Таму Маўчун кожную ноч лазіў да Стэфкі, нікому нічога не казаў і толькі на вус накручваў, што яму шпіёнка расказвала. Пра далёкія гарады, ды пра чужых людзей, ды пра іхныя дзіўныя мовы, ды пра навуку жыць разам і нікога не ненавідзець.
А праз тыдзень ён атрымаў заданьне.
Сваё першае шпіёнскае заданьне.
“Раскажы мне пра гэтага вашага пана Какоўскага, — папрасіла Стэфка. — Па-мойму, з усіх ён найбольш цікавы”.
“Дык я ж расказваў, — незадаволена прашаптаў Маўчун, на якога падала праз шчыліну ў страсе халоднае сьвятло месяца, і ён думаў, што, магчыма, выглядае цяпер старэйшым у вачах Стэфкі. — Хворы ён. Мазгі прапіў”.
“Пра цябе таксама шмат што думаюць, — мякка запярэчыла Стэфка. — Але ніхто ня ведае, што ў цябе насамрэч у галаве”.
Гэта было праўдай. Маўчун пакрактаў, пацёр лоб, пачухаў нагу. І расказаў Стэфцы ўсё, што ведаў. Што знайшлі мужыкі гады тры таму пана Какоўскага ў лесе, думалі панда, а ж не: чалавек. Пан Какоўскі не супраціўляўся, але ісьці не хацеў, ногі па зямлі валачыліся, калі яго ў вёску цягнулі. Паліцай яму пад рэбры выпісаў разоў пяць, допыт зладзіў, але пан Какоўскі толькі пра сваю ашыбку цьвердзіў, ды пытаўся, какой год і как так вышла. Прыехала ў Белыя Росы чорная машына, унутры залатая, забрала пана Какоўскага, а праз тыдзень назад прывезла. Правялі ўласьці сьледзтвіе, экспертызу, дазнаніе, дапросы з прыстрасьціем — нічога не даведаліся новага. Прызналі бальным на галаву, які са сьпецбальніцы далёкай нейкім цудам уцёк у лясы. Думалі, шпіён — але які шпіён пройдзе сьледзтвіе з наілуччымі экспертамі і на сваім стаяць будзе? Бальной, рашыла гасударства і адправіла пана Какоўскага ў Белыя Росы, пасяліла ў хаце Ігната памерлага, пенсію па інваліднасьці дала — гуманнасьць праявіла. А пан Какоўскі з таго часу ні пра што іншае і гаварыць ня мог: толька ашыбка, какой год і “я ад вас уцяку”. Да ягоных уцёкаў усе звыклі. Нават біць перасталі. То салдаты, то Маўчун, то Касмачык, то іншыя падлеткі, дый дарослыя таксама заўжды знаходзілі пана Какоўскага ды вярталі на месца прапіскі. Ніхто ўжо і не зьдзіўляўся. У кожным калектыве заўжды ёсьць свая яліта-аэліта, свае пчолы-тружанікі, свая матка, свае трутні і свой бальной. Бажаволак бясьпечны, пакуль народ не баламуціць.
Стэфка ўсё гэта выслухала ды запісала. Маўчун паціснуў плячыма: больш расказваць няма чаго.
“Трэба мне зь ім кантакт наладзіць, — вырашыла Стэфка. — Зможаш нас пазнаёміць?”
“А ты мне Парыж паказаць абяцала”.
“Пакажу, калі пазнаёміш”.
Маўчун уздыхнуў.
“Паспрабую”.
Дамовіліся, што Маўчун пана Какоўскага ўначы ў Юзакаў сад прывядзе. Рызыка была, канешне. Але хто пана Какоўскага паслухае? Дый ведаў цяпер Маўчун, Стэфкай навучаны, чым пана Какоўскага завабіць і як яго саўдзельнікам зрабіць.
Увечары ў прызначаны дзень мілаваліся Маўчун ды шэрая гусачка, Маўчун хваляваўся — першае заданьне самае адказнае ды самае небясьпечнае. Гладзіў гусачку сваю шэрую па ладненькай шыйцы ды расказваў ёй шэптам:
“Дзень будзе пагодны, ня горача ды ня холадна, ня дождж і ня сьпёка, прыйду я да цябе апошні раз ды абдыму моцна-моцна, задрыжыш ты, нібы голая ў лесе стаіш пасярод паляны сонечнай, а я скажу ўсе словы, якія паложана па навуцы, і тады адчуеш ты, гусачка мая ненаглядная, як я раблюся ўсе меншы, ды меншы, ды меншы... Унтэрменшы, ды унтэрменшы, ды унтэр-унтэрменшы... А тады ўжо зусім малы, вось з тваю лапку ростам, абхаплю тваю шыйку, і ты разьбяжышся ды ў неба скочыш... І падымемся мы высока-высока, так, што нават Касмачова хата зробіцца памерам з мабілку, і паляцім з табой над стратэгічным лесам, ды над хатай старой шаптухі, ды над азёрнымі вачамі, што ў неба глядзяць, ды над усімі ваеннымі базамі, вышэй за верталёты... Паляцім на запад, туды, адкуль Стэфка, дзе Парыж, ды Бэрлін, ды Лёндан, ды Рым, ды Прага... Бо гэта ў школе няпраўду кажуць, што іх разбамбілі нашы, брахня, нашы салдаты мірныя, і бомбы ў іх, як цукеркі, і ў кожнага салдата анёл унутры жыве, белы... І курыць залатыя цыгаркі...”
Слухала гусачка, і бачыў Маўчун, што яна яму ня верыла. Але ён толькі ўсьміхаўся тужліва, шкадуючы птушку недалёкую, любую сваю. Надыдзе такі дзень — паверыш. Гусачка мая, ясачка, кісачка пералётная.