Выбрать главу

“Што, Маўчун, маўчыш усё?”

“А табе што?” — агрызнуўся Маўчун, адчуваючы за сабой сілу. Ён цяпер памочнік ахвіцэра быў. Мусіла яна разумець: скажа Маўчун пару словаў маёру, дык ён ёй бізуноў прапіша.

“Думаеш, ты такі класны? — Любка хіхікнула. — Героем сябе шчытаеш. А ўжо калі ў зеркала гля­дзіш, дык дажа ня знаю, кім сябе прэдстаўляеш. Мабыць, Андреем Белогоровым?”

Андрей Белогоров — гэта такі актор быў. Усе дзеўкі па ім сохлі. У кожнай на тэлефоне ягонае фота было: красаўчык у форме Імператарскага флоту. З фільму “Мельбурн наш”. Маўчун пагардліва адсунуўся ад гэтай нахабнай каленкі.

“Ніякі ты не Андрей Белогоров, — ашчэрылася Любка. — А проста — Молчюн. Росту ў цібе ўсё меньшэ, а гонару ўсё большэ. Што, думаеш, раскажаш коекаму, і міня накажут? Дурак ты. Я ж тожа расказаць магу пра цібя коешто. Ня верыш?”

“Ды хто ж дзеўкам верыць”, — асцярожна сказаў Маўчун.

“А пацалуеш — не раскажу, — падсунула да яго кашчавае падбародзьдзе Любка і склала пульхныя вусны банцікам. — Пацалуеш, вось зараз жа — і я ж тады ўжо дзевушкай Малчюна буду, а дзевушка Малчюна малчаць далжна. Ой, у рыфму палучылась!”

Маўчун недаверліва сплюнуў і падняўся, паказ­ваючы ўсім сваім выглядам, што нават побач зь Любкай сядзець — ніжэй за ягоную годнасьць.

“Ну ладна, — паціснула плячыма Любка. — Што я, ня знаю? Усё пра цябе знаю, Маўчунок, усё...”

“Ну што ты ўжо знаеш?” — пагардліва працадзіў Маўчун.

“Знаю, што ты з гусямі заціскаешся... — загнула Любка палец з крывава-чырвоным лакам, густа намазаным на пазногаць. — Ну, гэта ўсе знаюць. Ад цябе куратнікам ваняе. І яшчэ нешта знаю...”

“Не знаеш ты нічога, дура”, — пачырванеў Маўчун.

“Знаю, напрымер, што ты начамі ў хату, дзе Юзак жыў, лазіш... А што ты там робіш? — Любка гульліва надзьмулася. — Хоць і гэта я знаю...”

“Брэшаш ты ўсё, — голас Маўчуна задрыжаў. — Ніхто табе не паверыць, бо няпраўда гэта. І пра гусей, і пра хату...”

“Ну ладна”, — пагадзілася лялька-Любка і зрабіла выгляд, што сыходзіць.

І тут Маўчуну зрабілася ясна, што трэба Любку затрымаць. Абавязкова затрымаць і, як бы ні хацелася, Любка цяпер для яго чалавек важны. Можа, нават больш важны за ўсіх.

У дадзены, так бы мовіць, момант.

“Пачакай”, — ён дакрануўся да яе таліі, і яна, быццам толькі і чакала, абвілася зьмяёй вакол ягонай рукі, прытулілася да Маўчуновай далоні сваім дарослым азадкам, вярнулася на лаўку.

“Ты не сьпяшы, — сказаў Маўчун. — Канешне, ты мне нравішся. Проста... Ну, боязна мне какта... Ды і Касмач... Раптам вернецца? І што людзі падумаюць?”

“Ой какіе мы трусішкі, — сказала Любка, шчыльней прыціскаючыся да яго пляча. — А Касмач сказаў бы, што з дуба на ўсіх насёр. І дзялоў”.

“Ну, я не Касмач, — буркнуў Маўчун. — У мяне другіе скорасьці. Дык што я, па-твойму, у Юзака раблю начамі? Хоць папярэджваю, хлусьня гэта. Пераблытала ты мяне з кімсьці”.

“Ну, што-што... Пацалуй спачатку...”

Маўчун няўмела тыцнуўся ёй вуснамі ў халодную шчаку.

“Ой, как рамантычна, — прапела Любка. — А яшчэ?”

“Давай пасьля школы ўстрэцімся, — па-змоўніцку прапанаваў Маўчун. — Назначаю табе сьвіданіе. Толькі скажы, што я там рабіў, у Юзака?”

“На сьвіданіі і раскажу”, — паабяцала Любка — і тут жа закалаціўся дурны званок.

Дамовіліся сустрэцца каля цэркаўкі, у восем. Ідучы дамоў міма Юзакавай хаты, Маўчун ня вытрымаў і адным хуткім позіркам абмацаў цёмныя вокны, страху, сад, падворак. Але нічога ня выдала там прысутнасьці жывога чалавека.

7.

“Глядзі, што мне яго высокаблагародзіе прэзэнтавалі, — бацька горда затрос кадыком і ўрачыста дастаў з-пад пахі яе — тонкую залатую цыгарку. — Бачыў такое?”

Маўчун міжволі пацягнуўся да маёравага прэзэнта — але бацька таргануў рукой, бліснуў сувора вачыма, і залатая цыгарка схавалася ў ягоным сінім шырокім пінжаку. Гэты пінжак яшчэ мама купляла, у аўталаўцы, што некалі раз на месяц завітвала ў Белыя Росы, і было ў той аўталаўцы ўсё, што душа пажадае. Шмоткі з самай Масквы, ды цыгаркі зь фільтрам, ды патроны да любой паляўнічай стрэльбы, футаралы для мабілак, а яшчэ флэшкі, ды скотч, ды віскі, ды часопісы смаленскія, хочаш, пра спэцназ, а хочаш, эроціка, але такая, што царквой нашай імперскай ухваленая.

А яшчэ тады, бацька расказваў, можна было ў аўталаўцы заказаць мэблю зь Петразаводзку — з самога заводу “Патрікея”, які нашы ў шведаў адбілі, у качэстве ваеннай дабычы. Раней ён па-другому зваўся, але як рускі стаў, дык палучыў наша, спрадвечнае славянскае найменьне. Некалі нашы людзі за ложкі ды таршэры “Патрыкеі” душу гатовы былі д’яблу прадаць, так расказвала зам па ідэалёгіі, але як завод рускі зрабіўся, дык цяпер кожны сабе пазволіць можа. Але аўталаўка даўно ўжо ў Белыя Росы ня езьдзіла — і ўсё крамнае, гарадзкое на верталёце скідвалі. Удобна: па інтэрнэце закажаш, празь месяц усё маеш, што ў інтэрнэт-магазіне выбраў. Што ні кажы, інтэрнэт зручнейшы за аўталаўку. І на тэлефоне ён ёсьць, і дома ў кожнага, хочаш: сірыялы глядзі, хоць да ўсрачкі, хочаш — каталогі разглядвай, пакуль у вачах не застракаціць. А хочаш — пімпачку цісні, і заказвай, што душа пажадае.