“Как вам сказаць, ваша высокаблагародзіе... — вочы тоўстага солтыса былі такія чыстыя, такія шчырыя, нібы ён зь неба спусьціўся на хвілінку, праверыць, як тут безь яго аднасяльчане грэшныя маюцца. — У тот дзень многія ў лесе былі. Хто на панду хадзіў, на ахоту, хто па грыбкі позьнія, хто мусар на яму вазіў. Кажды пад падазрэніем можэт аказацца. Такая ана, судзьба. Чужая душа — пацёмкі. Я, канешна, за парадкам гляджу, усіх знаю, но, самі панімаеце, у чарапную каробку не залезеш...”
Маёр Лебедзь, здавалася, ня слухаў. Дый не глядзеў ён на заплылую пысу солтыса — а ўсё Маўчуна вачыма мацаў, і ўсьміхаўся, і мружыўся, і віўся над сталом прыгожы дымок, і падаў на падлогу мяккі лёгкі попел...
“Я вам вот што скажу... — насупіўся раптам солтыс. Аглянуўся, на салтысіху кулаком замахнуўся: “Выйдзі, Тацяна, у нас тут мужскія дзялы, пагаварыць з высокаблагародзіям нада!”
Салтысіха куляй выскачыла з кухні. Солтыс нахіліўся да стала, працягнуў рукі да ахвіцэра:
“Знаеце... Ані тут усе ўродзе і прылічныя, законапаслушныя людзі, нармальныя граждане. Есьлі пасматрэць днём... А как вечар. Я вам вот што скажу, эта маё мненіе. Хітрыя ані. Нікаму тут так штоб на сто працэнтаў верыць нельзя. Толька мне з супругай і дочкамі... Да вот ешчо мальчонка этат і ацец его, аднарукі, вот за ніх тожэ ручаюсь. Харошыя людзі. Вы, ваша высокаблагародзіе, правільна іх вычысьлілі, ані сваі, да мозга касьцей. Мальчонка этат, Малчун, он, канешна, малчыт, но эта у него ат ума і вернасці ідэалам. А астальныя... Даўно мечтаю, штоб прафесіянал, вот как вы, ацаніў іх опытным глазам...”
Маёр Лебедзь вачыма ў Маўчуна ўпіўся, не адпускае. Як кроў смокча. У Маўчуна камяк у горле захрас.
Далей пайшлі да зама па ідэалёгіі — але тая як пачала трындзець, усё як па-пісанаму, як у сяле ідзеалагічаская работа пастаўлена на шырокую ногу, дык маёр сам ня вытрымаў, Маўчуну загадаў уцякаць. Пападзьдзя да іхнага прыходу торт сьпякла, “Напалеон”, але маёр нават каштаваць ня стаў. У Касмача таксама стол чакаў — стары Касмач усё пад нос маёру фота сына свайго тыцкаў і біў сябе ў грудзі:
“Мой сын — зашчытнік Родзіны. На рубяжах пакой імперыі беражот. Быў бы ён тут, не случылась бы ў нашых Белых Росах дасаднае эта чэпэ. Паліцыя ў нас, прама скажам, не сработала как сьледует — а сын мой, пака ў армію не адправілі, іспалняў функцыю маладой дружыны. А этат мальчонка, Маўчун яго ў нас завуць, он с маім сынам дружыў, не разьлей вада проста былі. Скажы, Маўчун, ты ж нашу сям’ю знаеш? Мы ж да цябе як да роднага. Праўда? Малчун пацьвярдзіт. Вот, ківает, відзіце. Я б на вашым месцы, ваша высокаблагародзіе, да Какоўскага прыглядзеўся... Вот гдзе загадачны і падазрыцельны чалавек, он сам как шпіон, жане маей, дуры гэтай, он дажа раньшэ с парашутам сьніўся... А адзін раз дажа ў працівагазе... ”
Яны выйшлі з маёрам на адталую ўжо, бледна-жоўтую ад гразі вуліцу.
“Теперь ты у меня кое-что спросить должен, — усьміхнуўся Маўчуну маёр Лебедзь. — Посмотри на меня и спроси. Если умный, давно уже в голове твоей вихрастой вопрос вертется должен. Ну? Спрашивай!”
Маўчун падумаў. Спадылба паглядзеў на маёра. Загадка была даволі простая.
“А чаму ў вас форма ня гразная? Как была белая, так і асталась?” — спытаў ён глуха, чуючы, як дрыжыць голас. Насамрэч ён не пра гэта думаў, канешне. А пра тое, як бы хутчэй да шэрай гусачкі дабрацца. А там ужо, у цеплыні куратніка, можна і пра іншае падумаць. Пра тое, што з панам Какоўскім, ці жывы ён. І як гэта паліцай хату Юзака дасьледаваў — а Стэфку не знайшоў. Столькі загадак было — што ў Маўчуна галава разбалелася.
“Правільна, — ухваліў маёр Лебедзь. — Хлопцы вроде тебя должны замечать такие явления. Форма белая потому, что ткань специальным составом обработана. Враги — люді дикие, мистические, на них это действует — они везде грязь видеть хотят, и глазам своим не верят. Там, где должна грязь прицепится — белизна. Безукоризненная. Это врагов пугает. И они слабее делаются. Ну, ладно. Веди к этому вашему пану Каковскому. Посмотрим, что за он — и домой, отдыхать. Хорошо поработали сегодня, заслужили на печке поваляться”.
“А як жа вучыцель? — нерашуча прамовіў Маўчун. — К яму ж не хадзілі, а он...”
“Учитель нас не интересует, — засьмяяўся маёр Лебедзь. — Этот ваш полицай — идиот. И пошляк. А пошляки всегда людей пишущих и читающих ненавидят. Запомни. Империи нужны умные люди, образованные. Тонкие, наблюдательные. Поэтому без книги ты только и можешь, что полицаем деревенским стать. Знаешь, что триста лет назад Дени Дидро сказал? Кто перестает читать — перестает мыслить. А без мыслей ты кто? Американец. Или педераст. Голова человеку для того, чтобы видеть, слышать, думать и анализировать мир. Каждую минуту замечать то, чего другие не заметят. А не для того, чтобы к ней мобилку прикладывать, как компресс от безмозглости...”