Можа, Любцы які падарунак па інтэрнэце заказаць, думаў трывожна Маўчун, прабіраючыся ўвечары да цэркаўкі.
Дзеўкі падарункі любяць.
Любцы дык дакладна падарунак язык прытрымае. Маўчун ведаў гэта — і ўсё ж пачуцьцё нейкай віны мучыла яго, не давала ўзяць сябе ў рукі і даць рады ўсім праблемам. А праблем рабілася ўсё больш. І ня Любка была вінаватая, што аброс ён імі, як лясны чалавек валасамі. А хто быў вінаваты?
Стэфка, канешне.
Маўчун зноў і зноў успамінаў, як пабачыў яе ўпершыню. І ўсе яе расказы неахвотныя. Пра той сьвет, якога, можа, і не існавала ніколі. Але ён верыў. Верыў і ніяк ня мог на ўсе свае пытаньні адказы знайсьці. Таму і давялося Любку за нос вадзіць. Недалёкую Любку з губкамі банцікам. Якая нічога яму не зрабіла — апрача таго, што выпадкова, чыста случайна ў жыцьці побач апынулася.
А што рабіць? Перажыве. Ну, не пад вянец жа зь ёй ісьці.
Цэркаўка ў Белых Росах была старая, пахілая, затое з пазалочаным купалам. Поп тым купалам дужа ганарыўся — сам праціраць лазіў увесну, а пападзьдзя ўнізе стаяла, лавіла, каб не зваліўся. Цэркаўка на водшыбе стаяла, а за ёй ужо ўзьлесак пачынаўся, у якім парачкі зь Белых Росаў атнашэнія завязвалі. Як стары Касмач казаў, дзіпламацічаскія. Там і ўмовіліся Маўчун ды Любка сустрэцца.
Поп расказваў, цэркаўцы гэтай, сьвятога Ўладзіміра, ужо гадоў пад дзьвесьце. Паўтара стагодзьдзя таму тут овашчы хранілі, патом клуб быў, а патом вабшчэ снасіць сабіралісь. Але ў эпоху рускай смуты зноў цэркаў адчынілі, яна на ўвесь раён адна была, ды толькі народ, які на цэркаўку грошы даваў, усё роўна паралельна з рэлігіознымі патрэбамі да бабкі-шаптухі ішоў, бо яно ж як: на бога спадзявайся, а сам не здавайся. Дык людзі і там, і там пасьпявалі — дзеля стапрацэнтнага рэзультата.
Дайшоў да цэркаўкі, перахрысьціўся, як поп у школе вучыў. І за агароджу, ды ў хмызы, туды, дзе вакол вогнішча цурбакоў навалена было. Месца намоленае — ён тут ня раз бываў, улюблёных ганяў. Тыя каханцы ў маскалі пайшлі, а дзеўкі ўсё пра салдатаў уздыхаюць. Адна Любка, каралева вёскі, сваіх жа хлопцаў чаруе.
Любка ўжо сядзела тут на скрыні з-пад піва, пацягнулася да яго, ледзь пабачыла. Маўчун сьлізгануў верхняй губой па яе банціку, нерашуча паклаў ёй руку на талію. Сеў побач, насупіўся.
“Ну, кажы”.
“Што?”
“Ну ты ж абяцала. Расказаць. Што я быццам бы ўначы ў хаце Юзака раблю. Давай. Я слухаю!”
Любка пакрыўджана адхіснулася ад яго, руку ягоную з таліі скінула. Ды адвесіла яму аплявуху.
“Ты чаго? Як дам зараз больна! — раззлаваўся Маўчун, паціраючы скулу. — Баба ты дурная!”
І тут ён заўважыў, што Любка сама ледзь ня плача. Вось жа чорт, вось жа халера на цябе, думаў ён ліхаманкава, адчуваючы да Любкі нешта дзіўнае — нібы гусачка ягоная шэрая Любку крылом захінула. Ад няёмкасьці ён пачаў пазногці грызьці.
“Гэта ты чаго? — зашыпела Любка. — Зусім мазгоў няма? У нас жа сьвіданія!”
“Ну ладна, Любка, прасьці, — Маўчун зноў яе абняў, яна паддалася, усё яшчэ дрыжучы ад гневу. — Я ж не навучаны, што там на сьвіданіях робяць”.
“Ты што, “Рускі Цітанік” не глядзеў?” — Любка вылупіла на яго вочы.
“Не”.
“Тады разам паглядзім... — Любка села да яго на калені. — Ну што ты як ёлупень. Спачатку трэба абняць, памаўчаць, потым за рукі падзяржацца, пасьля можна мне на каленку руку пакласьці, а я цябе па пальцах. Вось так!”
“Што ты ўсё мяне тэрарызуеш? — Маўчуну надакучыла гульня. — Ну ладна, вот, дзяржу”.
“Патом у любві прызнацца, патом пацалавацца, але ўжо ня так, а ўзасос, па-ўзросламу... — вучыла яго Любка. — Умееш?”
“Навучуся, калі раскажаш, што знаеш, — Маўчун зрабіў строгі твар, вусны сьцяў, каб былі тонкія, як у Лебедзя. — Зуба даю”.
“От жа хлопцы, адзін з дуба, другі зуба, — расчаравана прамовіла Любка. — Ну добра. Ты там у хаце Юзакавай голых жэншчын разглядваеш. У журнале. І зь імі гаворыш. Мне солтыса дачка па сакрэце сказала. Яна цябе бачыла. Усе вы, хлопцы, у вашым возрасьце такія. А ў Юзака такія журналы ёсьць, ён стары ізврашчэнец быў, гэта ўсе знаюць, толькі ніхто не прызнаецца. Бо хто ж у знаёмстве зь Юзакам прызнаецца... Вот раскажу, чым ты там займаешся, табе бізуноў і ў школе, і ад зама, і ад паліцая выпішуць!”