўжо Юзак, пачалі да хаты ягонай хадзіць ды прыглядацца, што сабе можна ўзяць, што да гаспадаркі ўласнай прыдасца. Не таму, што марадзёры. Якія ж марадзёры ў Белых Росах? А таму, што нядобра гэта, калі рэчы без гаспадара марнеюць. Усякай вешчы дзела нужна, казаў стары Касмач, які ня супраць быў, каб хату Юзакаву яму аддалі. Але аднойчы паліцай прыйшоў, замок павесіў, а ўсім па вёсцы эсэмэску адаслаў, гасударсьцьвенную: Юзакава хата канфіскуецца, нічога ў ёй не чапаць, у вокны ня лазіць, па падворку не хадзіць, замок не зрываць, а хто не паслухаецца, сагласна ўказу будзе бізунамі наказан. Публічна. Гэта астудзіла пыл аднасяльчанаў. Гасударства ёсьць гасударства. Гэта некалі, да асвабаждзенія, яго можна і нужна было абманваць, каб выжыць. А цяпер усяго хапае, імперыя ўсім дала што нада для жызьні, работу, яду, дастоінства, уверэннасьць у заўтрашнім дне. А ад публічных бізуноў людзі адвыклі. Нікаму не хацелася зноў прывыкаць.
Таму і пакінулі Юзакаву хату ў спакоі. А паліцай усё чакаў, калі ўласьці прыедуць на канфіскацыю, ды толькі ня ехаў ніхто ўжо год, і сумнеўна было, што тая ўласьць пра Юзакава майно помніць.
Вось і выйшла, што мінаючы Юзакаву хату, на яе ніхто стараўся не глядзець. Каб сябе ў іскушэніе ня ўводзіць. Ды ўсё роўна, не-не, а мільгала ў гаспадарлівай сялянскай галаве думка: ну нельга так людзей мучыць, пусьцілі б нас, мы б за гадзіну там усё расьцягнулі, і забылася б гісторыя, разам зь Юзакам тым злашчасным. Каму ана нужна, памяць?
За хатаю ў Юзака быў сад. Малы, але дрэвы жывучыя, моцныя, здаровыя. Так яны ў хату і залезьлі тады, Маўчун з Касмачыкам. Па дрэве на страху, а там на гарышча, а з гарышча саскочылі каля печы. Ніхто іх не заўважыў. Як залезьлі, так і вылезьлі.
Такім жа чынам хуліганскім і Стэфку Маўчун туды адтранспартаваў. Ноччу, пачакаўшы, пакуль поўню хмара абдыме, на яблыню, зь яблыні на страху, са страхі на гарышча, з гарышча праз лаз да печкі. Маўчун назад вылез — а Стэфка са сваімі шпіёнскімі штукенцыямі там засталася.
Ужо тыдзень там сядзела, вяла здымку і другую шпіёнскую дзеяцельнасьць. Начальству перадавала праз свае научна-фантасьцічаскія прылады. А ўначы, завітаўшы да гусачкі шэрай і паабдымаўшыся зь ёй як апошні раз, Маўчун у Юзакаву хату прыходзіў, лез на страху, тоячыся, ды на гарышча, а там яго шпіёнка чакала... І яны размаўлялі: пра тое, як дзень прайшоў, ды пра тое, як у Стэфкі на радзіме людзі жывуць. І яшчэ пра ўсялякія розныя рэчы.
А ўдзень, ідучы ў школу міма Юзакавай хаты, Маўчун толькі мружыўся ды ў тэлефон на хаду носам тыцкаў — і ніхто з аднасяльчанаў ягоных нават западозрыць ня мог, што ён кожную ноч у той канфіскаванай хаце бывае, ды не адзін, а...
Тут, канешне, не бізунамі публічнымі патыхала. Калі Маўчуна раптам раскрыюць, па яго таксама машына вайсковая прыедзе. Толькі ўжо іншая. Такая чорная з залатым. Каго туды затаўкуць — таго імя ўжо ніхто ня ўспомніць. І бацьку ягонага ніхто ня ўспомніць. Але Маўчун не баяўся. Вось не баяўся чамусьці і ўсё тут. Мабыць, таму, што ня самым гэта жахлівым у жыцьці лічыў, што яго ўспамінаць будзе забаронена. Важней, каб у самога нешта ў памяці засталося. Важней, калі на твае пытаньні нехта нарэшце дасьць адказ. Важней, калі ў цябе ёсьць шэрая гусачка, добрая кніжка пра Нільса Хольгерсана і свой успамін пра тое, што некалі пабачыў на лясной паляне, за паваленым дрэвам схаваўшыся.