Выбрать главу

“Каб цябе, Гофман!” — сварылася на ката старая Бя­нігна.

“Каб мяне”, — пагаджаўся кот і зноў браўся за сваё.

Таму акуляры ў яе былі ўсе патрэсканыя, як той лёд у каляінах. Але і на ката-нягодніка старая Бянігна ня так ужо й злавала. Хоць у пошуках вачэй даводзілася папоўзаць па падлозе і потым доўга, бясконца доўга разгінаць сьпіну — і кожнага разу ёй здавалася, што больш сьпіна ўжо ня выпрастаецца, і Бянігна зробіцца проста старым высахлым колам, якое ўжо зусім хутка дакоціцца да сенцаў і застанецца стаяць там на вякі вечныя.

На вякі вечныя.

Калі Бянігна ўпершыню адчула, што можа зрабіцца драўляным колам, яна перастала крыўдаваць на сьвет. На лёс, на жывёл, на расьліны, на ўладу. На дзяцей, якія самі ня ведаюць, што кажуць. А дзяцей ёй прывозілі часта.

Вось, напрыклад, нядаўна.

“Дядя, дядя, а ты правда африканский раб с план­таций?”

“Да что ты несешь такое, я же тебе говорила, это старая женщина, бабушка. Можно, он будет называть вас «бабушка?»”

“Мам, но она правда на негра похожа, которого замучили”.

“Заткнись! Сколько раз тебе говорить, заткнись! Башка твоя стоеросовая. Вы не обращайте внимания, просто у него...”

“Я не буду ее бабушкой называть! Моя бабушка в Минске осталась! А она не бабушка никакая, а негр! Негр, негр, негритос!”

Хлопчык пляскаецца на зямлю, тварам у лужыну, матляе галавой і пачынае пускаць бурбалкі. Яна цягне яго за шкірку, за валасы, за шыю, і вось ён зноў стаіць на нагах, брудны, шчасьлівы і страшны, як вырваны зь зямлі караняплод, і не перастае крычаць.

“Негр, негр, негрытос,

Не грызі сябе за нос”, —

з гатовасьцю адгукаецца рэха.

Маці адпускае яго, хоча ўдарыць па галаве, заносіць далонь, але стрымліваецца. Толькі сьціскае ягоную тонкую руку і глядзіць на старую Бянігну бездапаможна і зь нянавісьцю. Хлопчык нечакана замаўкае.

“Помогите нам, бабушка,” — кажа жанчына, але Бянігна чуе іншы голас. Ейны, але іншы. Нутраны, сапраўдны, заціснуты ў жываце.

Ну лячы яго ўжо, лячы давай, калі ўзялася, калі пра цябе такая слава ходзіць, чуе Бянігна. Лячы! У сумцы ў жанчыны пачынае званіць тэлефон, але рэха маўчыць, так і не прыдумаўшы рыфмы. Лячы яго, айбаліціха ты старая, ведзьма ты засохлая, бабка-божы дзьмухавец, што ты стаіш, вылечы яго, бо я ўжо больш не магу, я яго прыб’ю сёньня, задушу, у ваньне ўтаплю, а потым сама засілюся. А лепш нап’юся. Я нап’юся. Каша манная, буду п’яная, будзе ванная, буду вінная.

Бянігна ўсьміхнулася спадылба, ды так вусьцішна, што ў вачах у хлопчыка бліснулі сьлёзы. Як раса на травінцы. Яна ўзяла яго за руку — скура курыная, халодная, пупырчатая, такую б цёплай крывёй намазаць, сагрэць сваім часнычным дотыкам. Зімна, зімна ў андартальскім лесе ў сакавіку.

Бянігна не сказала нічога, апусьціла галаву, павяла хлопчыка ў сваю каморку за печкай. Ма­ці парывіста ўздыхнула і выцягнула цыгарэту. Гофман асуджальна глядзеў, як яна зацягваецца, закашліваецца, захутваецца — і яна нэрвова пстрыкнула на яго пальцам, страсаючы попел.

Хлопчык паслухмяна ступаў поруч, зазіраючы Бянігне ў твар.

Чорны, у старэчых пупырчынах, сьпечаны, як чыгунная патэльня, твар — таўстагубы, з курчастымі сівымі валасамі на падбародзьдзі і маленькімі сырымі жаўткамі вачэй, у якіх плавалі сінія зрэнкі. Бянігна была ніжэйшая за хлопчыка ростам, а ён усё роўна яе баяўся. Нікому ня хочацца ісьці зь ёй ў неандартальскі лес. Ды яна і не бярэ. Бо ня пусьцяць. Нават зь ёй ня пусьцяць.

У каморцы яна паставіла яго перад сабой і пачала распранаць. Разьвязала шалік, зьняла шапку, расшпіліла дрогкімі рукамі куртку. Яна заўжды разьдзявала людзей сама, бо ў складках сваёй адзежы яны ўвесь час хавалі штосьці. Рукі Бяніг­ніны працавалі спрытна, як быццам яна бульбу перабірала. Ды ён і праўда быў нібыта зроблены зь цёплай бульбы, гэты малец. Неўзабаве хлопчык стаяў перад ёй голы, адвярнуўшыся да печкі і моцна заплюшчыўшы вочы, ды так, што ажно вусны сабе пракусіў. Цела ягонае дрыжэла, як ад высокай цімпіратуры. Яна ўважліва разгледзелася па гэтым целе, шукаючы, што ён прынёс лішняе. Знайшла, паклала ў адну далонь, другой накрыла, перакуліла, сьціснула асьцярожна, зірнула мальцу ў вочы.

“Ты пастой тут, — прашаптала Бянігна аднымі вуснамі. — Не хадзі нікуды, чуеш, пастой, я быстра, туды і назад”.

Хлопчык нічога не пачуў. Яму падалося, што на яго ветрам падзьмула. Сухім, гарачым, як з сушылкі ў прыбіральні дзіцячага кафэ.