Выбрать главу

Дый ката шкада. Дурны той Гофман, але шкада. Яна б яго ў неандартальскі лес з сабой узяла, хай бы ля ног сядзеў, грэўся, костачкі грыз-трушчыў. Няможна ёй у андартальскім лесе паміраць, ніяк нельга, запрэшчано ёй, а кім — якая розьніца?

Мабыць, ёсьць недзе нейкі мужчына, разумны такі ўвесь, прэдставіцельны, які ёй некалі сказаў: ты, Бянігна, адна можаш у неандартальскі лес хадзіць. Вось і хадзі. Бо каго яшчэ туды пусьцяць? А паміраць табе запрэшчаю. На цябе ўвесь калектыў надзеецца. Увесь чалавечы калектыў. Вялікі і надта неспакойны калектыў, які ў андартальскім лесе жыве.

Той важны мужчына Бянігны мо ніколі й ня бачыў. Але ведаў, што ёсьць такая жанчына, што жыве каля лесу, на самым беразе неба. Ён усё ведае, у яго работа такая. Як яго завуць? Можа, і бог. А можа, і Канстанцін які-небудзь Сямёнавіч. Ня ведала Бянігна пра бога дакладна, як і што зь ім. А пра лясы ведала. Што іх усяго два.

Адзін андартальскі.

А другі не.

У самой Бянігны мужоў было тры.

Першы блізка ляжыць, з хаты выйдзі — і пабачыш. Вунь там, пад кустом парэчкавым, які ўжо колькі год сам сабе расьце, спачываюць у зямлі ягоныя белыя костачкі. Першы муж на Бянігну зь неба зваліўся. Зваліўся, калі яна яшчэ маладая была, калі яшчэ сама ведала дый людзі зналі, у які год Бянігна нарадзілася і ад каго. Цяпер Бянігна ўжо і сама не магла сказаць, праўда гэта ці казка, але аднекуль наплывала на яе, бы травеньская аблачынка, такая гісторыя.

Неяк надвячоркам, многа, многа год таму, зьявіўся над лесам, там, дзе сьцежка ад яе хаты ў цёмны лес вядзе, самы сапраўдны ангел. Яна толькі і правяла яго вачыма — бо апусьціўся той ангел проста ў гушчар, і зьнік, як і не было. А ўначы пагрукаўся ў хату хлопец, увесь лесам перамазаны, так андартальскі лес робіць, калі пасьмяяцца хоча. А за хлопцам тым белыя крылы, рваныя, крамныя, гразныя, а на баку дзірка крывавая. Увайшоў і зваліўся проста пад лаву. І столькі ў яго на целе маладым лішняга было, што Бянігна, сама яшчэ не разумеючы, што робіць, паклала яго ля печы, а сама ў неандартальскі лес сьпехам рушыла, лішняе аддаць, на пень пакласьці.

Так ён і застаўся ў яе. Звалі яе першага мужа Парашуціст. Бянігне ягонае імя падабалася, шумела, як лес, і пара цёплая ішла ад гэтага імені. Хоць і цяжка было яго спачатку вымавіць, але яна навучылася, здольная дзеўка была, дый хто ў неандартальскі лес ходзіць, той інастранныя языкі быстра вучыць. Аднесла яна лішняе, вярнулася — і ясна ёй стала, што нікуды хлопец гэты ісьці ад яе не зьбіраецца. Ноч прайшла, а на раніцу павянчаліся яны ў возеры, наваліўся на яе ангел, прыціснуў у пясочак на беразе, а яна ўсё цярпела і думала: які ж ты лёгкі быў, калі над лесам ляцеў, і які ў цябе парашут быў белы — як воблака, што ад чарады адбілася і ў вершалінах лясных заблукала. А цяпер ты такі цяжкі, быў бы такі ў небе цяжэзны, дык разьбіўся б насьмерць, і валасы ў цябе на грудзях колюцца, колюцца, зь зямлі ты зроблены, зь зямлі, на якой андартальскі лес стаіць. Думала Бянігна ўпотай, калі зь ім да возера ішла, што з Парашуцістам можна будзе ў неандартальскі лес разам хадзіць, усё ж мужчына, спакайней неяк і надзейней, але дзе там: калі прыціснуў ён Бянігну і неяк адразу ў ёй увесь аказаўся, такі малы ўвесь і такі вялікі, ясна ёй зрабілася: ня пусьцяць такога ў неандартальскі лес, ня з тых ён, яе Парашуціст, андартальскі ён, з тых, хто лішняе на сябе чапляе.

Першы муж Бянігнін, Парашуціст той, усё любіў ёй пра Беларусь расказваць. Якая яна бедная, Беларусь тая, і якая няшчасная, і так расказваў, што Бянігне ажно самой шкада рабілася: ну што ж такое, як жа ж гэта такой бяздольнай быць, за што ж яе так, Беларусь тую, пакаралі. Калі б магла, яна б тую Беларусь разьдзела б, і маладым часныком скуры сваёй сагрэла, і нацерла б і па месцах запаветных агледзела, і лішняе б забрала, а тады ў неандартальскі лес аднесла. Вярнулася б, мо і палягчала б Беларусі гэтай убогай, мо і перастаў бы Парашуціст так убівацца. Але як ты ў Беларусі лішняе забярэш, калі Парашуціст адзін да Бянігны жыць прыйшоў, а пра Беларусь толькі расказвае.

Першы муж Бянігне ўсё пра сябе расказаў, а калі што і ўтаіў, дык ня мае яна на яго зла, ніхто, у андартальскім лесе жывучы, не абавязаны ўсяго пра сябе расказваць. У андартальскім лесе і так холадна, непрыветна, злосна, а прызнаешся ўсім, дык можна і зусім акалець ад жорсткасьці і бяды. Яго з-за граніцы сюды заслалі, расказваў Парашуціст, каб ён людзей баламуціў, супраць уласьці савецкай. А заслалі яго мэрыканцы, не з Амэрыкі, праўда, а зь Нямеччыны, пасадзілі на самалёт ноччу і скінулі над лесам. Далі яму рацыю, пісталет і дакумант фальшывы, і сказалі, каб ён Беларусь супраць уласьці падымаў.