“Ничего себе. Вы здесь все такие со свиданий приходите? Ты ж на чучело похож. Чтоб помылся перед сном. Вы там чем со своей подругой занимались? Вагоны разгружали?”
Маўчун не адказваў. Яму хацелася аднаго — памерці. Але спачатку атрымаць адказы.
Хаця б адзін.
І ў роце ўсё яшчэ быў смак чужой крыві. Чалавечай. Маўчун некалькі разоў рот прапаласкаў вадой з калодзежа, сушанай мяты пажаваў, з жуйкі ўсе сокі выціснуў — а дзесьці каля паднябеньня, і за шчакой, і на языку ўсё роўна былі яны — сьвежыя пырскі, якія радасна абвалаклі рот.
“Иди сюда, — уладна сказаў маёр Лебедзь. — А ты, батяня, ступай на кухню, сыну чайку организуй и поужинать. Что-то он у тебя с каждым днем мельчает. Заморишь ты его, а он парень способный. Жаль будет расставаться”.
“Так точна”, — бацька кінуўся за дзьверы, загрымеў посудам: зь ім ён адной рукой горш абыходзіўся, чым зь цяжкай дубальтоўкай у лесе.
“Скажешь мне, что это? — маёр расклаў перад Маўчуном пакамечаныя аркушы, выдраныя са школьнага сшытка. — Или мне догадаться?”
Гэта былі малюнкі. Ягоныя малюнкі.
Солтыс у выглядзе жука, поп — як чорная шафа, паліцай — як грыб сухі неядомы, зам — як сьвежавыструганая труна, а Касмач — як блін каровін...
І Стэфка — як птушка чорная.
І маёр Лебедзь — як птушка белая.
І шэрая гусачка.
“Ты рисовал? — абыякавым голасам спытаў маёр і дастаў цыгарку. — Или это не твое, и мне показать это в школе?”
“Маё”, — аднымі вуснамі сказаў Маўчун, адчуваючы, як да горла падступае нудота.
“Фух, — маёр выцягнуў тонкую шыю. — А я уж думал, соврешь. Плохо я о тебе думал. Признаю. А рисунки замечательные. У тебя талант. Кто это на них? Вот это — кто?”
“Касмач, — сказаў Маўчун, асьмялеўшы. — Яго ў... армію забралі нядаўна”.
“А это?”
“А гэта... солтыс”.
“Похож. Урод, каких мало. А это? Постой. Дай угадаю. Это... Полицай?”
“Да”.
“А вот эта птица? Черная?”
“Эта падруга мая, — схлусіў Маўчун. — Я ад яе акурат прыйшоў. Толькі вы ёй не паказвайце”.
“Что ты, — адкінуўся маёр да печкі. — Мы ж с тобой мужики. Свои люди. Никому я ничего не покажу. Рисуй дальше. А пан Каковский здесь есть? Нету? Ну, черт с ним, с идиотом этим...”
“Можна, я спаць пайду?” — Маўчун адчуваў, што яго зараз званітуе. Ад белай формы, ад залатой цыгаркі, ад смаку ў роце.
“Пойдешь, когда я скажу, — маёр глянуў на яго сталёва-блакітнымі вачыма. — Смотри. Что это за язык? Что за слова? Ты раньше ничего подобного не видел? Может, бумажку какую-нибудь находил? Надписи на дереве?”
Маўчун, пагойдваючыся, узяў у рукі пляншэт.
Imatuzu donk mau sutika-vedoje, onk balbuzu nau u ottou-amglutima... donk tisonk onk sidonk...
“Ня бачыў я такога... Гэта мерыканскі язык?”
“Да нет... — маёр схаваў паперкі. — Сам ты американский. Учи языки, Молчюн. Учи. Тот, кто знает язык врага — уже на полпути к победе. Но сначала выучи русский. Как следует выучи. Без него ты никто. Понимаешь? Хорошо молчит тот, кто молчит по-русски. Ну все, все, ступай... Завтра у нас много дел”.
8.
Сярод ночы Маўчун раптам прачнуўся — нібы ачуняў на дне непраглядна-чорнай, сьлізкай, зьледзянелай па сьценах студні. Ён не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца, ён толькі што змагаўся з кімсьці агромністым, хрыпатым, зацягнутым у калючую скуру — і намагаўся скінуць гэтага кагосьці зь сябе, ды ня мог ужо больш супраціўляцца, разумеў, што гіне. Прабуджэньне прыйшло як паратунак, але палёгкі не прынесла: пачвара зьнікла, затое цяпер яго паглынала цемра. І ён ня ведаў, у які бок ісьці.
Вось была б гусачка шэрая зь ім. І тады можна было б разам узьняцца ў паветра, з галавой кінуцца ўгару, туды, дзе жыў пульс гэтай цемені, і паспрабаваць дастаць іншага дна.
Ён падумаў пра гусачку, яе цеплыню, яе зморшчаныя лапкі, якія так прыемна гладзіць пальцамі — як далоні восеньскіх дрэваў, калі стаіш адзін на ўзьлеску і глядзіш на захад сонца.
Маўчун намацаў каля падушкі тэлефон, экран засьвяціў у твар. Пяць раніцы. Каля дзьвярэй звыкла хроп бацька — быццам ушчуваў кагосьці. Выпіў і папракаў — ня слухаючы, зьбіваючыся, губляючы ніць, але вяртаючыся да сваёй крыўды зноў і зноў.
А за сьцяной, як ківач, усё стукалі і стукалі па масьнічынах боты маёра. І калі ён толькі сьпіць? Як ня падае з ног пасьля дзённай службы і хранічнага недасыпу? З раніцы маёр заўжды меў квітнеючы выгляд — нібы адпачываў на курорце. А што, падумаў Маўчун, чым не курорт іхныя Белыя Росы? Лес. Паветра. Ежа. Экалогія. Экзотыка. Усё сваё.
Лес. Паветра. Ежа. Экалогія. Экзотыка. І Стэфка, што хаваецца ў хаце, дзе Юзак жыў. Стэфка, якую прынёс заходні вецер. Стэфка, якую ён уратаваў коштам чужога жыцьця. Стэфка, якая нейкім цудам схавалася ад пошукаў паліцая і якую дагэтуль ня здолеў выкрыць нават сам маёр Лебедзь. Тая самая Стэфка, якая абяцала яму расказаць пра тое, чаго Маўчун ніколі ў жыцьці не пабачыць. Пра тое, дзе Стэфка бывала, дзе мёд-піва піла, кебабы ела, у гатэлях спала, вершы пісала, пад дождж пападала, каву піла.