Пхне ў галовы памяць,
Набівае жывёл і людзей
Нечым мяккім, сырым,
Незаўважным удзень.
У прыватнага сэктара — справы прыватныя.
У майго сабакі лапы ватныя.
Беласьнежны ў яго ў галаве паралён,
Па яго не прыедуць.
Ніколі.
І няхай там, на вуліцы, шэры фургон,
А ў фургоне злы дзядзька й жалезны загон,
Што з таго, што прыехалі сабакаловы.
Я ня веру ніводнаму вашаму слову.
Я заткну ўсе дзіркі ў сваёй галаве,
Я ў сьвежай зямлі закапаю цябе,
Дзе агрэставы куст, чым далей ад спакус,
Чым далей ад дзяцінства, у якім я ўгруз,
Чым далей ад Таёжнай, да лепшых часоў,
Гэта проста гульня. Не магіла, а схоў.
Yes I wanna be your dog,
Мой сабака сёньня здох.
III.
Нэан-
дэр-
тальскі
лес
1.
Лясоў усяго два.
Адзін андартальскі, а другі не.
Зусім не андартальскі. Неандартальскі.
Недзе паміж гэтымі лясамі, на беразе неба, чорнай парушынкай у блакітнай сьлязе і стаяла хата старой Бянігны.
Што да першага, андартальскага лесу, дык зь ім усё ясна. У ім мы ўсе і жывем. Людзі, птушкі, жывёлы розныя. Дзеці дурныя, драбяза паўзучая і кветкі дурманныя. У тым лесе азёры і рэкі, і пэнсія, якую ёй зь сяла прыносяць, і тэлебачаньне, першы канал. І машыны, што пакідаюць на падворку глыбокія каляіны, у якіх да самага лета не высыхае вада. І неба ў гэтых каляінах. Неба, такое няўлоўнае і неласкавае. Неба, якое п’юць куры і якое на сьвітанку туманіцца тонкім лёдам. Тут цябе ніхто не зачэпіць, а калі і зачэпіць, дык і бог зь ім, крыўда баліць, а цесната ня смыліць.
У другім, у не андартальскім лесе, усё іначай.
У тым другім лесе трэба ведаць сьцежкі. Цёмна там, цёпла і заўжды чырвона, як на пажары. Усе расьліны там пякучыя, як самая лютая крапіва, як быццам сама каралева крапіўная ладзіць там свой баль, там кожны крычыць, а слухаць нельга, бо тады і сама крычаць пачнеш і прападзеш на крывых дарожках. Трэба перад сабой глядзець, не азірацца і ісьці куды трэба, і ні з кім не гаварыць. Людзі там дзіўныя, костачкі смажаць на вугольлі, і кажуць маркотна так: гу-у-у... гу-у-у... Як інастранцы нейкія. У тым лесе доўга бавіцца нельга. Што прынесла, трэба пакласьці пад пень, пад поўню, пад пінжак, на траве пасьцелены, і сказаць хуценька: пайду ад пана, бо прыйшла зарана. І ісьці хутчэй дамоў, пакуль праход адкрыты.
У тым другім, не андартальскім лесе ніхто яшчэ не бываў. Няможна ім туды, хто ў нашым андартальскім лесе жыве. А ёй вось чамусь можна. Вусьцішна бывае, ды так, што абяцае сама сабе: не пайду больш, не пайду, не пайду — а яна ўсё роўна ідзе. Бо няма каму больш хадзіць. Бо людзі крычаць, бо дзеці плачуць, бо машыны едуць — адна за адной. Бо яна, Бянігна, на гэтых сьцежках свая, а іншым як пра такое раскажаш?
Вось яна і маўчыць.
Старая Бянігна не задумвалася, адкуль яна ўсё гэта ведае. Проста яна ведала, і ўсё тут. І хадзіла з аднаго лесу ў другі, калі была такая патрэба. Зусім як яе сястра, якая жыла далёка, у памежнай зоне, і кожную нядзелю хадзіла праз мост у заграніцу. Але сястру Бянігна даўно ня бачыла — трэба было б ёй пісьмо напісаць, але дзе тут напішаш. Чацьвёра вачэй, два свае, сінія-сінія, і два шкляныя. І, як на грэх, ніводнае добра ня бачыць. Нават калі б тэлевізар працаваў, дык і тое не паглядзіш як сьлед. Але паламаўся тэлевізар, а пачыніць няма каму.
Адна яна.
А лясоў два.
Бянігна была такая старая, што ніхто ўжо ня ведаў, адкуль яна ўзялася. А калі б даведаўся, дык не паверыў бы.
Цяжка было ўявіць, што яе нехта нарадзіў.
Прасьцей было вырашыць, што старую Бянігну аднойчы знайшлі ў краязнаўчым музэі, паміж жорнаў ды кроснаў. Знайшлі і пасялілі на краі лесу, удалечыні ад людзей. Ня ведаючы, што лясоў усяго два.
Бянігна была знаная шаптуха. Гарадзкія людзі ехалі да яе на сваіх машынах так хутка, быццам гэта было такое спаборніцтва. Быццам таму, хто прыедзе першы, Бянігна будзе шаптаць са зьніжкай. Часьцей за ўсё да яе сьпяшаліся ўвесну — калі адчай падступае да самых чалавечых горлаў, калі зімна і страшна робіцца ў андартальскім лесе, хоць ты вешайся. Некаторыя і вешаліся. Але большасьць скакалі ў свае машыны ды імчалі туды, дзе Бянігна жыла. Грукаліся ў яе хату і з надзеяй глядзелі ў старэчыя вочы.
І тады старая Бянігна брала ў чалавека лішняе і ішла ў неандартальскі лес.
Старая Бянігна за лячэньне грошай ня брала. І ні на кога не крыўдавала — ну, хіба часам на ката, калі таму раптам карцела дапамагчы ёй па гаспадарцы. Кот любіў скідваць на падлогу яе акуляры: выбраўшы момант, калі Бянігна ня бачыць, ён заскокваў на стол, цягнуўся да іх лапай — і акуляры ляцелі ў шэрую цемнату хаты, глыбокую, бяздонную, у такой можна знайсьці нават згубленую летась іголку, але ніколі тое, што трэба. А кот сядзеў на стале і зьдзіўлена пазіраў на яе, быццам яны ў яго самога з носа зваліліся.