Выбрать главу

“Молчание — золото”, — сказаў маёр задуменна, зьняў з зэдліка нагу і выйшаў на двор. Маўчун чуў, як ён мочыцца ў траву. Над вёскай зноў узышла поўня. Маўчун стаяў, ня рухаючыся, на вэрандзе, пакуль цырчэньне ня сьціхла. Маёр зашпіліў прарэх і ціха завыў, крыху запракінуўшы галаву.

6.

Назаўтра Маўчун, глынуўшы малака і ўхапіўшы халодную бульбіну, ужо зьбіраўся бегчы ў школу — але маёр Лебедзь раптам вырас у пройме дзьвярэй і, усьміхаючыся тонкімі вуснамі, загарадзіў яму праход. Па твары маёра зусім нельга было сказаць, што ён усю ноч працаваў і лёг толькі на досьвітку — не, твар гэты, падобны да прыгожай крэманкі, быў чыста паголены і сьвежы, як у дзіцяці. Крышталёва-блакітныя вочы зазірнулі на самае дно Маўчуновай душы:

“Стой. Не спеши. Пойдем сейчас с тобой на работу. Нужна твоя помощь”.

Маўчун адхіснуўся, сьціснуў у руках кніжкі.

“Не магу я, вучыцель накажа, — прабурчэў ён змрочна. — Кантрольная сёньня”.

“С учителем мы разберемся, — усьміхнуўся маёр Лебедзь. — Дай сюда свой телефон”.

Маўчун смурна працягнуў ахвіцэру мабілку, маёр бязь цяжкасьцяў адшукаў нумар — і вось ужо ў трубцы быў чуваць лісьлівы голас настаўніка:

“Канешна, канешна, нікакіх вапросаў! Он спасобны мальчык, а для нашай школы эта агромная чэсьць!”

Праз хвіліну яны ўжо ішлі па вясковай вуліцы: Маўчун — згорбіўшыся, зьвесіўшы рукі, гледзячы пад ногі, на прамерзлую гразь, і сьляпуча-белы маёр, высока падняўшы нібы з мармуру вычасанае падбародзьдзе і зь цікавасьцю азіраючы навакольле.

“Что-то ты стоптался за ночь”, — пажартаваў маёр.

Маўчун толькі гмыкнуў. Хто яго ведае, што ў маёра на ўме. Але шутачкі шутачкамі, а настрой у маёра быў неблагі.

“Замечательный сегодня у нас с тобой день, Молчюн, — гаварыў маёр сваім прыемным, мужным, крыху грудным голасам. — Все работают, а мы с тобой по гостям. Обойдем тех, кто нам интересен, поговорим, послушаем... В глаза посмотрим. Такая у нас с тобой работа. Сначала с самыми умными надо встретиться — а дальше они подскажут, что делать. Не языком подскажут, так глазами, мимикой, жестами, намёком. Не захотят — а все равно подскажут. Люди молчать не умеют, тело всегда говорит, даже во сне. Запомни это. Твоя задача — рядом со мной стоять, моя — слушать и замечать, а их — говорить...”

Як ні дзіва, першым у іхным сьпісе быў паліцай. Маўчун думаў, што маёр зь ім уначы ўсё абмеркаваў, што паліцыя і маёр разам працуюць — але ж не: як яны з маёрам на двор да паліцая прыйшлі, той нехаця ў струнку выцягнуўся, а твар зрабіў такі, што Маўчун аж пашкадаваў дзядзьку. Ніколі ні перад кім яшчэ іхны паліцай так не выцягваўся.

“Значит, в деревне он, тупая ты башка, — хвосткімі, хуткімі, цяжкімі словамі адгукнуўся маёр, калі паліцай далажыў абстаноўку і расказаў пра ўсе свае стараньні, пошукі і начныя каравулы. — Кто у тебя под подозрением? Список ненадежных, быстро!”

“Ды как вам сказать, ваше высокаблагародзіе... — сумеўся паліцай. — Усе надзёжныя... Я ж каждага тут знаю как аблупленага... Разьве што...”

“Что разве что? Говорить разучился? Отвечай быстро, ясно, русским языком!”

“Ну вот учыцель наш месны... Штота не нравіцца он мне... Есьць у нем штота такое, сьлішкам... Ноччу пішэт штота ў хаце. Дапазна сідзіт. Не, даказацельств нет, беседу я с нім правёл, на дапрос вызываў. Гаваріт, цятраткі правярае, дамашнія заданія. Усе паказал, не к чэму прыдрацца. Но какойта скользкі он, мутны”.

Паліцай мармытаў, а маёр Лебедзь на Маўчуна паглядваў. Маўчун адвярнуўся, пачаў у носе калупацца. А калена дрыжыць, ды так, што ніяк не суняць. Як не Маўчунова яно, а чужое, з другога цела прылепленае. Такога зь ім не было яшчэ.

“Каждый дом проверил?”

“Кажды! Без ісключэнія! Каждае страеніе, у том чысьле нежылыя. І заброшэныя тожэ. В том чысьле канфіскованые. Хату прэдацеля Раманоўскага, ха­ту Юзака, хату Пятрышчанкі. Школу абыскал дважды. Ферму уверх дном. К сажаленію, безрызультатна”.

Маёр, не разьвітаўшыся, разьвярнуўся — і Маўчун, не абарочваючыся на застылага паліцая, патэпаў за гэтым велічным, сьляпуча белым прышэльцам зь іншага сьвету.

“Веди к солтысу”, — сказаў маёр рашуча, а сам усё быццам нешта ў галаве запісваў.

Солтыс накрыў для маёра стол, а як пабачыла салтысіха, што з дарагім госьцем Маўчун прыйшоў, дык яму пірага паклалі, ды нагу нечую тлустую, запечаную, з корачкай, дзеці ў Белых Росах за такую корачку пабіцца маглі, так яе любілі. Маёр абмачыў тонкія вусны самагонкай, закурыў сваю залатую цыгарку і загадаў гаварыць “по делу”.