Пра горад Парыж, Парыж-гаварыш? — Парыж-спарыш, Парыж-кыш-кыш.
Ды пра Бярлін-марлін, бярлін-курлін, бярлін-мурын.
Ды пра Вільню. Ды пра Лёндан. Ды пра Стакгольм.
Ды пра яго.
Пра Мінск-Хрустальный.
Пра Менск, які быў зусім блізка, за стратэгічным лесам. Руку працягні, і спаймаеш.
Калі Стэфцы верыць, усё гэта існуе, нікуды не падзелася, не згарэла і не разьвеяна над зямлёй попелам, а жыве ды пахне, ды сьмярдзіць заводамі, ды шаргоча кніжкамі, ды сьмеціць грашыма, ды крычыць дзікімі сьпевамі, ды эсбанамі ляскае, ды балбоча бальбутамі — мільёнамі галасоў.
І Маўчун зноў заплюшчыў вочы — і не разумеў ужо, дзе сон, а дзе ява.
А потым прыйшла раніца — сонечная, са зграйкамі вясёлых ценяў, што прабягалі па двары, з апошнімі пералётнымі птушкамі. Маўчун пацягнуўся соладка — сам ня верачы, што ўчорашні дзень скончыўся, і мінула ноч, а ён жывы ды здаровы, ды такі малады, што ўся зямля яму зайздросьціць. І пяткі не дастаюць да канца ложка.
Ён выйшаў на кухню і лоб у лоб сутыкнуўся з бацькам. Маёр сядзеў за сталом і піў каву. Ня іхную, вясковую, праз інтэрнэт заказаную, а нейкую сваю. Мабыць, ня горшую за Стэфчыну. А ў бляшанцы з-пад кількі блішчэлі залатыя недакуркі. Іначай пачала пахнуць іхная хата, калі маёр тут пасяліўся. Нібы яны з бацькам рабіліся тут пакрысе чужыя, а хата слухалася маёра Лебедзя — як пакорлівая жана.
“Доброе утро, — павітаўся маёр, як заўжды, у гуморы, падцягнуты, з ідэальна роўнай сьпінай і тонкай, зусім не салдафонскай шыяй. — Выспался? Это хорошо. Дел сегодня много. А мы тут з батяней твоим дичь обсуждаем... Дичь, Федя!..”
І маёр засьмяяўся.
“Знаешь эту шутку? Федя, дичь!”
“Я ня Федзя”, — сказаў Маўчун, наліваючы сабе халоднага малака.
“Не знаешь? — зьдзівіўся маёр Лебедзь. — Вся империя знает, а ты нет? Это еще от нашых прадедов пошло. Сейчас проверю, откуда точно эти слова... Вот. Вторая половина прошлого столетия. Бриллиантовая рука. Тогда, в довиртуальную эпоху, люді смотрели так называемые “кинофильмы”. Такой вид визуального искусства. И этот “кинофильм” был одним из самых популярных у русских людей. Он о шпионах и контрабандистах. Впрочем, я не любитель древностей...”
“Я тожа гдзета слышаў пра гэту дзіч, — ахвотна падхапіў бацька. — Можа, прабабка, калі я малы быў, расказвала... Дык ваша благародзіе, какую гуску падаць на ўжын? Белую жырную? Ілі, можэт, чорную?”
“Какая же это дичь! — сказаў маёр. — Дичь — это дикая птица. Лесная. Вы здесь на этих ваших пандах совсем подурели. Сами в дичь превратились, в человечью. Что, лень уже птицу пострелять в лесу? Это же одно удовольствие: в воскресенье, с утра пораньше, с ружьем... Перепела, глухари...”
“Перавяліся перапялы тыя... Но найдзём. Есьлі лясная, дзікая, дык ёсьць тут у нас адна... — задумаўся бацька. — Серая утка-гусь, ана ат сваіх атстала, кагда ані ў цёплыя края ляцелі. Бальная, наверна, а можа, кот які крыло абадраў, ілі панда напаў у цемнаце. Бывают такія случаі. Маўчун мой тую утку-гусь падабраў, выхадзіў, дык яна ў нас у куратніку з нармальнымі гусямі ды курамі жыве. Можам зажарыць вечарам, калі ваша высокаблагародзіе жэлает. Толька мяса ў яе сьпецыфічаскае...”
Маўчун з жахам глядзеў то на бацьку, то на маёра — але яны, здаецца, не заўважалі ягоных умольных позіркаў.
“Дичь живет в лесу, — павучальна сказаў маёр. — А не в курятнике. Тебе что, в башку твою тупую такая мысль не пришла? Дичь — от слова “дикий”! Ладно. Будем дальше свинину жрать. Если, конечно, это и правда свинина. Ты куда собрался, Молчюн?”
“Дык у школу”, — апусьціў галаву Маўчун, схапіўшы кніжкі.
“Нет, сегодня ты мне нужен, — строга прамовіў маёр Лебедзь. — Учителя предупрежу. А забуду — сам завтра скажешь, что со мной работал. Бросай книжки, пойдем, надо кое с кем повидаться”.
І яны зноў выйшлі на вуліцу разам з маёрам — Маўчун наперадзе, маёр крыху ззаду, пры поўным парадзе.
Яны прайшлі міма хаты Тэклі, міма Гаўрыленкавых, пабачылі, як бяжыць у школу малая Волька (вось жа ўсыпле ёй бізуноў настаўнік за спазьненьне!). Прамінулі хату Касмачоў. За сьпінамі засталася паліцыя. Вось і солтыса дом. Заблішчэла ўдалечыні цэркаўка. Прайшлі хату, дзе Любка з бацькамі жыла. Настаўнікаў палацык — насамрэч, канешне, звычайная хата, толькі на гарышчы настаўнік сабе гаўбечык зладзіў, таму і сталі на яе казаць: палацык...