Выбрать главу

Пан Какоўскі спыніўся — і на твары ягоным хваравітым мільганула злоба, ды такая, што Маўчуну страшна зрабілася.

“Ты хто такой? — спытаў пан Какоўскі, спрабуючы адчапіць Маўчунову руку ад свайго рукава. — Застралю цябе! У міня пісталет!”

“Пане Какоўскі! — Маўчун яшчэ мацней учапіўся ў гэты сьмярдзючы, рваны рукаў. — Міхаіл Антонавіч! Скажыце, што вы ня ў нашую хату!”

“Вазврашчаясь із паліклінікі па уліцэ Кісялёва, я... — завёў пан Какоўскі, хаваючы вочы. — А какой цяпер год? Скажы мне, мальчык!”

Да іхнай з бацькам хаты, дзе жыў цяпер маёр Лебедзь, заставалася паўсотні крокаў.

“Міхаіл Антонавіч, — Маўчун ледзь ня плакаў. — Я ж ведаю. Не хадзіце туды. Вы ж яе пагу­біць рашылі. Падла вы, Міхаіл Антонавіч. Яна вас ад шызафрэніі вылечыла, яна на вас панадзеялась! Вы ж цяпер шанс маеце!”

Ён зьнясілена адпусьціў руку. Пан Какоўскі махнуў драным рукавом і дастаў свой бярозавы пісталет.

“Бах! — сказаў ён голасам чалавека, якому стала неінцярэсна. — Ты убіт”.

Маўчун стаяў перад ім, размазваючы па твары пякучыя сьлёзы.

“Ідзіце дамоў, га, Міхаіл Антонавіч! — умольна зашаптаў Маўчун азіраючыся. — Яна сказала, што ўсё будзе добра. Я яшчэ не на ўсе пытаньні адказы атрымаў! Будзьце вы чалавекам!”

Пан Какоўскі адвярнуўся.

“Вылечыла... — прамовіў ён злосна. — Супраць уласьці пайшла. Ня наша яна, Маўчун. Ня наша. Закінутая да нас ворагамі. Кажаш, чалавекам мне трэба быць? Я быў чалавекам! Жыві, кніжкі чытай, рабі, што хочаш. Усе толькі пасьмяюцца. Поўная свабода самавыражэнія. Харошая работа зь персьпекцівай кар’ернага росту, дружны калекціў, офіс у шагавай даступнасьці ад метро, то есьць ад сьпецраспрэдзеліцеля. Аплачваемы отпуск. Усе сацыяльныя гаранціі. Прэміі. Што, маўчыш?”

“Міхаіл Антонавіч! — Маўчун глытаў свае сьлёзы і азіраўся ў пошуках таго, хто спыніў бы гэтыя прызнаньні. — Не кажыце так!”

Пан Какоўскі нахіліўся да яго:

“Не казаць? Я добра жыў, лучшэ некатарых. Трудзіўся. Работа няпыльная. Слухай ды пішы, куды трэба. Раз на год. А яна мне: я вам дапамагу, мы тут разам усё памяняем, трэба толькі людзям вочы адплюшчыць! Я, канешна, падумаў, перад тым, як яе разаблачыць. Узнаць хацелася, сколька прэдложыт. А яна ўсё мне пра какую-та дземакрацію, пра запад, пра маніпуляцыі сазнаніем. Я і так сазнацельны!”

“Пане Какоўскі! Вы ня зможаце!”

“Не, Маўчун, — пан Какоўскі шмыгнуў носам і азірнуўся на хату: вэранда акурат асьвяцілася знутры цёплым і нейкім п’яным агнём лямпачкі. — Пайду і раскажу ўсё яго высокаблагародзію. Я законапаслушны. Мне за эта, можа, ордзен дадуць. І тады ні адна сабака тут мне ня ўказ будзе. Сам выціранам стану! Яшчэ і жонку прызна­чаць. А можа, і ў Маскву забяруць. Ацэняць талант. А цябе мы на катаргу адправім. Надакучыў ты мне, усё лезеш, ды яшчэ ворагам імперыі пасобнічаеш. Сядзеў бы, гусей сваіх цалаваў. Дык не, саблазьніла цібя амэрыка-яўропа. Малой ты яшчэ, пра геапалітыку думаць і супраць уласьці ісьці. Вешаць вас трэба, і цябе, і бацьку твайго разам з табой на адной асіне, за тое, што не ўсачыў, казёл аднарукі...”

І тады Маўчун кінуўся яму на шыю і ўчапіўся ў горла зубамі.

Мабыць, кожны, хто ў стратэгічным лесе на панду хадзіў, так змог бы.

Такое яно, жыцьцё ў стратэгічным лесе, на Западнай граніцы, на ўскраіне Вялікай зімы.

Цёплая кроў пырснула ў рот Маўчуну.

Ня думаў ён, што такі вялікі пан Какоўскі. Такі, што ўсё неба над Белымі Росамі засланіць можа. І што такі цяжкі, таксама ня думаў. Праз поле ў хату зацягнуць — сіл не было. Але Маўчун даў рады. І пляваць, калі хто пабачыць, думаў ён, цягнучы цела па халоднай зямлі бульбяніку. Падумаюць, напіўся пан Какоўскі. Бывае. Галоўнае, каб дапамагаць ня кінуліся.

Некалі, як хадзіў з панам Какоўскім у лес ды назад, каб ня надта пан Какоўскі далёка ўцёк, падавалася Маўчуну, што таго ўбогага пана можна на плячо закінуць ды аднесьці куды захочаш. А цяпер ці то пан Какоўскі падрос, ці то Маўчун і праўда ў зямлю родную нагамі так глыбока праваліўся.

Закапаў Маўчун торбу каля дарогі. Пачысьціў вопратку. Пасадзіў пана Какоўскага на кухні ягонай, не запальваючы сьвятло — і выйшаў, зачыніўшы за сабой дзьверы.

Бах.

Ты убіт.

***

“Ты дзе швэндаешся? — напусьціўся на яго бацька. — Цябе яго высокаблагародзіе дажыдаецца”.

Маўчун, адчуваючы, як ногі падкошваюцца ад стомы, пратупаў па хаце і ўпаў на канапу. Маёр Лебедзь, які сядзеў ля печы, занураны ў свой пляншэт, зьдзіўлена падняў галаву: