Паліцай дагнаў іх і зноў засьвяціў Маўчуну ў твар.
“Штота мне паказалась, какойта он странны сягоньня, — паліцай гаварыў ціха, пранікнёна, голас такі, нібы Маўчун яму быў родны чалавек. — Учыцель ваш — он, канешна, чалавек правераны. Толька вот што... Штота он там у сябе пішэт начамі. Табе не паказваў? Не дзяліўся? Не намякаў: зайдзі, мол, пачытай?.. Га?”
Маўчун падумаў, прыкінуў у галаве, што і як варта адказаць.
“Не, — прамовіў ён як мага больш спакойна. — Але...”
“Што але?”
“Можа быць, вы і правы... — замяўся Маўчун. — Штота он мне падміргваць стаў. Часта. Я думаў, так, нервы, а цяпер думаю, можа, намякаў...”
“Ага, — узрадавана сказаў паліцай. — Ты тожа замеціў? Ну, праверым. Праверым. Можа, і ложная трывога. Ты пака нікаму... Поняў? Не нада на чалавека безь віны гнаць. Праверым. Но ты пакляніся — як што заўважыш, адразу мне эсэмэску. Поняў, Маўчун?”
“Так точна”, — бадзёрым голасам адказаў Маўчун і яны нарэшце рушылі назад. Каб, перачакаўшы, ужо зусім іншай дарогай, праз поле, абысьці хуткім крокам вёску і зайсьці да саду Юзака зь іншага боку.
“Вось ён, — Маўчун кінуўся да Стэфкі. — Пан Какоўскі. То бок Міхаіл Антонавіч Жуковіч. А гэта...”
“Памагай божа, — Стэфка выйшла з-за яблыні, быццам нарадзілася толькі што з гэтага раскідзістага ценю. — Добры вечар, Міхаіл Антонавіч. Мы яшчэ ня ведаем, што з вамі адбылося, але вы — ахвяра і закладнік не зусім звычайных абставінаў. У нашых агульных інтарэсах...”
Было відаць, што яна хоча сказаць зусім іншыя словы. Але такія, відаць, былі інструкцыі.
Пан Какоўскі замёр, перапуджана прыхіліўшыся да сьцяны. Ягонага твару не было відаць. Стэфка і Маўчун пачулі толькі прыглушаны, па-сабачаму пагрозьлівы рык:
“Вазврашчаясь із паліклінікі па уліцэ Кісялёва, я... — прахрыпеў пан Какоўскі. — Дзевушка, дарагая, скажыце мне прама...”
Ён перастаў рыкаць і ўсхліпнуў:
“Какой цяпер год?”
“Дзьве тысячы сорак дзявяты, — цьвёрда адказала Стэфка. — Міхаіл Антонавіч, я...”
“Ашыбка вышла”, — заплакаў пан Какоўскі і ўпаў на калені.
Стэфка дастала шпрыц.
“Ты бяжы дамоў, я сама разьбяруся, — кінула яна Маўчуну. — Гэта загад. Заўтра ўсё патлумачу”.
Маўчун пакрыўджана глядзеў на яе, спрабуючы ўгадаць, як яна на яго зараз пазірае. Абыякава? Строга? Пяшчотна? Яе голас гучаў так роўна, так мэханічна, што ён упершыню падумаў: можа, яна ім проста карыстаецца? Можа, нічога такога паміж імі і няма?
“Маўчун, — сказала Стэфка гарачым, сур’ёзным, зусім не сваім шэптам. — Ты мусіш пайсьці. Так трэба для справы. Я абяцала табе пра Парыж? Заўтра будзе. А зараз ідзі”.
Маўчун павярнуўся і не азіраючыся пабег. Здалёк пабачыў сьпіну паліцая, прыкінуў, як лепш яе абмінуць — і вось ужо прабіраўся, намагаючыся не нарабіць шуму, у хату. Асьцярожна адчыніў дзьверы — і тут на вэрандзе запалілася сьвятло, у дзьвярах зьявіўся бацька, які быццам бы і ня спаў зусім.
“Дзе цябе чэрці носяць? — замахнуўся ён на Маўчуна. — Я табе што сказаў: каб да ночы дома быў... Ваша высокаблагародзіе, гэта сынок мой, ён па дзеўках бегае, што падзелаеш, возраст такой, гармоны іграют...”
І Маўчун з жахам пабачыў, як з-за сьпіны бацькі на вэранду выйшаў высокі ахвіцэр у белай форме, высокіх ботах, фуражцы з залатым арлом.
Афіцэр прыгнуўся, ступіў на скрыпучую падлогу вэранды. Вусны ягоныя былі тонкія-тонкія, і цыгарэта ў пальцах такая самая, тонкая, доўгая.
“Гэта маёр Лебедзь, — быццам няспынна кланяючыся, замармытаў бацька. — Наш высокі госьць. Толькі што прыехаў, будзе ў нас сьледзтвіе праводзіць. Па дзелу парашуціста. Пасколька месная паліцыя не спраўляецца. І ў нас пажыве. Ты ж знаеш, сын, у нас места столька, што на ўсіх хваціт. Солтыс яго высокаблагародзіе ў нас пасяліў, зараз паліцая... паліцэйскага нашага пайду шукаць, пазнакоміць, а ты высокаблагародзію пасьцель пасьцялі, угашчэніе, і штоб не маўчаў, кагда высокаблагародзіе спрашывает...”
Маёр Лебедзь усьміхнуўся кончыкамі вуснаў, разглядваючы перапуджанага Маўчуна.
“Сколько тебе лет?”
“Пятнаццаць пачці”, — буркнуў Маўчун.
“Тебя здесь все так и зовут: Молчюн?”
“Да”.
“Странно, — маёр закурыў і паставіў на зэдлік нагу. Ідэальна вычышчаны чорны бот блішчаў у сьвятле іхнай мутнаватай лямпачкі. — В Академіі меня называли точно так же. Но потом перестали. Знаешь, почему?”
Маўчун нічога не казаў. Уперыўся вачыма ў гэты бот і сьціснуў кулакі. Галава ягоная кружылася ад дыму тонкай цыгарэты.
“Потому что до конца учебы остался я один. Остальные сошли с дистанции”.
Маўчун не адрываючыся глядзеў, як высокі бот пад бездакорна белай калашыной ледзь бачна варушыцца, нібы ў ім, як у яйку, рыхтаваўся вылупіцца нехта, хто ведае пра Маўчуна ўсё, усё да апошняй тайнай драбніцы.